Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборнай Беларусі не ўдалося нічога супрацьпаставіць расейцам на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Чэхіі — параза з буйным лікам 0:7.

Насуперак чаканьням, якія пасяліла ў заўзятараў упэўненая перамога 7 траўня беларусаў над амэрыканцамі, сёньня выхаванцы Дэйва Льюіса выглядалі «хлопчыкамі для біцьця». І калі ў першым пэрыядзе раз-пораз небясьпечныя моманты ля брамы Сяргея Баброўскага ўсё ж узьнікалі, то два наступныя адрэзкі праходзілі цалкам пад дыктоўку зборнай Расеі.

Кульгала агульная дысцыпліна: за жорсткую гульню на 2+10 хвілін быў выдалены Андрэй Касьціцын, а пачатак трэцяга пэрыяду азмрочыўся выніковым булітам у беларускія вароты. Апроч таго, у адным з момантаў выбыў са строю брамнік Кевін Лаланд, які ў папярэдніх матчах надзейна цэмэнтаваў апошнія камандныя рубяжы.

Гэтым разам зусім сьціплую падтрымку аказала беларуская тарсіда, а заўзятараў з нацыянальнай сымболікай, адрозна ад папярэдніх матчаў, на трыбунах не было бачна ўвогуле.

Такім чынам, пасьля сёньняшняй перамогі расейцы набралі 12 ачкоў і дагналі па гэтым паказьніку амэрыканцаў. У беларусаў багаж застаўся ранейшы — 10 балаў.

Зрэшты, параза ніяк не адбілася на плянах каманды Беларусі фінішаваць у першай чацьвёрцы, што дазволіць працягнуць выступ на стадыі ¼ фіналу. Прынамсі, перамога ў адной з двух апошніх сустрэчаў зробіць такую верагоднасьць вельмі высокай. 11 траўня беларусы гуляюць з фінамі, на наступны дзень — з нарвэсцамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG