Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Казько нарадзіўся ў 1940 у Калінкавічах. Дзяцінства правёў у дзіцячых дамах на Палесьсі. Працаваў на шахце і ў геалягічнай выведцы ў Расеі. Дэбютаваў на расейскай мове. Па-беларуску пачаў друкавацца ад 1971. Аўтар, сярод іншага, кнігаў прозы «Высакосны год» (1972), «Суд у Слабадзе» (1978), «Неруш» (1983), «Хроніка дзетдомаўскага саду» (1987), «Бунт незапатрабаванага праху» (2009), «Час зьбіраць косьці» (2014). Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу (1977), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1982), прэміяў «Гліняны Вялес» (2009) і «Залаты апостраф» (2009). Жыве ў Менску.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Цяпер я пішу толькі для сябе, бо больш не магу заняцца нічым іншым. Ну а мой чытач — гэта той, які сёньня жыве такім жыцьцём, якім жыву я; якога непакоіць тое, што непакоіць і мяне.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Найлепш пішацца на бягу. Па сваёй натуры я «сава», таму раней пісаў уначы, нават па 10 гадзін і болей. Цяпер даводзіцца з гэтым разьвітвацца, таму што няма патрэбнага здароўя.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Сто гадоў адзіноты».

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Чытаньне, так як і пісаньне — гэта пошук самога сябе. Колькі ні чытаю, я пакуль не знайшоў самога сябе. Як, дарэчы, не знайшоў самога сябе і ў пісьме.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Габрыэл Гарсія Маркес, Хведар Дастаеўскі, Віктар Астаф’еў, Якуб Колас. Люблю чытаць Караткевіча, тыя яго рэчы, у якіх ён стварае Беларусь, якой яшчэ няма.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Чытаю макулятуру: па электроннай кніжцы чытаю дэтэктывы, мэмуары, успаміны і публіцыстыку. Таму што чытаць сёньня мастацкую літаратуру — немагчыма. Немагчыма чытаць сёньняшнюю літаратуру, настоеную на Фройдзе, псыхааналізе, Галівудзе.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Вучыў я нямецкую і ангельскую, але чытаць на іх не магу. Чытаю па-ўкраінску, зь вялікім напружаньнем — па-польску.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Найбольш улюбёная яшчэ будзе напісаная. А з напісаных — апошняя.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Вялікага пісьменьніцкага замаху, як раней, ужо няма. Хачу закончыць свой пачаты цыкл — «Лёнькі, Ваські, Валодзькі» — пра сваё дзетдомаўскае, беспрытульнае дзяцінства. Увогуле, я чалавек з забабонамі, і пра тое, што хочацца — я маўчу.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

У цішыні, на самоце. На сьвеце, як кажуць, ёсьць тры вартыя ўвагі рэчы — агонь, вада і праца. Калі пачынаю працаваць, я захапляюся працай, і тады адчуваю сябе найлепш.​

XS
SM
MD
LG