Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набліжаюцца выпускныя сьвяты. Па школах ды гімназіях ходзяць камэрцыйныя агенты і агітуюць пазычаць стандартныя выпускныя сукенкі ды гарнітуры, купляць прывезеныя з Расеі чырвоныя стужкі з залатым на кітайскі лад надпісам „Выпускник“, замаўляць фотаальбомы з МТЗ ды Нацыянальнай бібліятэкай у віньетках і г.д.

Але некаторыя вучні выпускных клясаў Менску пойдуць на ўрачыстасьці ў вышываных строях (і вырашылі гэтак зрабіць яшчэ да цяперашняга вышыванкавага буму).

Надышоў час увасабляць па-беларуску падзею, эпахальную для шматлікіх выпускнікоў (а іх у дзяржаве каля 55 тыс.). Прычым ніхто не запярэчыць, калі самі героі ўрачыстасьці так захочуць. Дзяўчаты ў вышываных (аздобленых) прафэсіяналамі урачыстых сукенках, хлопцы ў вышываных кашулях (зрэшты, могуць быць і элемэнты беларускага шляхоцкага строю) – гэта можа зрабіць сьвята незабыўным.

Патрэбная канцэпцыя іншых аздобаў – скажам, не перадавіцкіх ці сватоўскіх стужак цераз плячо, а бантаў або разэтак са стужак нацыянальных колераў ці арнамэнтаваных; вяночкаў для дзяўчат; разьвітальных ручнікоў для цырымоніі; акадэмічных шапак з кутасікамі ды інш. А для аднаўленьня нашых аўтэнтычных выпускных рытуалаў трэба сабраць успаміны выпускнікоў Віленскай, Наваградзкай ды іншых міжваенных беларускіх несавецкіх гімназіяў. Але гэта тэма іншых артыкулаў.

Гэтак слова „вышыванка“ актуалізуецца яшчэ ў адной сфэры – пасьля таго як яно стала „словам 2014 году“ паводле вэрсіі Радыё Свабода.

Слова-чэмпіён

Крыху пра „словы году“. Завядзёнку прыдумалі немцы (Таварыства нямецкай мовы), а падхапілі ангельскія мовазнаўцы. Крытэры ў розных журы адрозныя. Скажам, Амэрыканскае дыялекталягічнае таварыства і выдаўцы слоўнікаў Merriam-Webster's часта аддаюць перавагу словам, якія ўзьніклі або зьмянілі значэньне ў адпаведным годзе, а оксфардзкія гуру выбіраюць слова не абавязкова новае, але вельмі частотнае ў адпаведным годзе.

Selfie -- Слова 2013 году паводле оксфардзкіх лексыкографаў

Selfie -- Слова 2013 году паводле оксфардзкіх лексыкографаў

У нас лінгвісты пакуль не дамовіліся пра крытэры і мэханізм выбару беларускага Слова году (а варта). Таму стыхійныя адказы на журналісцкае пытаньне былі розныя. Я быў назваў назоўнік вышымайка – імітаваная друкам на майцы вышыванка. Хаця спосаб яго ўтварэньня не ўласьцівы беларускай мове, але я палічыў (зважаючы на традыцыю амэрыканскіх дыялектолягаў), што слова ўзьнікла ў адпаведным годзе і пранікла ў розныя сфэры ўжываньня з камэрцыйнай улучна.

Іншыя калегі надалі чэмпіёнства самому слову вышыванка – паводле оксфардзкага крытэру: слова ня новае, але імкліва набрала новую вагу ў Беларусі менавіта летась. І з гэтым выбарам можна пагадзіцца.

Але ў камэнтарох да гэтага выбару хто-ніхто назваў слова вышыванка ўкраінізмам. Пытаньне сур'ёзнае і шырокае: якія словы лічыць украінізмамі?

Вышыванка – наша

Сапраўды, у сучаснай украінскай рэальнасьці слова вишиванка пашырана куды больш, чым у нас (як і адпаведная рэч). І фіксуецца слоўнікамі даволі рана: яго падае ўжо А. Афанасьеў (Чужбінскі) у „Словаре малорусскаго наречія“, укладзеным у 1855 г. Мела два значэньні – працэсу і вырабу. Бытуе ў суседзяў з двума націскамі: вишивáнка і вишúванка.

У беларускіх дыялектных слоўніках, здаецца, слова гэтае не запісанае. Але ж і для беларускае мовы называць прадмет ці зьяву як атрыбут або вынік пэўнага дзеяньня на -нка- цалкам натуральна: калыхаць – калыханы – калыханка, мураваць – мураваны – мураванка (пра цагляную будыніну).

Ёсьць і праславутая трасянка; мачанка, коўзанка (ледзяны каток), чытанка (хрэстаматыя). Таксама раскладанка (тое, што з расейскім суфіксам – „раскладушка“). І нават каханка належыць да гэтай словаўтваральнай мадэлі.

Знаўца словаўтварэньня Павал Сьцяцко вылучае асобную групу такіх назоўнікаў менавіта са значэньнем адзеньня, тканіны: пацяганка 'кажух, абцягнуты сукном'; пісанка 'размаляваная кашуля' (і велікоднае яйка так завецца); перабіранка 'саматканы дыван'.

Бліжэй да шытва. Падшыванка – гэта ня толькі дзяўчынка-падшыванец. Гэта ватоўка, па-расейску „стёганка“, той самы „ватнік“, што выконвае ролю цывілізацыйнага маркера.

Беларускія гаворкі ведаюць слова абшыванка – лодка, выдзеўбаная са ствала, з пашытымі для ўстойлівасьці дашчанымі бартамі. Назва засталася з пары, калі дошкі не скалочвалі, а менавіта сшывалі віцінаю (лазою). Абшыванка была пашыраная на Падняпроўі.

Мова лёгка ўтварае з двух словаў – дзеепрыметніка/прыметніка і назоўніка – адно. Падшываная вопратка – падшыванка. Абшываная лодка – абшыванка. Вышываная кашуля – вышыванка. Такія кашулі вядомыя былі нашым продкам адвеку:

...у каторым тлумку было дзей ... кашуль коленскіх шэсьць ... дзьве не вышываных, тыя кашулі каштавалі грошай коп паўшасты ...

1582 г. „Коленскія кашулі“ – гэта з Кёльна.

Вышываныя рэчы бывалі аб'ектам рабаваньня.

...Памянёныя асобы ... хустку, вышываную чырвоным ядвабем, ... паграбіўшы ... дадому ... адвезьлі.

1617 г.

У Скарынавых перакладах таксама сустракаецца гэты прыметнік. Ёсьць і слова вышывач – майстар адпаведнага рамяства:

Цар ... завядзе ўсіх ерусалімлян, і ўсех князей, і ўсех сілных дзесяць тысячэй палону. І ўсіх масьцяроў і вышывачоў…

Чацьвертая кніга Царстваў

Мадэль „вышываная кашуля/сарочка“ жыла і жыве ў гаворках. „Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны“ Міколы Шатэрніка (1929 г.) гэта пацьвярджае: Надзеў вышыванаю сарочку (вёска Стáрына).

Таму і слова вышыванка даўно магло ўтварыцца на беларускай глебе. У шасьцітамовым Тлумачальным слоўніку (т. І, 1997 г.) яно ёсьць. Праўда, стылёваю паметаю „размоўнае“ гэты слоўнік адпраўляе слова вышыванка ў моўнае гета. Але ў беларускай мове да саветызацыі слова ўжывалі без стылёвых абмежаваньняў. Так, Інвэнтарную кнігу Музэю імя Івана Луцкевіча Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні ўкладаў сваёю рукою ў 1922 годзе сам Антон Луцкевіч, аўтарытэтны і ўплывовы знаўца беларускае мовы. Пад нумарам 112 экспанат „Вышыванка дробнымі пацеркамі. Пэйзаж“ – то бок вышываная на тканіне выява.

Базылянскія муры ў Вільні. Колішні будынак Беларускага музэю справа

Базылянскія муры ў Вільні. Колішні будынак Беларускага музэю справа

Уласна слова вышыванка – ключавое ў агульнавядомай песьні „Іванка ты, Іванка“.

Іванка ты, Іванка,
Сарочка-вышыванка,
Высокі да й страйны,
Высокі да й страйны,
Шчэ на барадзе ямка.

