Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 траўня абнародуюць справаздачу Нямцова пра Пуціна і Ўкраіну


25 лютага апазыцыйны расейскі палітык Барыс Нямцоў зьвярнуўся да свайго сябра Ільлі Яшына па дапамогу ў расьсьледаваньні пра расейскіх вайскоўцаў, якія таемна ваююць ва Ўкраіне. Праз два дні Нямцоў быў забіты ў цэнтры Масквы, непадалёк ад крамлёўскіх вежаў.

Даклад Нямцова быў завершаны групай апазыцыйных актывістаў і журналістаў на чале з Яшыным, якія кіраваліся пакінутымі нататкамі забітага палітыка.

«Калі ён быў забіты, і я выйшаў з першапачатковага шоку, я зразумеў, што гэта быў мой абавязак перад памяцьцю майго мёртвага сябра — давесьці гэтую працу да канца і апублікаваць справаздачу, якую ён пачаў рыхтаваць» — паведаміў Яшын Радыё Свабода.

Справаздача — пад назвай «Пуцін. Вайна» — будзе абнародаваная 12 траўня.

Паводле Яшына на друкарню робіцца ціск, каб яна адмовілася друкаваць наклад справаздачы. Аднак Яшын запэўніў, што ён і яго калегі вырашаць гэтую праблему.

Нямцоў падрыхтаваў даклад у агульных рысах. Ён сабраў дакумэнты, якія сьведчаць пра прысутнасьць расейскай ваеннай тэхнікі ва Ўкраіне, падрыхтаваў інтэрвію з некалькімі сваякамі салдатаў, якія загінулі ва Ўсходняй Украіне, кажа Яшын.

Мы правялі першы тыдзень пасьля забойства, аднаўляючы тыя дакумэнты, якія сабраў Нямцоў

Але многае з гэтага невялікага архіву зьніклі пасьля забойства Нямцова. Крытыкі Пуціна перасьцерагаюцца, што злачынства ніколі ня будзе раскрытае, бо расьсьледаваньне можа прывесьці занадта блізка да Крамля.

Пасьля забойства Нямцова сьледчыя зрабілі ператрус у яго кватэры, канфіскаваўшы кампутары, жорсткія дыскі, нататнікі і ноўтбукі.

«Мы правялі першы тыдзень пасьля забойства, аднаўляючы тыя дакумэнты, якія сабраў Нямцоў» — патлумачыў Яшын. Некаторыя з гэтых дакумэнтаў былі захаваныя памочнікамі і супрацоўнікамі.

Сярод іх — нататка, перададзеная Нямцовым яго памочніцы Вользе Шорынай напярэдадні гібелі.

Гэтая нататка, напісаная ад рукі, была абнародаваная агенцтвам Reuters: «Некаторыя дэсантнікі зь Іванава выйшлі на сувязь са мной. 17 забітых, яны не атрымалі свае грошы, але цяпер баяцца казаць».

сьцяна страху, ў якую мы ўперліся, верагодна, самая вялікая праблема

Крэмль неаднаразова абвяргаў абвінавачваньні Кіева і заходніх урадаў, паводле якіх Расея пастаўляе зброю і накіроўвае свае рэгулярныя войскі для змаганьня з украінскімі сіламі на ўсходзе Ўкраіны.

Яшын кажа, што ён і яго каманда здолелі зьвязацца з усімі кантактнымі асобамі Нямцова, але не атрымалася пераканаць іх агучыць іх паказаньні.

«Як вы можаце сабе ўявіць, сьмерць Нямцова не надала ім сьмеласьці» — сказаў ён.

«Мы гаварылі зь імі, і мы сапраўды атрымалі ад іх канкрэтную, сапраўды важную інфармацыю, але яны катэгарычна адмовіліся казаць публічна. Гэтая сьцяна страху, ў якую мы ўперліся, верагодна, самая вялікая праблема» — дадаў Яшын.

Справаздача Нямцова-Яшына будзе абнародаваная 12 траўня ў маскоўскай штаб-кватэры палітычнай партыі ПАРНАС, сузаснавальнікам якой быў Нямцоў. Большая частка матэрыялу заснаваныя на адкрытых крыніцах, як гэта было ў васьмі папярэдніх дакладах Нямцова, якія тычыліся карупцыі ў вышэйшых эшалёнах расейскай улады.

Сярод тых, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы даклада Нямцова-Яшына — Ільля Барабанаў, журналіст газэты Коммерсант, які працуе на ўсходзе Ўкраіны, і Леў Шлосбэрг, чалец пскоўскай філіі апазыцыйнай партыі «Яблык».

Шлосберг быў жорстка зьбіты невядомымі людзьмі пасьля таго як паведаміў пра таемнае пахаваньне ў Пскове двух салдатаў, якія загінулі падчас баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.

Улады кажуць, што ва Ўкраіне няма расейскіх войскаў. Мы даказваем, што ёсьць. Пуціну непрыемна быць злоўленым на хлусьні

Яшын сказаў, што ён і яго калегі надрукавалі даклад у 3000 асобнікаў, тэкст таксама будзе разьмешчаны ў інтэрнэце. У 2010 годзе паліцыя канфіскавала аўтамабіль, у якім было сто тысяч асобнікаў дакладу Нямцова на карупцыю падчас падчас першых 10 гадоў прэзыдэнцтва Пуціна.

Забойства Нямцова 27 лютага выклікала моцную рэакцыю, ў Маскве дагэтуль курган кветак застаецца ў тым месцы, дзе палітык быў забіты.

Аднак паводле апытаньняў пераважная большасьць расейцаў падтрымлівае палітыку Пуціна ва Украіне.

Тым ня менш Ільля Яшын цьвёрда ўпэўнены, што даклад будзе мець гучны рэзананс.

«Мэта дакладу — абвергнуць хлусьню — тлумачыць ён. — Улады кажуць, што ва Ўкраіне няма расейскіх войскаў. Мы даказваем, што ёсьць. Пуціну непрыемна быць злоўленым на хлусьні».

XS
SM
MD
LG