Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алея герояў у суседнім з Беларусьсю ўкраінскім горадзе Чарнігаве сёлета значна парадзела.

Са сквэру прыбралі пяць бюстаў камандзіраў Чырвонай арміі — Кацюбінскага, Падвойскага, Антонава-Аўсеенку, Шчорса , Крапівянскага, якія ў 1920-я ўсталёўвалі на Чарнігаўшчыне ды ў іншых рэгіёнах тагачаснай Украінскай Народнай Рэспублікі бальшавіцкі рэжым.

«Гэта фактычна кіраўнікі тагачасных аналягаў тэрыторый „ДНР“ і „ЛНР“ — праектаў савецкай Расеі», — даступна патлумачыў чарнігаўцам доктар гістарычных навук, прафэсар Сяргей Ляпяўка.

Засталіся ў пантэёне толькі помнікі двойчы Герою Савецкага Саюзу, лётчыку Васілю Сянько, генерал-палкоўніку Міхаілу Кірпаносу (у 1941 годзе камандаваў абаронай Чарнігава), а таксама арганізатару «чырвонага казацтва» Віталю Прымакову, біяграфію якога ўважліва аналізуе ўкраінскі Інстытут нацыянальнай памяці.

На алею, дзе багата фантанаў і кветнікаў, з надыходам цёплых веснавых дзён прыходзяць адпачыць многія гараджане. Бываюць сярод іх і вэтэраны Другой усясьветнай вайны, і цяперашнія ўдзельнікі антытэрарыстычнай апэрацыі ў Данбасе, якія прыяжджаюць у Чарнігаў на адпачынак ці знаходзяцца тут праездам.

94-гадовага Аляксея Богдана ў сквэр прывяла немаладая ўжо кабета Галіна, якая апекуецца вэтэранам вайны. Аляксей Ільіч кажа, што ніколі ня думаў, што сыны ды ўнукі расейскіх франтавікоў будуць ваяваць супраць украінскіх аднагодкаў, нашчадкаў украінскіх франтавікаў, як гэта дзеецца цяпер на Данеччыне ды Луганшчыне:

Чарнігаўскі вэтэран вайны Аляксей Богдан

Чарнігаўскі вэтэран вайны Аляксей Богдан

«Ніколі ня думаў, што так атрымаецца. Гэта ж мы сябрамі, лічы, братамі былі. То дурні разьвязваюць вайну — рускіх супраць украінцаў».

Спадарыня Галіна, якая памятае мінулую вайну, не стрымліваецца, дадае:

«Забойцы праклятыя! Тысячы паклалі маладых салдатаў. Я кожны дзень плачу».

Украінскі вэтэран ня носіць баявых узнагародаў. Але не таму, што, як сьцьвярджаюць некаторыя расейскія прапагандысты, ім гэта ва Ўкраіне забараняюць:

«Я інвалід па зроку, мне цяжка вазіцца з ордэнамі — ня бачу».

Гутарку працягвае Мікалай Федарына, сын вэтэрана вайны Аляксея Іванавіча Федарыны — той жывё ў вёсцы за сотню кілямэтраў ад Чарнігава:

«У бацькі на пінжаку вісяць усе мэдалі, ордэны. Калі ласка, ніхто не забараняе — гэта толькі прапаганда. Да яго паедзем, бо ён далёка сам ня ходзіць. Яму таксама 94 гады. Ордэны надзене — пафатаграфуем яго. У яго ўнукі, праўнукі ўжо ёсьць. Пасьвяткуем. Няхай „палечацца“ тыя, хто кажа пра забарону вэтэранам насіць баявыя ўзнагароды. У нас кожны год сьвяткуюць дзень Перамогі».

Сын вэтэрана апавёў, што ягоны бацька з болем успрыняў ваенны канфлікт у Данбасе, дзе Расея падтрымлівае сэпаратыстаў, засылаючы туды ўзбраенне і сваіх вайскоўцаў: «Бацька мой паглядзеў перадачу і кажа: «Унукі маіх аднапалчанаў адзін аднаго забіваюць — як такое можа быць? Гэта нешта з галавою няправільна ў Пуціна».

Па Алеі героеў з гадавалым сынам гуляе маладая маці, якая назвалася Аксанай:

«Два маіх дзяды ваявалі — яны для мяне героі. Яны былі параненымі, але вярнуліся з фронту жывымі. Яны абаранялі нашу зямлю, а цяпер камусьці захацелся зрабіць тут Наваросію — не ў Чарнігаве, а ў Данецку, Луганску. Як і Крым — гэта ж таксама наша зямля. Душа баліць за нашых хлопцаў, якія там гінуць. І душа баліць за тое, што мы заўсёды лічылі расейцаў сваімі братамі, а цяпер гэта дужа цяжка ўспрымаць. І нават ня ведаю, ці зможам мы іх лічыць братамі калісьці ў будучым. Я за сваю жыцьцё, пэўна, ім ужо не дарую — багата ж хлопцаў, у тым ліку знаёмых, загінулі. І што б там ні казалі ў Расеі, але вайна ідзе на нашай зямлі, мы абараняем нашу зямлю».

На вакзале ў Чарнігаве невысокі ўкраінец гадоў каля пяцідзесяці ў камуфляжы, з загарэлым тварам і тонкім абручыкам белых вусоў і бародкі, на запытаньне — «Як там?» — толькі і адказаў: «Страляюць. Прыехаў за папаўненьнем. А заадно і да маці — даўно яе ня бачыў».

Ён сказаў гэта так пранікнёна і шчымліва, што было і без тлумачэньняў зразумела: гэты чалавек ведае кошт жыцьцю. Як, зрэшты, і сьмерці.

Памятны знак загіблым за незалежнасьць

Памятны знак загіблым за незалежнасьць

У Чарнігаве востра адчуваецца, што вайна ходзіць зусім блізка. Не сышла яна ў нябыт, ня зьнікла за 70-гадовым пластом часу. Любы беларус, які ад’ехаў, напрыклад, ад Гомеля паўсотні кілямэтраў на поўдзень, перасёк мяжу з Украінай, адчуе яе дыханьне. Яна — у змучаных тварах украінскіх айскоўцаў з паходнымі рэчавымі мяшкамі за плячыма, у адлюстраваньнях на бігбордах, дзе зьмешчаны здымкі данецкіх «кібаргаў» і словы: «Годнасьць, воля, ПЕРАМОГА!». На дадатак — здымкі.

XS
SM
MD
LG