Песьня, як і многія, супольная для беларусаў і ўкраінцаў. Хутчэй за ўсё ўкраінскага паходжаньня. Але даўно свая для беларусаў, бо запісаная ад Мазыршчыны да Вялейшчыны. Варыянт тэксту запісаны ў вёсцы Давыдкі студэнтамі-філфакаўцамі падчас фальклёрнай практыкі (я таксама некалі яе праходзіў на шчодрай песьнямі Вялейшчыне). Мэлёдыя для караоке тут.

Нястрашныя ўкраінізмы

Такім чынам, слова вышыванка – у роўнай ступені набытак дзьвюх моваў. Беларуская і ўкраінская мовы лексычна і граматычна блізкія міжсобку. Прынамсі да XVII стагодзьдзя два народы фактычна карысталіся адной літаратурнай мовай. Навукоўцы вядуць млявую дыскусію пра разьмежаваньне старадаўніх помнікаў беларускага і ўкраінскага пісьменства. Скажам, чыім лічыць перавыдадзены ў 1653 г. у Куцейне пад Воршай „Лексікон“ Памвы Бярынды, які большую частку жыцьця правёў ва Ўкраіне.

У савецкі час афіцыйнае мовазнаўства змагалася з узбагачэньнем беларускае мовы вернутымі з даўніны або створанымі наноў словамі, залічваючы іх да архаізмаў і запазычаньняў (не з расейскай мовы – зь яе дазвалялася запазычваць дасхочу). Таму Пётра Садоўскі эмацыйна пісаў пра

…так званыя „забытыя“ словы, якія сучаснымі мовазнаўцамі называюцца — „старасьвецкія“, „нашаніўскія“, „украінізмы“, „палянізмы“ і г. д. Гэта словы тыпу: ганараваць, запачаткаваць, пустацікавец, багажня, гасьцёўня, пачакальня, дахоўка, спаборнікі, гульцы (…) і г. д. Некаторыя зь іх сапраўды могуць супадаць цалкам або адрозьнівацца толькі марфалягічным афармленьнем з пэўнымі ўкраінскімі ці польскімі словамі, але ж гэта нармальна. Мы ж не аб'яўляем небеларускімі такія беларускія народныя песьні, якія маюць падабенства ў мэлясе і ў вобразах з украінскімі ці якімі іншымі.

Пётра Садоўскі. Час одуму. Полымя, № 5, 1986.

Блізкія мовы могуць утвараць падобныя словы незалежна адна ад аднае. Часам слова бытуе ў гаворках абедзьвюх моваў, але становіцца літаратурным толькі ў адной зь іх. Наяўныя ў беларускай мове (ці яе асобных гаворках) словы пад уплывам украінскае мовы могуць мяняць значэньне: прыгадваць 'лічыць' – на 'ўспамінаць', прыдбаць 'нажыць', 'займець дзякуючы працяглым намаганьням' – на проста 'купіць'.

У сучаснай гарадзкой беларускай мове ёсьць марозіва, хутчэй за ўсё, пазычанае з поўдня, аднак яно добра пачуваецца сярод печыва, варыва ці там зябліва.

У Ластоўскага зморазь (шкада, што не прыжылася), у Некрашэвіча і Байкова – марожанае. Хаця жыхары Давыд-Гарадка, што здаўна, задоўга да рэфрыжэратараў, вазілі гэты прадукт ажно ў Варшаву (во дзе тэхналягічная загадка!), называлі яго лёды.

Narodowe Archiwum Cyfrowe (Courtesy Photo)

Narodowe Archiwum Cyfrowe (Courtesy Photo)

І зусім ня факт, што гэта палянізм, бо на гістарычнай Тураўшчыне словам лёды называюць мноства лёду: Ой, велікіе лёды булі на рэцэ! У сучасных афіцыйных слоўніках толькі марожанае. Але яно, як і лёды, прагуляла спаборніцтва марозіву, бо занадта выглядалі на русізм і палянізм.

У моўнай гісторыі беларускага народу былі пэрыяды палянізацыі, а пэрыяд русыфікацыі доўжыцца дасюль. І калі чалавек імкнецца да "чыстага" маўленьня па-беларуску (г. зн. становіцца моўным пурыстам), ён рэфлекторна ўнікае словаў, якія супадаюць з расейскімі. (Часам на шкоду багацьцю мовы, але пра гэта іншым разам.) Да пэўнае мяжы ведаючы польскую, можна распазнаць палянізмы. З украінскаю моваю інакш: яна дужа падобная да беларускай ва ўсім, акрамя фанэтыкі, і адчуваньне чужасьці сьціраецца.

Сапраўды, усе ў нас у той ці іншай ступені ведаюць расейскую мову.

Удалай я лічу замену недарэчнага вакзальнага „пуця“ (ён і скланяцца нармальна па-беларуску ня можа) на каляіну („Цягнік Менск–Вільня прыбудзе на 23-ю каляіну“) – слова спрадвечна нашае, але пашырэньне сэмантыкі падказала ўкраінская колія – усе чулі гэтае слова ў чыгуначным значэньні на кіеўскім або чарнігаўскім вакзале.

Ёсьць і „лішнія“ ўкраінізмы. У нашаніўскіх клясыкаў нормаю былі сумніў, сумніўны – украінізмы чыста фанэтычныя, нематываваныя, і таму слушна замененыя на сумнеў і сумнеўны (за што ваяваў Янка Станкевіч). Дакладна непатрэбны ў беларускай мове навамодны ўкраінізм адрэса, бо маем здаўна адрас.

Караткевіч як экспартэр украінізмаў

Жменю ўкраінізмаў у новую беларускую літаратурную мову ўвёў Уладзімер Караткевіч, які вучыўся ў Кіеве і працаваў настаўнікам на Кіеўшчыне.

Помнік У. Караткевічу на вул. М. Кацюбінскага ў Кіеве

Помнік У. Караткевічу на вул. М. Кацюбінскага ў Кіеве

Прыкладам, слова спаруда 'будыніна'. Слова заняло сваё месца ў адпаведным сынанімічным шэрагу: „Тая спаруда ня толькі цэнтральны праспэкт сталіцы сапсавала, а ўвесь наш горад! “ (архітэктар Ю. Градаў пра гатэль "Кемпінскі" ля цырку) – са значэньнем 'каструбаваты, недарэчны будынак'.

Часам, магчыма, Караткевіч не ўсьведамляў, што ўжывае ўкраінізмы. Скажам, піхвы ў значэньні 'футарал для халоднай зброі': Блішчэлі сталь дзід і срэбныя піхвы крывых татарскіх шабляў (“Хрыстос прызямліўся ў Гародні“). У старабеларускай мове, у слоўніку Некрашэвіча-Байкова ў гэтым значэньні похвы: Але Ісус сказаў Пятру: укладзі меч у похвы (Эвангельле паводле Лукаша, пераклад Васіля Сёмухі).

Бывала, што рэдактар Караткевічавых тэкстаў трапляў у пастку праз „фальшывых сяброў перакладніка“ – словы, што гучаць у дзьвюх мовах падобна, але маюць рознае значэньне:

Поўня, калі рака плыве зямной дарогаю, даўно адышла („Ладзьдзя Роспачы“).

Сказ незразумелы. У арыгінале тут была „повень“, як сьведчыць Г. Лабадзенка (і думае, што рэдактар меў рацыю, замяніўшы ўкраінізм на падобнае гучаньнем беларускае слова). Але па-ўкраінску повінь – гэта паводка. У беларускіх гаворках ёсьць повань з тым самым значэньнем (паходзіць таксама ад кораня поўн-ы). І тады сказ становіцца на сваё месца.

Караткевіч ужываў таксама іншыя ўкраінізмы, якія, аднак, не прыжыліся ў беларускай мове: выстачаць 'ставаць', краяць (напр., сэрца – 'кроіць, рваць'), сяйва 'зьзяньне', разважацца 'забаўляцца'.

***

Калі-нікалі ва ўкраінізмы залічваюць словы, у роўнай ступені вядомыя беларускай мове, як назаўжды, прыкмета. Ёсьць больш відавочныя ўкраінізмы, як напрыканцы, распавядаць. Але яны не ствараюць праблемаў неразуменьня. Украінізм напрамак лепш замяняць кірункам (а вось „накірунак“ – штучны гібрыд гэтых двух словаў).

А што да вышыванкі, то гэтае беларускае слова – разам са зьявай – ужо неад'емнае ад сучаснай беларускай урбаністычнай культуры.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG