Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайская Адысэя

«Насамрэч суадносіны паміж аўтарам і чытачом заўсёды зьяўляюцца духоўнай сувязьзю, і ім няма патрэбы ні сустракацца, ні падтрымліваць грамадзкія зносіны — гэтая сувязь падтрымліваецца праз твор. Літаратура застаецца неад’емнай формай чалавечай актыўнасьці, у якой як чытач, так і аўтар удзельнічаюць з уласнай волі. Такім чынам, літаратура ня мае ніякіх абавязаньняў перад масамі».

Гэтая цытата (з маім вылучэньнем курсівам) паходзіць з нобэлеўскай лекцыі ляўрэата ў галіне літаратуры. Калі не сказаць нічога болей, дык хутчэй за ўсё падумаем, што маецца на ўвазе нейкі заходні пісьменьнік, постмадэрніст або, у лепшым выпадку, мадэрніст. Цытата абараняе пісьменьніцкую прыватнасьць і адназначна выказваецца ў карысьць творчага індывідуалізму. Гэта, так бы мовіць, дакладна супрацьлеглае таму, што нам асацыюецца з Кітаем і яго культурай. А аўтарам гэтай цытаты зьяўляецца якраз кітайскі пісьменьнік, Гао Сінцзянь, які атрымаў Нобэля ў 2000 годзе.

Гао Сінцзянь

Гао Сінцзянь

Гао Сінцзяню давялося заплаціць вельмі высокую цану, каб адстаяць сваю творчую свабоду. У 1988 годзе ён быў вымушаны патаемна пакінуць Кітай і пасяліцца ў Францыі. У 1990 годзе, на Тайвані, выходзіць яго найбольш вядомы раман — «Гара душы» — над якім ён працаваў, зь перапынкамі, восем папярэдніх гадоў. Другі вядомы раман — «Біблія самотнага чалавека» — выйшаў у 1998. На той час ягоныя абсурдысцкія п’есы ў духу Сэмюэла Бэкета — Гао Сінцзянь вядомы ў сьвеце перш за ўсё як драматург — ставіліся ў шмат якіх тэатрах Заходняй Эўропы. У 2000 годзе, як грамадзянін Францыі, Гао Сінцзянь атрымаў Нобэлеўскую літаратурную прэмію за «творы сусьветнага значэньня, пазначаныя горыччу за становішча чалавека ў сучасным сьвеце». Кітайскія СМІ цалкам прамаўчалі гэтую нобэлеўскую падзею, наогул не палічыўшы гэтага палітычнага ўцекача кітайскім пісьменьнікам.

Гао Сінцзянь нарадзіўся ў 1940 годзе; закончыў факультэт замежных моваў па спэцыяльнасьці француская мова; працаваў перакладчыкам у міжнароднай кніжнай краме ў Пэкіне; у 1970 годзе актывісты «культурнай рэвалюцыі» паслалі яго на 5 гадоў «на перавыхаваньне» працай на вёсцы. У 1960-1970 гг., імкнучыся выказаць сябе, ён напісаў некалькі сотняў твораў у прозе, п’есаў і паэмаў, хоць дакладна ведаў, што з увагі на палітычную сытуацыю ў краіне іх ніколі не апублікуюць. Захоўваць іх падчас разгулу «культурнай рэвалюцыі» ў Кітаі было небясьпечна, і ён усе гэтыя творы спаліў. Публікавацца ў часопісах пачаў у пачатку 1980-х, калі «культурная рэвалюцыя» і «перагібы» Мао Цэ Дуна дачакаліся афіцыйнага асуджэньня з боку Камуністычнай партыі. У 1986 годзе, пасьля забароны адной сваёй п’есы, пісьменьнік зразумеў, што ў Пэкіне яму месца няма. Каб пазьбегчы арышту, Гао Сінцзянь пусьціўся ў шматмесячнае пешае падарожжа па кітайскай правінцыі. Убачанае і пачутае падчас гэтага падарожжа ён па-мастацку выкарыстаў у сваім рамане «Гара душы».

«Гара душы» — надзвычай прыгожае эпічнае палатно, яно паказвае пошук ідэнтычнасьці героем, у якога дыягназавалі рак лёгкіх (такі дыягназ, на шчасьце фальшывы, некалі паставілі пісьменьніку), і ён пастанаўляе перад меркаванай сьмерцю «пайсьці ў людзі», дазнацца, дзеля чаго жывуць яны і дзеля чаго нарадзіўся ён... Болей не скажу. Калі хочаце прачытаць, так бы мовіць, Літаратуру зь вялікай літары, кітайскага «Ўліса» або нешта такога фармату, знайдзіце нейкі пераклад «Гары душы» Гао Сінцзяня і пачытайце. У мяне — чэскі пераклад, вельмі добры...

«Калі ваша пісаньне ня служыць здабываньню сродкаў для існаваньня, калі вы пагружаныя ў сваё пісаньне да такой ступені, што вы забываецеся, чаму вы пішаце і для каго вы пішаце, яно робіцца для вас неабходным, вы пішаце машынальна і нараджаеце літаратуру. Якраз гэты аспэкт бескарыснасьці зьяўляецца асноўным для літаратуры» — сказаў Гао Сінцзянь у сваёй лекцыі ў Стакгольме.

Пад такім літаратурным маніфэстам я, як чытач, падпісваюся абедзьвюма рукамі.

«Вялікія цыцкі, шырокія клубы»

Калі ў 2012 годзе Нобэлеўскі камітэт заявіў, што прэмія ў галіне літаратуры прысуджана кітайскаму пісьменьніку Мо Яню, прэсавы орган Камуністычнай партыі Кітаю напісаў: «Нашы віншаваньні Мо Яню! Упершыню пісьменьнік кітайскага паходжаньня атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Сёньня той дзень, якога даўжэй чым трэба чакалі кітайскія пісьменьнікі і даўжэй чым трэба чакаў кітайскі народ». Як я ўжо казаў, Гао Сінцзянь для кітайскіх уладаў не існуе...

Мо Янь

Мо Янь

Мо Янь (гэта літаратурны псэўданім, які значыць па-кітайску: «не гавары», «маўчы») нарадзіўся ў 1955 годзе на вёсцы. Калі яму было 11 гадоў і пачалася «культурная рэвалюцыя», яго «выпісалі» са школы і паслалі працаваць у калгас.

«Мая маці была непісьменная, але вельмі паважала адукаваных людзей. Мы жылі вельмі бедна, часта ня ведалі, ці назаўтра будзем мець што есьці, але кожны раз, калі я яе прасіў, каб яна купіла мне кніжку або пісьмовыя прыборы, яна заўсёды ішла мне насустрач. Яна была працавітая і не любіла, калі яе дзеці гультаявалі, але ніколі мяне ня ўдарыла за тое, што праз сваё чытаньне я не зрабіў нейкай працы» — распавядаў у сваёй нобэлеўскай лекцыі Мо Янь.

У 1976 годзе, ратуючыся ад непасільнай працы і ад голаду, ён уступіў у армію. Там пачаў пісаць. Перад арміяй ён шмат чытаў, але выключна літаратуру сацрэалістычнага накірунку, бо ўсю іншую «культурная рэвалюцыя» забараніла і выкрасьліла з культурнай спадчыны кітайцаў.

Пасьля 1976 году ў Кітаі пачалі зьяўляцца пераклады замежнай літаратуры. Мо Янь у сваёй нобэлеўскай лекцыі адзначаў, што найбольшы ўплыў на ягоную творчасьць мелі амэрыканец Уільям Фолкнэр і калюмбіец Габрыэль Гарсія Маркес.

Армія дазволіла Мо Яню закончыць вайсковую мастацкую школу і потым атрымаць тытул магістра літаратуры і мастацтва у адным з унівэрсытэтаў у Пэкіне. З арміі ў адстаўку Мо Янь пайшоў у 1997 годзе, ужо як адзін з найбольш вядомых пісьменьнікаў у Кітаі.

Мо Янь вядомы чытачам перш за ўсё як раманіст. У 1997 годзе выйшаў, мабыць, найбольш дасканалы і найбольш характэрны для ягонага таленту раман пад назвай «Вялікія цыцкі, шырокія клубы». Кніга распавядае пра жыцьцё кітайскай вёскі ад японскай акупацыі падчас Другой сусьветнай вайны да пачтку 1990-х. У цэнтры раману стаіць сэксуальна магутная жанчына, сымбаль кітайскай пладавітасьці, якая нараджае восем дачок да таго, як прывесьці на сьвет пажаданага мужчынскага нашчадка. Раман, напісаны незвычайна сакавітай мовай (так і хочацца сказаць — раблезіянскай), якраз і аб’ядноўвае грубы рэалізм кітайскага народнага жыцьця з казкай і фантазіяй. Родная вёска і ваколіца для Мо Яня стала велічным сымбалем ягонага сьвету, ня менш значным і ўражальным, чым фолкнэраўская Ёкнапатофу або маркесаўскае «магічна-рэалістычнае» Маконда.

«У „Вялікіх цыцках, шырокіх клубах“ я без аніякіх абмежаваньняў скарыстаў тое, што мая маці насамрэч перажыла, але ейныя эмацыянальныя перажываньні або цалкам мною выдуманыя, або натхняюцца жыцьцём іншых маці у маім Паўночна-ўсходнім сельсавеце. Раман мае прысьвячэньне „душы маёй маці на небе“, але насамрэч гэтую кнігу я прысьвячаю ўсім маці на сьвеце, гэта мая нязьдзейсьненая амбіцыя, я хачу наш малюпасенькі Паўночна-ўсходні сельсавет у раёне Као-мі апісаць як паменшаны вобраз Кітаю або і цэлага сьвету» — сказаў у Стакгольме Мо Янь.

Кнігу «Вялікія цыцкі, шырокія клубы» на чэскую мову пераклаў той самы перакладчык, што і кнігу Гао Сінцзяна «Гара душы» — Дэніс Молчанаў. Тут, скажу вам, чэхам з гэтым перакладчыкам моцна пашанцавала. Вось я мару, каб дажыць таго часу, калі БДУ ў Менску нарэшце навучыць кітайскай і беларускай мовам хоць аднаго чалавека, які быў бы ў змозе перакласьці «Гару душы» і «Вялікія цыцкі, шырокія клубы» хоць напалову так добра, як згаданы мною чэх на чэскую... Тады і кітаізацыя Беларусі, якую прадказвае Віктар Марціновіч у сваім апошнім рамане, будзе нястрашнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG