Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У другі тур прэзыдэнцкіх выбараў выйшаў Анджэй Дуда (34,5%) і Браніслаў Камароўскі (33,1%). Але найбольш цікавы трэці.

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 10 траўня ў Польшчы апытаньні паказвалі, што ў першым туры ніводзін з 11 кандыдатаў не набярэ болей чым 50% галасоў і што спатрэбіцца другі тур праз два тыдні.

Як кандыдатаў у другі тур, усе сацыялягічныя службы бачылі дзейнага прэзыдэнта Браніслава Камароўскага і ягонага апанэнта ад Права і справядлівасьці, Анджэя Дуду. Так яно і здарылася, хоць немалой неспадзяванкай было тое, што Дуда абышоў Камароўскага. Усе перадвыбарчыя апытаньні паказвалі на Камароўскага як на выразнага пераможцу першага туру.

Паводле ўдакладненага экзіт-полу, Дуда набраў 34,5% галасоў, Камароўскі — 33,1%. Але гэта не сэнсацыя, як камэнтаваў шмат хто ў пасьлявыбарчы вечар; гэта ўсяго неспадзяванка.


Сюрпрыз Кукіза


Сапраўднай сэнсацыяй аказаўся вынік незалежнага кандыдата, 51-гадовага Паўла Кукіза, у мінулым вядомага ў краіне рок-музыканта, які апошнім часам заняўся грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Кукіз узяў 20,5% галасоў, і гэты вынік, як мінімум, дае яму падставу, каб паспрабаваць збудаваць уласную палітычную сілу ў краіне перад парлямэнцкімі выбарамі сёлетняй восеньню.

Павал Кукіз

Павал Кукіз

Раней Павал Кукіз падтрымліваў Грамадзянскую плятформу, зь якой выводзіцца Браніслаў Камароўскі, але ў прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году ён падтрымаў незалежнага кандыдата, а ў сёлетніх паставіў сваю кандыдатуру. Як лічаць некаторыя польскія сацыёлягі, за Кукіза галасаваў у большасьці ранейшы электарат Грамадзянскай плятформы, незадаволены тым, як гэтая партыя кіруе Польшчай ад 2007 году.


Выбарчая праграма Паўла Кукіза была даволі папулісцкая. Асноўны выбарчы лёзунг гэтага кандыдата: «Мы, грамадзяне, павінны вярнуць сабе рэальны ўплыў на нашу дзяржаву». Самым радыкальным пастулятам Кукіза зьяўляецца прапанова ўвесьці выключна аднамандатныя выбарчыя акругі на выбарах у Сэйм. Гэта, на ягоную думку, павінна гарантаваць большую адказнасьць палітыкаў перад выбаршчыкамі і больш цесную сувязь паміж грамадзянамі і ўладай.

Моладзь хоча перамен

Браніслаў Камароўскі

Браніслаў Камароўскі

Прапагандысцкую сілу гэтага пастуляту належным чынам ацанілі ў выбарчым штабе Браніслава Камароўскага, бо сёньня Камароўскі выступіў з заявай, што ён уносіць у Сэнат прапанову аб правядзеньні канстытуцыйнага рэфэрэндуму наконт усталяваньня аднамандатнай выбарчай сыстэмы (такая зьмена ў Польшчы патрабуе ўнясеньня папраўкі ў Канстытуцыю шляхам рэфэрэндуму).

Карацей, адным з важных аспэктаў прэзыдэнцкай кампаніі перад другім турам 24 траўня будуць спробы заляцаньня абодвух кандыдатаў, Камароўскага і Дуды, да электарату Паўла Кукіза. Шмат хто з сацыёлягаў лічыць, што гэта так званы сытуацыйны або пратэстны электарат — яны галасавалі за Кукіза перш за ўсё таму, што ім не падабаўся Камароўскі ў прыватнасьці і Грамадзянская плятформа ў агульнасьці. Пасьля леташняга сыходу Дональда Туска з пасады лідэра Грамадзянскай плятформы ў Брусэль якраз Браніслаў Камароўскі бачыцца ў Польшчы калі не сапраўдным лідэрам Грамадзянскай плятформы, дык галоўным «віноўнікам» усяго таго, што рабіў урад гэтай партыі цягам апошніх васьмі гадоў.

Наколькі вынік Паўла Кукіза зьяўляецца сыгналам сур’ёзнага пераабсталяваньня палітычнай сцэны ў Польшчы, а не сэзоннай сэнсацыяй, насамрэч пакажуць сёлетнія парлямэнцкія выбары. Варта тут толькі адзначыць, што на яго галасавалі перш за ўсё маладыя выбаршчыкі (паводле апытаньня, ён атрымаў 41% усіх галасоў выбаршчыкаў ва ўзроставым прамежку 18-29 гадоў).


Разьвітаньне зь левымі

Другая сэнсацыя учорашняга галасаваньня — параза польскіх левых. Двое кандыдатаў ад левых сілаў — Магдалена Агурэк і Януш Палікот — набралі ўсяго каля 4% галасоў. Гэта найгоршы выбарчы вынік польскіх левых у пасьлякамуністычны пэрыяд. Некаторыя мяркуюць, што левыя могуць наогул зьнікнуць як істотная палітычная сіла ў Польшчы.

Яшчэ адна неспадзяванка выбараў — даволі слабая яўка, меншая за 50%. Гэта, перш за ўсё, сыгнал для дзьвюх вядучых палітычных сілаў — Грамадзянскай плятформы ды Права і справядлівасьці — наконт таго, што ім трэба мяняць палітычныя падыходы або палітычныя лёзунгі, або лідэраў, або ўсё адразу. Аказалася, сёньняшні палітычны істэблішмэнт у Польшчы ўжо не мабілізуе палякаў на палітычныя баталіі так, як раней.


Вяртаньне правых

Анджэй Дуда

Анджэй Дуда

На заканчэньне варта выказаць дапушчэньне, якое таксама мае пад сабою сякую-такую падставу: вынік 42-гадовага Анджэя Дуды можа азначаць канец палітычнай кар’еры 65-гадовага Яраслава Качыньскага, заснавальніка (разам з братам, Лехам Качыньскім) Права і справядлівасьці ў 2001 годзе і з таго часу нязьменнага лідэра гэтай партыі.

У параўнаньні з канфрантацыйнай, вострай і часам абразьлівай для палітычных апанэнтаў рыторыкай Качыньскага паводзіны і публічныя выступы Дуды выглядаюць больш «цывілізаванымі» і «эўрапейскімі» (Дуда — дэпутат Эўрапарлямэнту). Ня выключана, што менавіта Дуда можа стаць галоўнай асобай у адноўленай і «эўрапеізаванай» польскай «правіцы». Было б гэта, на маю думку, зусім няблага ў бліжэйшай пэрспэктыве і абсалютна выдатна для Польшчы ў далейшай пэрспэктыве, асабліва ў кантэксьце палітычнай дэгенэрацыі польскіх левых.

XS
SM
MD
LG