Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус — расейцам: як выйграем 9 траўня, радасьці будзе яшчэ больш


Беларускія заўзатары на матчы ЧС-2015 па хакеі Беларусь — ЗША. Гістарычныя і афіцыйныя сьцягі — на адной трыбуне

Беларускія заўзатары на матчы ЧС-2015 па хакеі Беларусь — ЗША. Гістарычныя і афіцыйныя сьцягі — на адной трыбуне

Каманда Беларусі па хакеі марыць паўтарыць учорашні подзьвіг у гульні з амэрыканцамі — «пабіць» расейцаў у дзень Перамогі.

Сэнсацыйная перамога зборнай Беларусі над супернікамі з ЗША на хакейным чэмпіянаце сьвету ў Чэхіі прымусіла спэцыялістаў разглядаць беларусаў як рэальных кандыдатаў на трапляньне ў 1/4 фіналу. Ці не перабольшаныя авансавыя чаканьні ад традыцыйнага «серадняка» ўсясьветнага хакею?

Пакуль што гадаванцы канадзкага трэнэра Дэйва Льюіса дэманструюць аб’ектыўна клясны ўзровень падрыхтоўкі. Тры ўпэўненыя перамогі над Славеніяй, Даніяй і Злучанымі Штатамі пры адной прыкрай паразе ў авэртайме ад Славаччыны і першае прамежкавае месца ў групе — пакуль што беспрэцэдэнтны вынік за ўсю гісторыю сувэрэннага беларускага хакею.

Годную падтрымку хакеістам забясьпечылі трыбуны — беларуская тарсіда заглушыла нешматлікіх амэрыканскіх заўзятараў. Падчас атакаў на вароты зборнай ЗША камэра вымушана спынялася на бел-чырвона-белым антуражы залі — нацыянальных сьцягах і гербе «Пагоня». Гістарычныя сымбалі прывёз у Астраву з Прагі заўзятар са стажам, была палітвязень Аляксей Шыдлоўскі:

«Учора было шэсьць чалавек, якіх я канкрэтна ведаў. На першай гульні — тры, але акрамя таго, яшчэ чалавек 20, зь якімі не знаёмы і якія зь бел-чырвона-белымі сьцягамі прыехалі менавіта зь Беларусі. Дыспарытэт паміж бел-чырвонымі і чырвона-зялёнымі — дзесьці 20×80 на карысьць апошніх. Але ўсьцешыла, што было паразуменьне, разам хадзілі пілі піва, віталіся. У прынцыпе, не заўважыў нейкіх касых поглядаў: гэтым разам ні заўваг, ні канфліктаў, ні боек. Магчыма, нехта і хацеў бы нешта ўчыніць, але на агульным фоне выглядаў бы неадэкватна, бо бальшыня ставіцца да гістарычных сымбаляў прыязна. На жаль, для мяне стадыённы варыянт пакуль скончыўся. Калі нашы трапяць у чвэрцьфінал, магчыма, яшчэ ўдасца паглядзець, але пакуль абмяжуюся тым, каб адсочваць гульні ў трансьляцыях у праскай фан-зоне, у Остраву выехаць не змагу».

Аляксей Шыдлоўскі: экіпіраваны і засяроджаны

Аляксей Шыдлоўскі: экіпіраваны і засяроджаны

Цяжка спадзявацца, што беларусам удасца захаваць лідэрскія пазыцыі да канца групавых спаборніцтваў, але самі хлопцы рашуча настроеныя даць бой у астатніх матчах з камандамі Расеі, Фінляндыі і Нарвэгіі. Адваяваць тры ачкі ў нарвэжцаў — цалкам па сілах, але ўстаноўка галоўнага трэнэра — на тое, каб ужо 9 траўня падпсаваць патасна-пераможны настрой расейцам.

Адразу пасьля заканчэньня ўчорашняй сустрэчы Аляксей Шыдлоўскі пакінуў запіс у Фэйсбуку: «Пасьля матча з амэрыканцамі расейцы кінуліся віншаваць зь перамогай. Сказаў ім: „Вы следующие“. Больш абдымкаў не было».

Як увогуле паводзяць сябе заўзятары з Расеі? Аляксей Шыдлоўскі кажа, што большая частка ўспрымае Беларусь у «неадрыўнай зьвязцы» і не разумее, калі бачыць іншае стаўленьне з боку беларусаў:

«Так атрымалася, што мы з хлопцамі пайшлі на экскурсію на бровар і там трапілі ў адну групу з расейскімі заўзятарамі. Яны доўгі час не маглі ўцяміць, зь якой мы краіны, бо не разумелі мову. А пасьля прад’явілі: „Так вы же из Белоруссии! Почему по-русски не разговариваете?“. І хоць яны нашы погляды на падзяляюць, але пасьля матчу падышлі да нас і кажуць: добра, што валіце „амэрыкосаў “ у дзень Перамогі. Паспрабаваў ім растлумачыць, што крыху інакш да гэтага стаўлюся: вельмі рады за беларусаў, але гэта проста хакей. І калі выйграем 9 траўня ў вас, буду задаволены ня менш, а можа і больш. Дарэчы, адчуваецца, што ў расейцаў фінансавы крызіс: ня так шмат дурных грошай, і на іншыя каманды ходзяць мала — учора на гульні беларусаў заўважыў максымум пару дзясяткаў з расейскай сымболікай. Астатнія ходзяць толькі на матчы зборнай Расеі».

Аляксей зь сябрамі Віталём Цімошчанкам і Аляксеем Францкевічам

Аляксей зь сябрамі Віталём Цімошчанкам і Аляксеем Францкевічам

У чым прычына такой пераканаўчай гульні на старце 79-га чэмпіянату сьвету? На мінулагоднім першынстве ў Менску беларусы, якія выступалі пад кіраўніцтвам іншага канадзкага спэцыяліста Глена Хэнлана, хоць і не былі ў ролі пастаўшчыкоў балаў для іншых камандаў, але сёлетнім напорам пахваліцца не маглі.

Адмыслоўцы сыходзяцца на думцы, што сьвежы імпульс гульцам, якія нарэшце адважыліся ўчыняць набегі на палову пляцоўкі суперніка, надаў галоўны трэнэр Дэйв Льюіс. Кантракт зь ім Фэдэрацыя хакею Беларусі падпісала летась у сярэдзіне сьнежня — пасьля таго, як адмовіўся працягваць супрацоўніцтва зь беларусамі Глен Хэнлан, а за ім перадумаў заступаць на вакантную пасаду і расейскі трэнэр Уладзімер Крыкуноў.

У перапынку матча Беларусь — ЗША

У перапынку матча Беларусь — ЗША

Спартовыя аглядальнікі перакананыя, што такі зьбег абставінаў згуляў на руку ўсёй зборнай: адрозна ад шматлікіх папярэднікаў, Льюіс здолеў надзяліць гульцоў псыхалёгіяй пераможцаў. Калі дагэтуль уся стратэгія будавалася ад абароны, гульні другім нумарам, то на чэмпіянаце сьвету зьмены відавочныя — пошук шчасьця ў зоне суперніка. Станоўчыя пераўтварэньні адзначае і заўзятар Аляксей Шыдлоўскі:

«Так, мне вельмі спадабалася гульня зборнай: гуляюць сьмела, рашуча, аддана. Мы сядзелі зусім побач з пляцоўкай, бачылі, што ў хлопцаў напраўду агонь у вачах, што яны вельмі стараюцца, шчыра хочуць паказаць годную гульню. Таму посьпех цалкам заканамерны, прынамсі лягічны. Асабіста я лічу, што Льюісу трэба прапаноўваць новы, больш працяглы кантракт — ёсьць вынік, якога не было раней, ёсьць гульня. Ня проста тактыка на адбой, а гульня якасная».

У парыве заўзеньня

У парыве заўзеньня

Як паведамілі ў хакейнай фэдэрацыі, кантракт з Дэйвам Льюісам заключаны да Алімпійскіх гульняў 2018 году. Першая частка падпісаная да 31 траўня, гэта значыць, да канца сёлетняга сэзону — трэнэр сам папрасіў даць яму час, каб аб’ектыўна ацаніць, ці можна зьляпіць з калектыву нешта ўцямнае. Пакуль гэта ўдаецца.

Дагэтуль найлепшым дасягненьнем беларусаў на чэмпіянатах сьвету было шостае месца пад кіраўніцтвам Глена Хэнлана ў Латвіі ў 2006 годзе і чацьвёрты радок на Алімпіядзе ў амэрыканскім Солт-Лэйк-Сіці ў 2002-м, калі зборнай кіраваў Уладзімер Крыкуноў. У абодвух выпадках немалое значэньне мелі ўдача і шчасьлівы зьбег абставінаў. Цяпер жа ў выхаванцаў Дэйва Льюіса відавочна праглядаецца асэнсаваны падыход да справы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG