Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самі кансэрватары зьдзіўленыя сваёй перамогай»


На выбарчым участку ў Оксфардзе, 7.05.2015

На выбарчым участку ў Оксфардзе, 7.05.2015

У Вялікабрытаніі ўсё яшчэ ідуць падлікі вынікаў галасаваньня ва ўчорашніх парлямэнцкіх выбарах, але ўжо вядома, што выбары зь вялікім адрывам выйграла Кансэрватыўная партыя прэм’ер-міністра Дэйвіда Кэмэрана, якая здабыла як мінімум палову месцаў у 650-мандатнай Палаце абшчынаў. Традыцыйныя супернікі кансэрватараў, лейбарысты, атрымалі каля 230 дэпутацкіх мандатаў. У Шатляндыі аглушальную перамогу атрымалі нацыяналісты, якія ўзялі 56 з 59 магчымых месцаў у парлямэнце.

Пракамэнтаваць вынікі брытанскіх выбараў мы папрасілі Яраслава Крывога, заснавальніка аналітычнага Цэнтру імя Астрагорскага і галоўнага рэдактара выданьня Belarus Digest.

Яраслаў Крывой

Яраслаў Крывой

РС: Перад выбарамі чакалася, што ні кансэрватары, ні лейбарысты ня маюць шанцаў атрымаць паловы месцаў у Палаце абшчынаў. Ужо вядома, аднак, што кансэрватары атрымалі як мінімум палову мандатаў у парлямэнце і зусім магчыма, што цяпер, каб кіраваць краінай, ніякая кааліцыя ім не спатрэбіцца. Чаму такі вынік?

Яраслаў Крывой: Насамрэч людзі казалі, што гэтыя выбары — адны з найбольш непрадказальных у гісторыі Вялікабрытаніі апошніх дзесяцігодзьдзяў. Таму ніхто ня мог дакладна сказаць, ці будзе ў кагосьці большасьць, ці будзе трэба ствараць кааліцыю і які вынік атрымае UKIP, то бок Брытанская незалежніцкая партыя. Не было кансэнсусу, хто пераможа, і ўсе казалі, што вынік выбараў моцна невядомы. Я думаю, самі кансэрватары зьдзіўленыя, што яны будуць мець большасьць у парлямэнце і што ім удасца сфармаваць урад.

РС: Што перамога партыі Дэйвіда Кэмэрана азначае для замежнай палітыкі Вялікабрытаніі? Кэмэран сапраўды арганізуе рэфэрэндум аб выхадзе краіны з Эўразьвязу, як абяцаў? Ці гэта толькі застрашваньне Брусэлю, каб там болей лічыліся з пазыцыяй Лёндану?

Крывой: Пытаньне пра рэфэрэндум адыграла даволі важную ролю для Кансэрватыўнай партыі, бо яны хацелі адцягнуць галасы ад Незалежніцкай партыі, якая стаіць на вельмі антыэўрапейскіх і антыіміграцыйных пазыцыях. Таму, уздымаючы гэтае пытаньне, яны фактычна гулялі на полі Незалежніцкай партыі.

Канешне, калі кансэрватары паабяцалі зрабіць рэфэрэндум па пытаньні сяброўства ў Эўразьвязе, то рана ці позна яны зробяць гэты рэфэрэндум. Але маё разуменьне такое, што пераважная большасьць грамадзянаў Вялікабрытаніі выступаюць за тое, каб захоўваць адносіны з Эўразьвязам і заставацца ўнутры Эўразьвязу. Хаця рэфэрэндум будзе нэрваваць інвэстараў у іншых краінах, я ўсё ж думаю, што калі ён адбудзецца, пытаньне будзе вырашанае на карысьць таго, каб застацца ў Эўразьвязе.

РС: Пра што сьведчыць слабы вынік Незалежніцкай партыі Найджэла Фаража, якая выступае, сярод іншага, супраць імігрантаў у Вялікабрытаніі? Людзі не падтрымліваюць такой палітыкі, ці проста мажарытарная выбарчая сыстэма — тыпу first-past-the-post-voting —насамрэч хавае сапраўдную падтрымку для такіх партый і поглядаў?

Крывой: Безумоўна, вельмі вялікую ролю адыгрывае тут выбарчая сыстэма, бо нягледзячы на тое, што па ўсёй краіне гэтую партыю падтрымліваюць мільёны выбаршчыкаў, толькі адзінкі з гэтай партыі атрымалі месцы ў парлямэнце. Гэта з аднаго боку. Зь іншага боку, гэта таксама паказвае, што брытанцы ўсё ж такі даволі сьпелая палітычна нацыя, і яна не павялася на даволі папулістычную рыторыку партыі Найджэла Фаража ды не падтрымала яго. Гэта сьведчыць пра тое, што ў сваёй большасьці брытанцы ня супраць іміграцыі як такой, ня супраць таго, каб краіна заставалася ў Эўразьвязе. Гэта, на маю думку, добрая навіна для ўсіх — і для Эўропы, і для брытанцаў.​

XS
SM
MD
LG