Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўшчына: да «Дняпроўскага рубяжа» не дайсьці. Зааралі дарогу


Мэмарыял «Дняпроўскі рубеж», узьведзены з ініцыятывы жыхароў Шклова, стаў недаступным. Дарогу да яго зааралі. Каб пабачыць мэмарыял трэба прайсьці добра ўрунелым полем.

Напярэдадні Дня Перамогі нам пашанцавала. Да мэмарыялу нехта праяжджаў на машыне. Па пракладзенай ёю сьцяжыне прарваліся да памятнай мясьціны і мы.

Апошні раз з шклоўскім краязнаўцам Міхаілам Кучарэнкам мэмарыял аглядалі тры гады таму. Тады ўсё тут выглядала нібы пасьля толькі што скончанага бою.

Цяпер акопы ўмацаваныя шчыльна выстаўленымі драўлянымі слупкамі. Праўда, гэта «адзежа» пасьпела падгнісьці ды дзе-нідзе пад ціскам грунту надламацца. У некаторых месцах грунт асеў і падыходзіць да акопаў небясьпечна.

“Адзежа крутасьці” падгніла і надломваецца

“Адзежа крутасьці” падгніла і надломваецца


Міхаіл Кучарэнка, былы вайсковец, тым, як аднавілі акопы, незадаволены. Вінаваціць у нядбайнасьці мясцовыя ўлады.

«Зрабілі яны гэта крайне няўдала, — абураецца краязнаўца. — Усё гэта ўжо пачало завальвацца, толькі год прастаяўшы, і будзе завальвацца далей. Проста непрадумана ўсё зроблена. Абы цяп-ляп. Усё тут у недаробках, і ўсё зноў абрушваецца. Трэба дарабляць такія рэчы, і ціснуць іх я буду да канца».

Памятны знак развальваецца

Памятны знак развальваецца


Салдацкія каскі, якімі абазначаныя ў акопах стралковыя разьлікі, нядаўна пафарбаваныя ў чорны колер. З памятнага знаку абвальваецца тынк і вывальваюцца камяні, зь якіх ён зроблены. Вялізнае пано з пазначаным на ім плянам вайсковых апэрацыяў за восем год выцьвіла. Ля яго вянок. Бліндаж залівае вада, і знутры ён зацьвілы.

Бліндаж залівае вадой. Зарастае цьвільлю

Бліндаж залівае вадой. Зарастае цьвільлю


Міхаіл Кучарэнка доўга апавядае, як пісаў мясцовай уладзе, каб тая аднавіла тое, што ў 2007 годзе было створана з ініцыятывы групы энтузіястаў. Пісаў і расейскаму кіраўніцтву, каб тое паўплывала на ўладу ў Шклове.

«Ня ведаю, што думалі нашы кіраўнікі, калі зьнішчаўся мэмарыял, а яны маўчалі. Месца ж тут прапітанае і крывёю, і нянавісьцю, і верай», — зазначае Міхаіл Кучарэнка.

«Я даўно знайшоў месцы невядомых для нас баёў 1941 году. Два тыдні байцы 18 стралковай дывізіі намертва тут стаялі і не прапусьцілі ніводнага фашыста праз свае баявыя парадкі. Гэта невядомы подзьвіг, і пра яго варта было неяк паведаміць сьвету. Спачатку я, можна сказаць, у адзіночку капаў вось гэты апорны пункт. Потым да мяне далучыліся студэнты. Улада тады добра дапамагла. Выдзеліла працоўных з прадпрыемстваў. Вось так тут і паўстаў мэмарыял».

«Маладаступным ён стаў пасьля таго, як зааралі дарогу да яго, — працягвае краязнаўца. — Я разумею, што ў гонцы за ўраджайнасьцю можна і дарогу заараць. Дзьве жменькі зерня будзе. Калі была дарога сюды, пачалі былі прыяжджаць маладажоны, а калі яе зааралі, то пра мэмарыял пакрысе пачалі забываць».

За тры мэтры ад апорнага пункту, на беразе Дняпра, абэліск. Да яго таксама дарогі няма. Адолеўшы гразкае поле аглядаю помнік і курганок, на якім ён усталяваны. Леташні вянок на баку. Ранейшыя вянкі скінутыя за абэліскам на стромкім рачным беразе.

Вянкі за абэліскам

Вянкі за абэліскам


«Людзі да таго мэмарыялу дужа рэдка ходзяць, бо далекавата, і праз поле трэба прайсьці. Яго збожжам летась засеялі, а калі яно яшчэ падрасьце, то наагул не прайсьці будзе», — апавядае жыхарка вёскі Старыя Стайкі.

Жанчына трымаецца думкі, што бурыць яго ня варта: «Няхай ён стаіць. Ня трэба яго чапаць, — кажа яна. — Калі яго заараць, то якія паўгектара зямлі вялікай карысьці не дадуць гаспадарцы. У свой час там і ўрачыстасьці ладзіліся. А раптам усё гэта зноў спатрэбіцца. Ня трэба яго руйнаваць. Няхай стаіць».

«Я там быў мо паўтары гады таму», — працягвае гутарку яшчэ адзін жыхар вёскі Старыя Стайкі.

«Часам людзі туды ходзяць. Няхай помнік той застаецца. Усё-ткі памяць пра вайну. Каб туды дарогу праклалі — тады б было добра. Летась я здалёк бачыў на флягштоках тры сьцягі — беларускі, расейскі і ўкраінскі. Потым зьнялі іх па восені. Мо сёлета зноў павесяць».

Помнік адрэзаны ад сьвету зарунелым полем

Помнік адрэзаны ад сьвету зарунелым полем


Дзеля чаго зааралі дарога да мэмарыялу — высьветліць не ўдалося. У Александрыйскім сельсавеце запэўнілі, што памятная мясьціна на беразе Дняпра не забытая. Пры гэтым прызналі: дабрацца да мэмарыялу няпроста.

«Мы ўскладаем вянкі на трэцяга ліпеня — на Дзень вызваленьня Беларусі. Летась там былі ўрачыстасьці. Прадстаўнікі Казанскай дывізіі былі там. Уздымалі сьцягі там. Улетку мы абкошваем вакол памятніка. Цяпер жа да яго практычна не дайсьці. Каб дабрацца — трэба ўзараным полем ісьці кілямэтры з два. І дзяцей цяпер прывесьці немагчыма, каб ім паказаць ды расказаць. Да ліпеня, калі падсохне, мы наводзім там парадак, штосьці рамантуем ды ўскладаем вянкі», — паведамілі ў Александрыйскім сельскім савеце.

Пано зь плянам апэрацыяў і баёў

Пано зь плянам апэрацыяў і баёў


Мэмарыял «Дняпроўскі рубеж» быў задуманы як адноўлены апорны пункт дывізіі — з акопамі, бліндажом. Тут жа усталяваны памятны знак і інфармацыйны стэнд. У 2007 годзе мэмарыял зрабілі з ініцыятывы жыхароў райцэнтру. Знаходзіцца ён ля вёскі Новыя Стайкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG