Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Македоніі ў сутыкненьнях з баевікамі загінулі шэсьць паліцыянтаў


У Куманава ўвайшлі цяжкаўзброеныя аддзелы паліцыі.

У Куманава ўвайшлі цяжкаўзброеныя аддзелы паліцыі.

У горадзе Куманaвa на поўначы Македоніі другі дзень працягваюцца сутыкненьні паміж сіламі бясьпекі і членамі ўзброенай групоўкі, якую ўлады назвалі «тэрарыстычнай».

Паводле дадзеных міністэрства ўнутраных спраў, у суботу ў перастрэлцы загінулі пяць паліцыянтаў і больш за 30 былі параненыя. Сёньня раніцай стала вядома, што мінулай ноччу ад атрыманых раненьняў у шпіталі памёр адзін з пацярпелых супрацоўнікаў паліцыі.

У краіне абвешчаная нацыянальная жалоба.

Учора міністар унутраных спраў Македоніі Гардана Янкулоўска паведаміла журналістам, што больш за 20 членаў групоўкі здаліся. Астатнія адмовіліся скласьці зброю і хаваюцца ў раёне Дзіва-Насэльба ў заходняй частцы гораду.

Паводле яе, баевікі праніклі ў Македонію з суседняй дзяржавы, якая не называецца. Яны плянавалі выкарыстаць цяперашнюю палітычную сытуацыю ў краіне для нападаў на дзяржустановы, сказала Янкулоўска.

Куманава знаходзіцца паблізу межаў Сэрбіі і Косава. Паводле дадзеных мясцовых СМІ, у тым раёне гораду, дзе праходзяць сутыкненьні, пражываюць пераважна альбанцы.

У 2001 годзе паўстанцы, якія патрабавалі вялікіх правоў для альбанскае меншасьці, арганізавалі мяцеж супраць ураду Македоніі.

Разрастаньня канфлікту тады ўдалося пазьбегнуць дзякуючы мірнай дамове, якая гарантавала македонскім альбанцам вялікія правы, але напружанасьць захавалася.

Урад Македоніі крытыкуецца ў апошнія месяцы ў сувязі з паведамленьнямі аб незаконным праслухоўваньні і меркаванай спробе схаваць сьмерць мужчыны ў 2011 годзе.

Тысячы дэманстрантаў пабіліся з паліцыяй у Скоп'е ў мінулую сераду.

Палітычны крызіс у Македоніі бярэ пачатак з выбараў 2014 году. Тады апазыцыйная партыя заявіла, што выбары сфальсыфікаваныя, назвала дзейную ўладу дыктатурай і адмовілася ад працы ў парлямэнце.

XS
SM
MD
LG