Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейная зборная Беларусі правядзе чарговы матч на чэмпіянаце сьвету ў Чэхіі — а 13.15 паводле менскага часу на CEZ-арэне ў Астраве яе супэрніцай будзе каманда Расеі. Пасьля чатырох гульняў беларусы зь 10 ачкамі займаюць другое месца ў групе В, расейцы маюць на 1 бал меней і пакуль што разьмясьціліся на чацьвёртай пазыцыі.

Гульцы і трэнэры не хаваюць, што ня супраць паўтарыць подзьвіг, які яны ўчынілі ў гульні з амэрыканцамі, упершыню ў гісторыі адолеўшы «зорна-паласатую» дружыну з буйным лікам 5:2. Але ці ўдасца пабіць расейцаў у дзень Перамогі?

Пакуль статыстыка ўзаемных супрацьстаяньняў зусім не на карысьць беларусаў. З улікам сёньняшняга матчу гэта будзе 13-я афіцыйная сустрэча, пачынаючы ад 1993 году, калі каманда Беларусі дэбютавала ў колісь папулярным турніры на прызы газэты «Известия».

За прамінулы час толькі двойчы вынік можна лічыць станоўчым: мінімальная перамога 1:0 у 2000 годзе на чэмпіянаце сьвету ў Санкт-Пецярбургу і нічыя 2:2 у 1999-м у нарвэскім Хамары — тады на групавым этапе фіксаваўся мірны сыход. Усе астатнія гульні былі прайграныя, некаторыя разгромна. Так што настаў час нарэшце рэабілітавацца ў вачах заўзятараў.

Але ў любым выпадку сэнсацыйная перамога над супернікамі з ЗША на хакейным чэмпіянаце сьвету ў Чэхіі ўжо прымусіла спэцыялістаў разглядаць беларусаў як рэальных кандыдатаў на трапляньне ў 1/4 фіналу.

І пакуль што гадаванцы канадзкага трэнэра Дэйва Льюіса дэманструюць аб’ектыўна клясны ўзровень падрыхтоўкі. Тры ўпэўненыя перамогі над Славеніяй, Даніяй і Злучанымі Штатамі пры адной паразе ў авэртайме ад Славаччыны і лідэрскія пазыцыі ў групе — пакуль што беспрэцэдэнтны вынік за ўсю гісторыю сувэрэннага беларускага хакею. З такім імпэтам мэты можна ставіць самыя амбітныя.

Дагэтуль найлепшым дасягненьнем беларусаў на чэмпіянатах сьвету было шостае месца пад кіраўніцтвам Глена Хэнлана ў Латвіі ў 2006 годзе і чацьвёрты радок на Алімпіядзе ў амэрыканскім Солт-Лэйк-Сіці ў 2002-м, калі зборнай кіраваў Уладзімер Крыкуноў. У абодвух выпадках немалое значэньне мелі ўдача і шчасьлівы зьбег абставінаў. Цяпер жа ў выхаванцаў Дэйва Льюіса відавочна праглядаецца асэнсаваны падыход да справы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG