Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі касьмічны карабель «Прагрэс» згарэў над Ціхім акіянам


Расейскі касьмічны карабель "Прагрэс" на стартавай пляцоўцы на касмадроме Байканур, 28 красавіка 2015 году
Расейскі касьмічны карабель "Прагрэс" на стартавай пляцоўцы на касмадроме Байканур, 28 красавіка 2015 году

Невялікія фрагмэнты расейскага карабля, якому не ўдалося даставіць на МКС ежу, а таксама копію сьцяга Перамогі і георгіеўскія стужкі, магчыма, упалі ў ваду.

Бесьпілётны касьмічны карабель «Прагрэс» увайшоў у шчыльныя слаі атмасфэры і спыніў існаваньне, паведамляе Reuters са спасылкай на Раскосмас.

Карабель, на борце якога знаходзілася больш за тры тоны прадуктаў харчаваньня, паліва і іншых грузаў для экіпажа МКС, сышоў з арбіты ў пятніцу а 05.04 паводле маскоўскага часу, гаворыцца ў паведамленьні расейскага касьмічнага агенцтва.

У той момант «Прагрэс» пралятаў над цэнтральнай часткай Ціхага акіяна, гаворыцца далей у паведамленьні.

Чакалася, што карабель цалкам згарыць падчас уваходжаньня ў шчыльныя слаі атмасфэры на высокай хуткасьці, але невялікія фрагмэнты, магчыма, захаваліся і ўпалі ў акіян.

«Толькі некаторыя невялікія фрагмэнты элемэнтаў канструкцыі могуць дасягнуць паверхні плянэты», — гаварылася ў паведамленьні Раскосмаса, выпушчаным у чацьвер.

Грузавы карабель быў запушчаны 28 красавіка з касмадрома Байканур, але так і не прыстыкаваўся да МКС — арбітальнай лябараторыі коштам 100 мільярдаў даляраў, якая лётае на вышыні каля 420 кілямэтраў над Зямлёй.

Цэнтар кіраваньня палётамі страціў кантакт з грузавым караблём неўзабаве пасьля таго, як ён аддзяліўся ад трэцяй ступені ракеты-носьбіта «Саюз» — прыкладна празь дзевяць хвілінаў пасьля запуску.

Расьсьледаваньне няўдалай місіі працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG