Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Заяву з нагоды 70-годзьдзя заканчэньня Другой сусбветнай вайны.

Рада БНР нагадвае, што «70 гадоў таму, у ноч з 8 на 9 траўня 1945 г., быў падпісаны Акт пра капітуляцыю гітлераўскай Нямеччыны, і ў Эўропе афіцыйна скончылася Другая сусьветная вайна. У вайне загінула больш за чвэрць жыхароў Беларусі. Гэтая лічба ўключае загінулых з усіх бакоў фронту, а таксама ўсіх загінулых цывільных жыхароў. Істотную частку ахвяраў (да 800 тысяч) склалі беларускія габрэі, якіх нямецкія нацысты мэтанакіравана вынішчалі».

У Заяве адзначаецца, што «вайна пачалася для Беларусі ў верасьні 1939 году, калі нацыстоўская Нямеччына і сталінскі СССР пасьля падпісаньня Пакту Молатава-Рыбэнтропа ўдвох напалі на Польшчу, і на ўсіх этапах суправаджалася масавым тэрорам супраць мірнага насельніцтва з усіх бакоў канфлікту».

«Перамога над нацыянал-сацыялістычнай Нямеччынай, важны ўнёсак у якую зрабілі беларусы, выратавала мільёны людзей ад прамой пагрозы фізычнага вынішчэньня. На жаль, у выніку вайны Беларусь не атрымала свабоды, але на амаль 50 гадоў засталася пад савецкай акупацыяй, якая суправаджалася русыфікацыяй і рэпрэсіямі супраць іншадумцаў, у тым ліку супраць прыхільнікаў дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі», — гаворыцца ў Заяве.

Рада БНР лічыць, што «чалавецтва павінна шанаваць памяць ахвяраў Другой сусьветнай вайны і зрабіць усё, каб такая вайна ніколі больш не паўтарылася».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG