Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ваяваў — і гэтага хопіць!» Амэрыканскі і беларускі вэтэраны распавядаюць пра сваю вайну


Якой бачылі вайну беларускі партызан і амэрыканскі добраахвотнік? Што яны думаюць пра вайну сёньня — праз 70 год перамогі над Нямеччынай? Свабода пагаварыла з 88-гадовым беларусам Фэліксам Шкірманковым са Слаўгарада Магілёўскай вобласьці і 90-гадовым амэрыканцам Джымам Шарпам з Манхэтана штату Канзас.

Яны ваявалі пад рознымі сьцягамі падчас Другой сусьветнай вайны, але дзеля адной мэты. Праз шмат гадоў пасьля перамогі напісалі свае ўспаміны: адзін па-беларуску, другі — па-ангельску. Аднак стаўленьне да вайны ў людзей з розных кантынэнтаў вельмі падобнае.

«Свайго сына на вайну не адпусьціў бы»

Фэлікс Шкірманкоў сустракае карэспандэнтаў Свабоды ў цэнтры Слаўгарада на сваёй «пэжо — 306». Праз два тыдні яму спаўняецца 89 год, і ён найстарэйшы кіроўца Слаўгарадзкага раёну. Слаўгарад — ня самы вялікі горад, але, як кажа Фэлікс Уладзіміравіч, «хадавая частка» яго цела ўжо адмаўляе, у адрозьненьне ад галавы, і хадзіць пешкі яму складана.

Новы дом Шкірманкова стаіць недалёка ад роднай хаты

Новы дом Шкірманкова стаіць недалёка ад роднай хаты



«Я іншы раз задумваюся, што лепей: каб Бог пазбавіў мяне глузду ці здароўя. Хадзіць мне ўжо цяжка, а ў галаве ўсё сьветла».

Фэлікс Уладзімеравіч жыве каля гарадзкога парку — у канцы вуліцы Чырвонафлёцкай. Зусім недалёка ад гэтай вуліцы ён нарадзіўся 27 траўня 1926 году — у збудаванай яшчэ ягоным прадзедам хаце. Дзяцінства сям’я правяла ў суседнім Глуску, дзе іх засьпела вайна.

Бацьку мабілізавалі ў першыя дні. Разам з маці Фэлікс мусіў адправіцца ў эвакуацыю на Ўсход, аднак уцёк у партызаны. Хоць яму было толькі 15 год, ён угаварыў камісара запісаць яго ў атрад.

«У той час патрыятычнае выхаваньне было настолькі моцным, што няма ніякага параўнаньня зь сёньняшнім, — узгадвае вэтэран. — І мы, дзеці, былі ўпэўненыя, што праз пару тыдняў гэтых фашыстаў пагоняць назад».

У працоўным кабінэце ў сябе дома

У працоўным кабінэце ў сябе дома



На пытаньне, ці адпусьціў бы сам Фэлікс Уладзіміравіч свайго 15-гадовага сына на вайну, ён адмоўна хітае галавой.

«Не, хто ж дзіцёнка адпусьціць? Але тады выхаваньне было іншае. У школе былі абарончыя гурткі, дзе праводзіліся заняткі. Было прэстыжным, каб ты меў увесь іканастас значкоў — «Гатовы да працы і абароны», «Гатовы да санітарнай абароны».

Вайна ўспрымалася як звычайная праца

Праз пару тыдняў, аднак, немцы былі ўжо ў Прапойску (так называўся Слаўгарад да 23 траўня 1945 году). Да 1943 года Фэлікс быў у некалькіх партызанскіх атрадах і брыгадах, пакуль яго моцна не паранілі падчас апэрацыі на чыгунцы Вільня-Даўгаўпілс, дзе яны пусьцілі пад адхон эшалён з жывой сілай немцаў. Тады з партызанскага аэрадрома на ўскрайку Бягомля ў савецкі тыл яго даставілі самалётам.

Узнагародныя лісты ў інтэрнэце нядаўна знайшоў сябра Шкірманкова

Узнагародныя лісты ў інтэрнэце нядаўна знайшоў сябра Шкірманкова



Потым быў шпіталь, партызанская школа, Маскоўскае Чырвонасьцяжнае ваенна-інжынэрнае вучылішча. Пасьля вучобы Шкірманкова накіравалі на 4-ы Ўкраінскі фронт, зь якім ён дайшоў да Чэхаславаччыны. Дзень капітуляцыі Нямеччыны — 8 траўня — сустрэлі ў горадзе Аламоўц.

«Вайна ўспрымалася як звычайная праца, якая будзе цягнуцца немаведама колькі. І калі яна скончылася, доўга ня верылася, што вось зараз не разарвецца нейкі снарад ці не ўпадзе бомба. Толькі празь нейкі час я асэнсаваў, што нарэшце пачаліся мірныя будні».

За вайну Фэлікс Уладзімеравіч атрымаў чатыры раненьні. Як ён кажа — па раненьні на год. Толькі 1944-ы, калі доўга ляжаў у шпіталі, а потым быў накіраваны ў вучылішча, абышоўся без раненьняў.



«Калі побач з табой штораз гінуць таварышы, а ты выходзіш цэлым з сытуацый, дзе не павінен выжыць, ты хочаш — ня хочаш, а задумваесься, ці ёсьць Бог? Значыць, я яшчэ павінен быў прайсьці доўгі шлях. Інакш не магу патлумачыць сваё выратаваньне».

«Лёс выратаваў — у КДБ я не прыжыўся»

Пасьля вайны Фэлікс Шкірманкоў разам са сваёй брыгадай апынуўся пад Кіевам — у пасёлку Бравары, дзе сустрэў сваю будучую жонку. Цывільнай спэцыяльнасьці ён ня меў і паступіў на агранамічны факультэт Горацкай сельгасакадэміі ў 1947 годзе. Але доўга вучыцца там яму не давялося.

«Выклікалі мяне ў райаддзел Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі. Цяпер гэта КДБ. Там пачалі апрацоўваць, маўляў, вашае месца сярод нас. Можна доўга расказваць, як і што яны ўмеюць. Я пагадзіўся зь іх прапановай і зноў адзеў пагоны».

Фэліксаў бацька быў камуністам, цалкам давяраў Кампартыі і сам Шкірманкоў. Таму ён шчыра праслужыў у МДБ з 1948 па 1951 год. Аднак болей там не затрымаўся. Па ўсіх тэрмінах яму павінны былі прысвойваць чарговыя званьні, ды гэтага не рабілі. Не дапускалі яго і да апэратыўнай працы — давалі толькі працу з паперамі.

«А ў мяне жонка і сын у Львове. Я выкарыстаў гэта і падаў рапарт аб звальненьні. Мяне спрабавалі ўгаварыць, перавесьці ў міліцыю. Але ж я не пагадзіўся».

Прычыну перашкодаў у працы ў МДБ Фэлікс Уладзімеравіч высьветліў праз шмат гадоў. Тады, вярнуўшыся ў Беларусь, выпадкова ў краме ў Магілёве сустрэў чалавека, які працаваў у абласным аддзеле кадраў МДБ.

«За чаркай ён адкрыў мне таямніцу. Пры праверцы мёй біяграфіі і сваякоў, выявілася, што мой родны дзядзька па лініі маці падчас акупацыі ў Воршы працаваў дырэктарам школы».



Калі ў 1944 годзе Беларусь вызвалілі ад немцаў, за здраду радзіме Фэліксаў дзядзька атрымаў 10 гадоў. І хоць ён зь ім ніколі ў жыцьці не сустракаўся, але кар’ернаму росту ў органах гэта перашкодзіла.

«Празь нейкі час я дзякаваў лёсу, што так адбылося. Бо калі б я там застаўся служыць і мяне прасоўвалі па службе, зь мяне зрабілі б добрага нягодніка».

Сустрэўся з Пазьняком і перайшоў з КПСС у БНФ

Усё працоўнае жыцьцё Фэлікс Уладзімеравіч правёў на Поўначы, дзе прайшоў шлях ад тэхніка-гэоляга да інжынэра-гэоляга. У 1979 годзе, выйшаўшы датэрмінова на пэнсію, разам з жонкай вярнуліся на ягоную радзіму — у Слаўгарад.

Паліца з уласнымі кнігамі і часопісамі, дзе публікаваўся Шкірманкоў

Паліца з уласнымі кнігамі і часопісамі, дзе публікаваўся Шкірманкоў



Пабудаваўшы на накопленыя на Поўначы грошы дом у Слаўгарадзе і маючы шмат вольнага часу, Фэлікс Уладзімеравіч вырашыў напісаць успаміны пра партызанскае жыцьцё. На пачатку 1990-х ён напісаў лісты былым партызанам з просьбай запісаць успаміны пра вайну. Шмат хто зь іх даслаў адказы. Частку інфармацыі Фэлікс Уладзімеравіч знайшоў у партархіве. Кніга «Выратаваньне» выйшла ў 1995 годзе.

«Задума апісаць тыя падзеі зьявілася нашмат раней. Але я лічыў, што гэтую працу павінен быў зрабіць нехта з кіраўніцтва брыгады, хто меў дакладныя зьвесткі. Я быў шараговы партызан і не павінен быў вылазіць наперад. Але ніхто не пісаў, людзі сыходзілі з жыцьця, і я вырашыў за гэта ўзяцца».

Таксама Шкірманкоў выдаваў кнігі сваіх вершаў і казак — агулам 24 кнігі прозы і паэзіі. Дома ў яго ёсьць цэлая паліца з уласнымі кнігамі і часопісамі, дзе ён друкаваўся.

Але асноўнай дзейнасьцю пэнсіянэра-вэтэрана на мяжы 1980-1990-х стала палітыка. Спачатку ўзначаліў партыйную арганізацыю ў камунгасе. А ў 1990 годзе яго абралі дэлегатам ад Магілёўскай вобласьці на Ўсесаюзны зьезд ад дэмакратычнай плятформы Камуністычнай партыі.

«Па вяртаньні я выступіў зь вялікім артыкулам у друку. Мяне тут хацелі спляжыць добра за гэта. Але нічога не атрымалася, і ў рэшце рэшт выступіў з заявай у друку аб выхадзе з КПСС».

Пасьля сустрэчы зь Зянонам Пазьняком на мітынгу ў Менску Фэлікс Шкірманкоў утварыў у Слаўгарадзе раённую раду БНФ. У гэты час ён працаваў старшынём гарадзкога савету дэпутатаў, і раду ўзначаліў ягоны намесьнік. На той час у невялікім Слаўгарадзе ў БНФ было больш як 100 чалавек.

Калі зьмянілі сымболіку, «Пагоню» з гарсавета Шкірманкоў забраў дамоў

Калі зьмянілі сымболіку, «Пагоню» з гарсавета Шкірманкоў забраў дамоў



Фэлікс Шкірманкоў сышоў з улады пасьля прыходу Аляксандра Лукашэнкі. Ня могучы пагадзіцца з палітыкай новага прэзыдэнта, ён напісаў заяву аб сыходзе з пасады старшыні гарсавету. Пасьля зьмены сымболікі забраў з гарсавету дзяржаўны герб «Пагоню», які цяпер вісіць у яго дома.

«За пражытае жыцьцё мне ня сорамна. Ніколі, нават калі я быў актыўным камуністам, ніколі не хлусіў, не рабіў учынкаў, якія маглі б зьняважыць маё імя і справу, за якую я адказваў».

Ваяваў толькі раз. Больш не хацелася

Фэлікс Уладзіміравіч кажа, што ўлады ў раёне сёньня паважліва ставяцца да вэтэранаў. А вось парады ў мільёны даляраў ім зусім не патрэбныя.

Нядаўна Фэлікс Уладзімеравіч «праславіўся» — сустрэўся з Лукашэнкам у Слаўгарадзе

Нядаўна Фэлікс Уладзімеравіч «праславіўся» — сустрэўся з Лукашэнкам у Слаўгарадзе



«Дэманстрацыя зброі — гэта дурніца, якая нікому не патрэбная. І гэтыя пампэзныя парады, навошта яны? Навошта траціць такія грошы, калі іх не хапае для прыстойнага заробку працаўнікоў? Гэта ўсё паказуха!».

Таксама ён наракае на прабелы ў выхаваньні моладзі. Прычыну бачыць у разбэшчанасьці ўладаў і хабарніцтве.

«Гэта ж узьдзейнічае на маладых. Ня думаю, што ў такіх умовах вырастуць людзі, гатовыя бараніць сваю радзіму».

Лепш атрымліваць узнагароды ад унукаў, чым ад баявога камандаваньня

Лепш атрымліваць узнагароды ад унукаў, чым ад баявога камандаваньня



На ягоную думку, толькі сур’ёзныя выпрабаваньні могуць даць адказ, ці правільна выхоўваецца моладзь. Але ён вельмі не хацеў бы, каб на долю будучых пакаленьняў выпала нешта такое, што перажыў у юнацтве ён сам. Вайна, кажа Шкірманкоў, зрабіла зь яго вялікага праціўніка любых канфліктаў.

«Вайна — гэта самае агіднае і супрацьчалавечнае, што можа быць. Звычайныя людзі, такія ж працаўнікі, як і ты, пачынаюць лічыць іншых людзей ворагамі, толькі таму што ім далі такую каманду звыш. Не, ні за што ня стаў бы я зноў ваяваць».

Мы адстаялі мэмарыял Другой сусьветнай вайны

Джыму Шарпу 90 гадоў, але на хатні тэлефон ён рэдка адказвае: кожны дзень у яго расьпісаны справамі, і дамовіцца на відэаінтэрвію вельмі складана. Як высьветлілася, гэтымі днямі ён заняты не сьвяточнымі імпрэзамі, а перамовамі з гарадзкімі ўладамі, якія хацелі на месцы помніка Другой сусьветнай вайны пабудаваць новыя офісы.

Фашыстоўскі сьцяг, прывезены з Нюрнбэргу, вісіць у Джыма дома даўно. Фота Tommy Theis

Фашыстоўскі сьцяг, прывезены з Нюрнбэргу, вісіць у Джыма дома даўно. Фота Tommy Theis



«Але мы зладзілі пратэст, і ўлады зьмянілі сваё рашэньне. Зараз вяду перамовы зь імі і з фундатарамі аб рэканструкцыі мэмарыялу».

Яшчэ ён мае сустрэчы ў Гістарычным таварыстве і ў «Амэрыканскім легіёне» — вайсковым клюбе, дзе раз на месяц сустракаюцца ўсе вайскоўцы ў адстаўцы. У гарадку з насельніцтвам у 25 тысяч чалавек штораз прыходзіць больш за сотню былых вайскоўцаў. Таксама Шарпа часта клічуць у мясцовыя школы і ўнівэрсытэт, бясконца да яго зьвяртаюцца журналісты.

Вядомасьць да Джыма Шарпа прыйшла ў 2010 годзе, калі ён выдаў сваю першую кнігу — «Баявы дзёньнік пяхотніка». А праз два гады пра яго даведалася ўжо ўся Амэрыка, калі ён апублікаваў другую кнігу — «Сяржант Нюрнбэрскай аховы». Аказалася, што Джым служыў ў ахове Нюрнбэрскай турмы, дзе знаходзіліся 22 вышэйшыя кіраўнікі нацысцкай Нямеччыны.

Мне спатрэбілася 50 гадоў, каб загаварыць пра вайну

Вэтэран Другой сусьветнай жыве ў невялічкім дамку. Самыя галоўныя пакоі — кабінэт і музэй з трафэямі, прывезенымі з Эўропы.

«Я чуў, што ў Беларусі свастыка забаронена, — кажа Шарп паказваючы фашыстоўскі сьцяг, які ён прывёз зь Нюрнбэргу. — А вось гэта мапа нашых баёў у Эўропе».

Пад шклом, як у сапраўдным музэі, ляжаць дзьве кніжкі — дзёньнік, які Шарп патаемна вёў падчас вайны, і нататнік, дзе ён сабраў аўтографы дзевяці вязьняў Нюрнбэрскай турмы, у тым ліку Гэрынга, Рыбэнтропа і Ёдля.

«Гэта быў шанец, які здараецца раз у жыцьці, — кажа Шарп. — Мне пашчасьціла быць у гэты гістарычны момант у гэтым месцы і перажыць усё. Але мне спатрэбілася 50 гадоў, каб пачаць гаварыць пра гэта».

Усе сябры пайшлі ў войска, я ня мог заставацца

Шарп нарадзіўся ў раёне Ўайт Сіці, што ў цэнтральным Канзасе. Яго бацькі былі фэрмэрамі і пастаўлялі ежу для войска, а таму Джым меў сельскагаспадарчую адтэрміноўку ад мабілізацыі.

На тым самы месцы ў Нюрнбэргу праз 40 гадоў. Фота Tommy Theis

На тым самы месцы ў Нюрнбэргу праз 40 гадоў. Фота Tommy Theis



«Я мог бы й не ісьці ў войска, але ўсе мае сябры, зь якімі я гуляў у баскетбол і амэрыканскі футбол, усе былі ў войску за мяжой. Нехта быў паранены, нехта быў забіты. Дык чаму ж я застаюся тут і не дапамагаю ім?»

Джым сказаў пра гэта бацьку і пасьля восеньскага распродажу гародніны адправіўся служыць. Адзінае, пра што папрасіў яго бацька, — не запісвацца ў пяхоту.

«Мой дзядзька служыў у пяхоце ў Першую сусьветную вайну, таму тата ведаў, што гэта такое. Але гэта не дапамагло, і я ўсё адно трапіў у пяхоту».

Пасьля 13 тыдняў ваеннай падрыхтоўкі на базе ў Алябаме Джым Шарп быў накіраваны ў 18-ы пяхотны полк 1-й пяхотнай дывізіі. Адразу ён патрапіў на фронт, дзе ўдзельнічаў у Ардэнскай апэрацыі, у якой амэрыканскія войскі панесьлі вялізныя страты.

«Ужо ў першую ноч пасьля прыбыцьця ў стан палка я замяняў забітага ў акопе байца», — узгадвае Шарп.

Доўгімі гадзінамі салдаты сядзелі ў халодных акопах, намагаючыся прыпыніць прасоўваньне немцаў у Бэльгіі, Люксэмбургу і Францыі.

«Я думаў, што замерзну да сьмерці, — кажа Шарп. — Можна было альбо сядзець у акопе, альбо йсьці ў бой на перадавую. Не сказаў бы, што акоп быў лепшым месцам. Я там абмарозіў ступні, і дагэтуль узімку яны ўвесь час патнеюць».

Калі выдавалася вольная хвілінка, Джым рабіў нататкі ў сваім дзёньніку. Пра гэта ведалі толькі яго таварышы па акопе. Калі б даведалася начальства, маглі б асудзіць.

Кнігу напісаў для дзяцей, каб ведалі, што такое вайна

У красавіку 1945 году ягоны полк выйшаў да Рэйну, дзе Шарп быў паранены. Потым ён апынуўся ў Нюрнбэргу. Тут задачай амэрыканцаў было адлоўліваць атрады гестапа, якія яшчэ хаваліся па ўсёй Нямеччыне.

Яшчэ адзін трафэй зь Нюрнбэргу. Фота Tommy Theis

Яшчэ адзін трафэй зь Нюрнбэргу. Фота Tommy Theis



У гэты час пачынаўся Нюрнбэрскі працэс, і Шарпа, ужо ў званьні сяржанта, адабралі для аховы кіраўнікоў нацысцкай Нямеччыны. Сьледзтва зацягвалася, стасункі паміж наглядчыкамі і вязьнямі рабіліся больш разьняволенымі, і Джым вырашыў сабраць іхнія аўтографы. Яму ўдалося угаварыць расьпісацца ў ягоным нататніку 9 з 22 падсудных.

«Па статуце гэтага рабіць было нельга. Нельга было нават размаўляць зь імі — толькі перадаваць загады. Таму я нікому не расказваў пра гэты нататнік».

Па словах Джыма, публікаваць свае мэмуары ён ніколі не зьбіраўся ў першую чаргу праз дрэнныя ўспаміны, якія засталіся ад вайны. Але з часам дзеці пачалі распытваць яго, і ён вырашыў растлумачыць, якая страшная і разбуральная вайна.

«Я вырашыў напісаць пра гэта для сваякоў, — кажа Джым. — Мой дзядзька ўдзельнічаў у Першай сусьветнай, але нічога не расказваў пра яе нам, дзецям. Можа быць, гэта адна з прычынаў, чаму я гавару пра вайну больш, чым іншыя, хто быў у баі».

Пасьля вяртаньня з вайны Джым стаў адвакатам міру, пры любой нагодзе даводзячы непатрэбнасьць войнаў.

«Людзі мусяць ведаць, якая яна брыдкая. Баі на лініі фронту, я лічу, што гэта ўзаконенае злачынства, калі адны людзі забіваюць іншых. Трэба знайсьці нейкія іншыя спосабы вырашэньня праблемаў паміж краінамі».

Пра Дзень Перамогі тут шмат хто ня ведае

Нягледзячы на тое, што амэрыканцы згубілі 400 тысяч чалавек у Другой сусьветнай вайне, далёка ня ўсе ведаюць пра ўдзел краіны ў вайне супраць Нямеччыны. На днях ён сустракаўся з выкладчыкамі ўнівэрсытэту, і некаторыя зь іх ня ведалі, што адбылося 8 траўня 1945 году.

«Так, мяне запрашаюць на сустрэчы зь дзецьмі ў пачатковую школу, але калі вы пачнеце пытаць людзей на вуліцы, я сумняюся, што хоць палова зь іх адкажа, што адбылося 8 траўня».

Джым тлумачыць, што ў ЗША не адзначаецца Дзень Перамогі. Замест яго тут існуе Дзень памяці і Дзень вэтэранаў.

«У нас недастаткова ўвагі надаецца Другой сусьветнай вайне», — кажа ён.

У той жа час, калі Джым выходзячы з дому апранае кепку, на якой напісана «Вэтэран Другой сусьветнай вайны», да яго падыходзяць звычайныя людзі, каб аддзячыць за службу ў войску.

«Я ганаруся насіць гэтую кепку. Вельмі нечакана, але шмат маладзёнаў падыходзіць і дзякуе за службу. Некаторыя пытаюць: «А ці ведалі вы майго дзеда, ён таксама ваяваў?»

Вэтэран хацеў бы, каб дзеці добра ведалі пра вайну. У такім разе, ён спадзяецца, людзі маглі б паўплываць на ўрад ЗША, які дагэтуль траціць мільярды даляраў на ваенныя канфлікты.

«Я не хацеў бы, каб мае дзеці ваявалі. Я ваяваў, і гэтага хопіць. Нам больш не патрэбная войны. Усе пытаньні трэба вырашаць дыпляматыяй».

XS
SM
MD
LG