Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы не ахвочыя да працы і ня любяць сваю краіну, кажа 28-гадовы магістрант Беларускага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэта.

Лідэр Кітаю Сі Цзіньпін упершыню наведвае Беларусь, чыноўнікі ў абедзьвюх краінах штогод рапартуюць пра пашырэньне супрацоўніцтва. А самы маштабны беларуска-кітайскі праект — індустрыяльны парк — пакуль адметны толькі памерамі ўсталяванага ў гонар яго будаўніцтва каменя.

Радыё Свабода даведваецца, як смакуе кітайцам беларускае жыцьцё.

Наш герой — 28-гадовы магістрант аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту. Называе сябе па-ангельску — Майкл. Па-тутэйшаму — Міша.

У Беларусь Міша прыехаў паўтара гады таму на вучобу. У кастрычніку ажаніўся зь дзяўчынай з Гомеля па імені Каця. Цяпер яна на шостым месяцы цяжарнасьці і паехала да бацькоў. Міша езьдзіць да яе на выходныя.

Беларускі банк не аддаваў мае грошы!

Сустрэчу Міша прызначае каля гіпэрмаркета «Карона». Кажа, што ў Менску гэта вельмі важнае для яго месца. Усё, што ёсьць у ягонай найманай кватэры, куплена тут. Тут ён ці ня штодня набывае прадукты і мяняе даляры на беларускія рублі.

Міша каля гіпэрмаркета "Карона"

Міша каля гіпэрмаркета "Карона"

Міша кажа, што ў Кітаі ня трэба рэгістраваць кампанію, калі хочаш адкрыць маленькую краму ці пральню. Кампанія трэба толькі пад завод ці вялікі гіпэрмаркет, як «Карона». І ў іхных гіпэрмаркетах усе тавары кітайскія, а ў нашай «Кароне» цяжка знайсьці нешта беларускае.

«Прышпільна, што ў вас людзі атрымліваюць грошы ў рублях, а пасьля мяняюць іх на эўра і даляры, — кажа ён. — У Кітаі ня так. У нас толькі юані, людзі атрымліваюць у іх заробак, кладуць у банк, бо наш юань стабільны».

Летась падчас крызіса Міша прыйшоў у беларускі банк, каб зьняць са свайго рахунку пяць тысяч даляраў.

«А мне кажуць „не“, у нас няма грошай, — выглядае, што Міша і цяпер ня надта верыць, што такое магчыма. — Як гэта бывае, што я не магу ўзяць з банку свае ўласныя грошы?! Я распавёў бацькам, яны сьмяяліся».

Грошы Мішу дасылаюць бацькі. Хаця ён ужо жанаты і хутка будзе мець дзіця, але кажа, што калі ты студэнт, нармальна жыць за кошт маці і бацькі. Каб пражыць самому ў Менску, Мішы трэба тысяча даляраў у месяц. 500 зь іх ён плаціць за двухпакаёвую кватэру, недалёка ад той самай «Кароны».​

Штотыдзень Міша прыходзіць у абменьнік у «Кароне», каб памяняць даляры на беларускія рублі

Штотыдзень Міша прыходзіць у абменьнік у «Кароне», каб памяняць даляры на беларускія рублі

Бацька ў Мішы бізнэсмэн, маці — вядучая на мясцовым тэлебачаньні. У сям’і ён — адзіны сын, хаця, кажа, бацькі маглі сабе дазволіць мець яшчэ дзяцей.

Міша паходзіць з гораду Далі ў правінцыі Юннань. Гэта на самым поўдні Кітаю, побач зь Бірмай. «Глядзі, у Менску зараз 14, а ў нас 22», — паказвае ён мне надвор’е на айфоне. — У нас толькі два сэзоны: вясна і восень. Улетку ня вельмі горача, а ўзімку можна хадзіць у байцы«.

На пытаньне, як яму беларускае надвор’е, Міша сьмяецца: «Задоўга холадна».

Калі прыехаў у Беларусь, зімовага адзеньня ў яго не было, але давялося хутка ўсё купіць. «Мне тут нельга хварэць, — кажа Міша. — Мэдычная страхоўка для іншаземцаў надта дарагая. Але нават калі ты трапляеш да доктара, цябе ніхто не разумее і стараецца падмануць».

Міша кажа, што ў Менску занадта доўга бывае вельмі холадна

Міша кажа, што ў Менску занадта доўга бывае вельмі холадна

Страхоўка ў Мішы, канечне, ёсьць, але ён ёй ані разу не карыстаўся. Нават калі, гуляючы ў фрызьбі зь сябрамі, моцна падвярнуў нагу і ня мог хадзіць, ад хуткай з жахам адмовіўся. Па-першае, таму што ў Кітаі — гэта вельмі дорага. «Кітаец выкліча хуткую, толькі калі ён памірае», — тлумачыць Міша. — Тры тыдні пасядзеў дома — і ўсё прайшло«.

Я выбіраў краіну, дзе гавораць па-расейску

Калісьці Мішу разьбіла сэрца руская дзяўчына. Замест навучаньня ў Нью-Ёрку, якое прапаноўвалі яму бацькі, ён вырашыў, што хоча вывучаць рускую мову і культуру. Па гэта выправіўся ў Беларусь.

«Мой сябар распавёў, што Беларусь — вельмі мірная краіна і тут прыемныя людзі. І хаця афіцыйная мова ў вас беларуская, але яна вельмі падобная да расейскай, і большасьць людзей усё адно гавораць па-расейску. І таньней, чым у Расеі».

Мішы падабаецца менскае мэтро. Яно зручнае і тут мала людзей.

Мішы падабаецца менскае мэтро. Яно зручнае і тут мала людзей.

Паступіць у беларускую ВНУ замежніку ня так проста. Міша заплаціў тысячу даляраў свайму знаёмаму толькі за тое, каб той дапамог усё разьведаць і падрыхтаваць дакумэнты.

«Я прыехаў, думаў — гэта эўрапейская краіна, дзе большасьць людзей умее па-ангельску, — апісвае Міша першыя ўражаньні. — Але тут я зьвяртаўся на вуліцы да людзей, каб спытаць нешта, а яны: „Што? Я ня ведаю...“ Я пачуваўся тупым, але вырашыў палепшыць сваю расейскую».

Але рэальна Міша па-расейску амаль не гаворыць, хаця шмат разумее. Дзьве тысячы даляраў, заплочаныя Эканамічнаму ўнівэрсытэту за 8 месяцаў падрыхтоўчых курсаў, надта Мішу не дапамаглі.

«Рускую мову гэтаксама цяжка вучыць, як кітайскую, — сьмяецца ён. — Усе гэтыя канчаткі, адно слова можа мець столькі варыянтаў... У мяне дагэтуль праблемы з «р».

Міша кажа, што беларусы працуюць вельмі павольна. Такі хмарачос у Кітаі будуюць за год, а ў Менску ён бачыць шмат даўгабудаў.

Мішава жонка Каця «добра ведае ангельскую і трохі кітайскую». Яна ж навучыла Мішу адзінаму беларускаму выразу «да пабачэньня». Міша моцна ажыўляецца, калі я пытаюся, ці беларускі адрозьніваюцца ад кітаянак:

«Вельмі адрозьніваюцца! Усе ведаюць, што славянскія дзяўчыны самыя прыгожыя ў сьвеце, — Міша ўзрушана рукамі малюе ў паветры жаночую фігуру. — Сьветлыя твары, залатыя валасы... У мяне няма словаў, каб апісаць мае пачуцьці».

Кажа, што ў Кітаі 28 год — ужо трохі запозна для шлюбу. «У нас большасьць сем’яў мае адно дзіця, таму дзяўчаты вельмі хочуць выйсьці замуж да 30. Тады вялікія шансы нарадзіць здаровага малога, — тлумачыць Міша. — А для мужчыны ў нас вельмі важна быць пасьпяховым. За кожным такім мужчынам павінна быць харошая жонка, тады ўжо ты можаш засяродзіцца на працы».

Міша марыць, што ў яго будзе трое дзяцей. «Мне ўсё адно — хлопчыкі, дзяўчаткі, я хачу даць ім усё самае лепшае — самыя лепшыя прадукты, самую лепшую адукацыю. Я ўсё для гэтага зраблю!»

Ён распавядае, што амаль 80 працэнтаў кітайцаў могуць разьлічваць толькі на адно дзіця. «Канечне, можна мець і другога, але за яго трэба заплаціць вялізны „штраф“ дзяржаве — вельмі шмат, як кватэру купіць. Але тым, хто належыць да „меншасьцяў“, дазволена мець больш дзяцей».

Як яшчэ выжыць беларускаму ўнівэрсытэту, калі не з замежных студэнтаў?

У магістарскай працы Міша параўноўвае эканоміку беларускіх і кітайскіх прадпрыемстваў. За гадавое навучаньне ў магістратуры Беларускага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту ён заплаціў 8 з паловай тысяч даляраў.

Міша ва ўнівэрсытэце

Міша ва ўнівэрсытэце

У аграрна-тэхнічным Міша правучыўся адзін год і хутка стане магістрам.

«У вас, каб атрымаць магістарскую ступень, трэба год. У Кітаі трэба вучыцца тры гады. Гэта больш грошай і часу. А тут я трачу менш і грошай, і часу», — Мішу, канечне, лепш ведаць.

У Кітаі ён атрымаў дзьве бакаляўрскія ступені: у прамысловым і ў фэшн-дызайне.

Міша вельмі хваліць сваю навуковую кіраўніцу Аксану Леанідаўну Сапун. Кажа, што яна клапатлівая і добра гаворыць па-ангельску. Пры нагодзе распавядае сумную гісторыю свайго суайчыньніка, які ня можа абараніць доктарскую ў Менску ўжо 16 год.

У кабінэце Аксаны Леанідаўны для нас хутка накрываюць стол кавай-гарбатай, цукеркамі і пячэньнем. Аксана Леанідаўна загадвае ў БДАТУ катэдрай эканамічнай інфарматыкі.

Навуковая кіраўніца Мішы Аксана Леанідаўна

Навуковая кіраўніца Мішы Аксана Леанідаўна

Міша вельмі паважае сваю навуковую кіраўніцу Аксану Леанідаўну. Кажа, што яна клапатлівая і добра гаворыць па-ангельску

«Мы з задавальненьнем бяром замежных студэнтаў, — распавядае яна, — бо яны, як вы разумееце, плацяць у валюце. А для ўнівэрсытэту гэта будзе лічыцца як экспарт адукацыйных паслуг. І па-другое, праблем асаблівых няма. Ён сам сабе знайшоў жытло, не ў інтэрнаце, самастойны чалавек».

Дысэртацыю Міша будзе абараняць пры канцы чэрвеня і па-расейску. Дамова з унівэрсытэтам не дазваляе яму пісаць па-ангельску. Як будзе адбывацца абарона, цяпер уявіць цяжка, бо, сказаўшы два словы па-расейску, Міша тут жа пераходзіць на ангельскую. Гэта, па словах Аксаны Леанідаўны, асноўнае адрозьненьне ў выкладаньні для беларускіх і замежных студэнтаў.

«У нашых усё ж расейская мова, і яны камунікуюць па-расейску, і працы пішуць, і абараняюцца. Па-ангельску ў нас вельмі мала выкладчыкаў, якія могуць кансультаваць».

Пакуль мы спрабуем з Аксанай Леанідаўнай высьветліць, што ў нас ёсьць беларуска-кітайскага (згадалі завод аўтамабіляў Geely ў Барысаве і калійныя ўгнаеньні), Міша тлумачыць праблемы нашай эканомікі і малюе пляны экспарту ў Кітай сьмятаны:

«У вашай краіне найбольшая праблема — гэта эканоміка, — кажа Міша, які ўжо лічыць сябе напалову беларусам з-за жонкі Каці. — Я кожны дзень хаджу ў „Карону“, там так шмат тавараў з розных краінаў і нічога беларускага! Калі б у Кітаі быў такі гіпэрмаркет, там усё было б кітайскае!»

Мішу зьдзіўляе, што ў нас гародніна даражэйшая за мяса, бо ў Кітаі наадварот.

«У нас жа ў зімовы пэрыяд усё гэта імпартуецца. Мы ж не вырошчваем ані перцу, ані бананаў, — па-расейску адказвае Аксана Леанідаўна. — А чаму ў Кітаі ня так? Трэба высьветліць, вывучыць, так проста ня скажам. Думаю, што наш урад таксама ня дрэмле, а хоча, каб мы харчаваліся ўсёй гароднінай і садавіной увесь год. Ёсьць, відаць, пэўныя асаблівасьці і ў нашай эканоміцы, і ў мэнталітэце».

Міша ўпэўнены, што кітайцы палюбяць беларускую сьмятану, як яе любіць ён.

Міша ўпэўнены, што кітайцы палюбяць беларускую сьмятану, як яе любіць ён.

«10 траўня кітайскі прэзыдэнт прыяжджае ў Беларусь — гэта вельмі добрая навіна, — заяўляе Міша. — Я спадзяюся, што беларусы некалі будуць камунікаваць з кітайцамі, як цяпер камунікуюць з расейцамі. У будучым будзе больш інвэстыцый, кампаній, фабрык, заводаў! Я хацеў бы знайсьці рашэньне, каб гэта зьдзейсьнілася».

Міша ўпэўнены, што ў Кітаі будуць рады беларускім малочным прадуктам. «Ты ўсур’ёз думаеш, што ў Кітаі трэба беларуская сьмятана?» — пытаюся я.

«Я абажаю вашу сьмятану. Я абажаю ваша малако. У Кітаі такое купляюць імпартнае з Гішпаніі. У нас жа малако можа мець тэрмін прыдатнасьці — год!»

Калі меркаваць па гэтым унівэрсытэце, дзяржаўнай замовы на падрыхтоўку кадраў для працы з кітайскай эканомікай, у нас няма. «Адзін наш былы студэнт працуе на Geely», — прыгадвае Аксана Леанідаўна. — Яшчэ адзін — у кітайскай амбасадзе».

Аксана Леанідаўна

Аксана Леанідаўна

Аксана Леанідаўна кажа, што кітайскія студэнты вельмі старанныя, працавітыя, а беларуская адукацыя цэніцца за мяжой.

Яна нагадвае Мішу, што з панядзелка ў яго пачынаецца практыка.

Гэты ўнівэрсытэт — «мая другая альма матэр», — кажа ён. Абяцае, што будзе рэкамэндаваць паступаць сюды сваім знаёмым, і вядзе нас ва ўнівэрсытэцкую сталовую.

Міша ў сталовай

Міша ў сталовай

Гэта любімая Мішава сталовая ва ўнівэрсытэце. Ён кажа, што тут «смачна і танна».

У сталовай Міша настойвае, што ён за мяне заплаціць. У Кітаі гэта нармальна. Дзьве порцыі халадніка і пюрэ з тэфтэлямі каштуюць за дваіх 54 тысячы рублёў. Гэта сапраўды танна, але зусім ня смачна. Мішу, напэўна, падабаецца, бо вяртацца есьці дахаты няма калі, а ежы яму трэба шмат. Кітайскія мужчыны не саромеюцца гатаваць самі.

«Маці маёй жонкі цяпер пасьля апэрацыі і ня можа гатаваць, — распавядае Міша. — І атрымліваецца, што яе бацька галадуе, бо ён проста ня звык нічога рабіць на кухні».

Таму ягоная Каця зараз з маці ў Гомелі. Міша марыць пра часы, калі зможа павезьці жонку ў падарожжа і купіць ёй усё, што яна захоча.

Дзеля гэтага, вядома, патрэбныя грошы. Міша падумваў адкрыць у Менску буцік з уласным адзеньнем. Але гэта выявілася занадта дорага. Разам з двума сябрамі-кітайцамі вырашылі пайсьці шырокім кітайскім шляхам — адкрыць рэстаран кітайскай кухні.

У вас такія малыя заробкі, што з Кітаю ніхто ехаць ня хоча

«А чым яшчэ тут кітайцу заняцца? — Чэн, сябар Мішы, адказвае на маё пытаньне, чаму адкрываюць рэстаран. — На рынак ісьці гандляваць толькі. Але ў маім узросьце гэта ўжо ня надта».

Міша і Чэн

Міша і Чэн

Чэн, Мішаў кампаньён па рэстаране, кажа, што ў Кітаі рэстаран можна адкрыць за тры дні, а тут ён чакае месяцы.

Чэн у Менску каля году. Сам ён кітаец, але апошнія 15 гадоў жыў у Казахстане. Там у яго таксама быў рэстаран. Ад адказу, чаму пераехаў, ухіляецца: «Гэта палітычнае пытаньне».

У адрозьненьне ад Мішы, Чэн нешматслоўны і неэмацыйны. Пра Беларусь кажа, што тут усё доўга і дорага.

«У Кітаі я такі рэстаран магу адкрыць за тры дні, — упэўнена распавядае ён. — А тут я ўжо колькі месяцаў зьбіраю паперы. А арэнда ідзе. І заробкі тут малыя».

Рэстаран кітайцы перанялі ў арэнду ад іншага ўладальніка. На гэтым месцы на маёй памяці было ўжо некалькі такіх пад рознымі назвамі. Чэн абяцае, што будуць гатаваць сапраўдную кітайскую ежу і па сэнсоўных коштах.

Як назваць рэстаран, пакуль ня вырашылі, хоць унутры ўсё падрыхтавана. «У мяне ў Казахстане быў рэстаран „Цяньшань“, — кажа Чэн. — Але там мела сэнс (горы праходзяць паўз Кітай і Казахстан — РС.) А тут Цяньшаню няма. Думаю, можа, „Залаты дракон“ назаву».

Міша і Чэн у рэстаране

Міша і Чэн у рэстаране

Рэстаран яшчэ не працуе, але грошы за арэнду ўжо ідуць.

Кухара для рэстарана выпісваюць з Кітаю за 2 тысячы даляраў у месяц. Чэн мяркуе, што гэта вельмі мала: «Ніхто ня хоча ехаць сюды. У Кітаі кухар пяць тысяч будзе мець, а добры можа і дзесяць».

Таму афіцыянтаў і іншы пэрсанал будуць браць беларускі, хоць Чэну беларусы не падабаюцца як работнікі. «Будзем выхоўваць», — кажа ён.

Па словах Чэна, у Менску кітайцаў чалавек сто, а па Беларусі — тысячы дзьве. У асноўным гандлююць на рынку ці студэнты. Такая малая лічба нас дзівіць. Мы згадваем, калі пару гадоў таму загаварылі пра беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, абяцалі, што туды прыедзе паўмільёна кітайцаў:

— А што, пачалі ўжо будаваць? — пытаецца Чэн.

— 90 чалавек ужо прывезьлі, — адказваем мы, бо нядаўна рабілі рэпартаж зь месца будоўлі

— Дык 90 год, значыць, будаваць будуць, — пасьміхаецца Чэн.

На думку Мішы, будоўля парку затрымалася, бо беларусам не спадабалася, што прыедзе зашмат кітайцаў.

У рэстаране, які рыхтуецца стаць увасабленьнем беларускай мары кітайца Мішы, сам Міша пад фатаздымкамі са сцэнамі з фільму «Хросны бацька» распавядае мне, як яму бывае цяжка.

«Калі я шукаў кватэру, мне дапамагаў сябар-беларус, і ўсё было ў парадку. Але як толькі людзі даведваліся, што ў кватэры будзе жыць кітаец, у іх адразу „нешта здаралася“, — кажа Міша.

Такім чынам адмовілі як мінімум дзесяць разоў. „Людзі думаюць, што кітайцы жывуць у брудзе, гатуюць шмат смажанай ежы і не прыбіраюць за сабой“, — спакойна апісвае ён. — Але гэта ня так».

«Калі запытацца, ці ёсьць дыскрымінацыя, то кожны адкажа, што не. А насамрэч яна ёсьць, — кажа Міша. — Я сутыкаўся шмат з чым кепскім, але не хачу пра гэта гаварыць. Я хачу гаварыць толькі пра добрае. Урэшце, такое ёсьць паўсюль».

Паводле Мішавых назіраньняў, большасьць беларусаў ня любіць сваю краіну.

«Я сустракаў столькі дзяўчат, якія добра гавораць па-ангельску, і яны проста закаханыя ў Эўропу — Англію, Літву, Італію. Кожную сераду хаджу ў клюб каўчсёрфэраў. І такім дзяўчатам ужо ня важна, што за людзі да іх прыедуць з гэтых краінаў, абы адтуль», — кажа ён.

Сваёй радзімай і сваім лідэрам Міша ганарыцца: «Кітай — самая вялікая незалежная краіна ў сьвеце, яна разьвіваецца найхутчэй за ўсіх. Эканоміка ўздымаецца, заробкі растуць...

— Але ў вас забаронены Фэйсбук!

— У мяне ёсьць Фэйсбук. Так, гэта забаронена, але я без праблем магу гэта пераадолець, — адказвае Міша, і мы знаходзім адзін аднаго на фэйсбуку.

Міша кажа, што ўжо палюбіў Беларусь усёй душой, таму яму вельмі хочацца нешта тут зрабіць:

«Трэба больш свабоды. Каб ня тыя самыя людзі ўвесь час былі пры ўладзе, — кажа ён. — Але я ў Беларусі паўтара года, і я ня бачыў вельмі багатых людзей, у вас усе прыблізна аднолькавыя. А ў Кітаі ёсьць надзвычай заможныя людзі. Таму я спадзяюся, што палітыка памяняецца, будуць прыходзіць інвэстыцыі, бізнэсмэны захочуць укладаць сюды грошы. Тут шмат магчымасьцяў, я думаю, што тут вялікая будучыня».

А пакуль кітайцы ў нас выбіраюць паміж рынкам і рэстаранам, і індустрыяльнага парку чакаць яшчэ 90 год. Нават Міша зьедзе зь Беларусі пры першай магчымасьці.

Як толькі іхнаму малому можна будзе лётаць у самалёце, ён забярэ сям’ю і вернецца ў Кітай. Там яны з Кацяй наладзяць вялікае вясельле, а пасьля Міша адкрые-такі буцік з уласным адзеньнем.

«Буду сам рабіць мадэлі, падбіраць тканіну — усё індывідуальна, — кажа ён. — Я спрабаваў тут, але гэта немагчыма, вельмі дорага».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG