Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: «Сёньня Ўкраіна — гэта новы фронт Эўропы»


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева), кіраўнік Польшчы Браніслаў Камароўскі (у цэнтры) і генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун. Гданьск, 7 траўня 2015 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева), кіраўнік Польшчы Браніслаў Камароўскі (у цэнтры) і генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун. Гданьск, 7 траўня 2015 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выказаў падзяку сусьветным лідэрам за адмову «ўдзельнічаць у парадзе цынізму» 9 траўня ў Маскве.

Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім і генэральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам.

Парашэнка адзначыў, што ў гэтым годзе Ўкраіна ўпершыню далучыцца да эўрапейскай традыцыі ўшанаваньня ахвяраў Другой сусьветнай вайны 8 траўня.

«У той час, як на наступны дзень у Маскве, пад падставай вялікай Перамогі, армія агрэсара будзе бразгаць сваёй сьмяротнай моцай на ўвесь сьвет», — сказаў Парашэнка ў чацьвер, 7 траўня, у Варшаве.

У той жа дзень у Гданьску Парашэнка прыняў удзел у сьвяткаваньні 70-годзьдзя перамогі над нацызмам. Падчас свайго выступу ўкраінскі лідэр правёў паралель паміж падзеямі, якія мелі месца ў пачатку Другой сусьветнай вайны, і расейскай агрэсіяй ва Ўкраіне. Ён нагадаў, што ў верасьні 1939 году ў Берасьці адбыўся сумесны парад нямецкіх і савецкіх войскаў. Сёньня, сказаў прэзыдэнт Украіны, важны міжнародны гулец ігнаруе ўрокі гісторыі. Па словах Парашэнка, 9 траўня на парадзе Перамогі ў Маскве будуць расейскія танкі, якія прымалі ўдзел у ваенных дзеяньнях на Данбасе. Парашэнка назваў сытуацыю ва Ўкраіне цяжкім выклікам для Эўропы.

«Гэта сапраўдны тэст на салідарнасьць і адзінства ЭЗ, тэст на вернасьць базавым эўрапейскім прынцыпам», — казаў прэзыдэнт Украіны. Ён таксама адзначыў:

«Сёньня Ўкраіна — гэта новы фронт Эўропы. Пасьляваенныя ўрокі эўрапейскай інтэграцыі вучаць, што Ўкраіна павінна інтэгравацца ў эўрапейскую сям’ю».

Парашэнка заклікаў прысутных палітыкаў прыняць у эўрапейскую супольнасьць украінскі народ, які зрабіў важкі ўнёсак у перамогу над нацызмам. Ніводнаму з эўрапейскіх палітыкаў, якія бралі ўдзел у гданьскай дыскусіі, не апладзіравалі так доўга, як Парашэнку.

На словы прэзыдэнта Ўкраіны ў сваім выступе спаслаўся Дональд Туск, прэзыдэнт Эўрапейскай Рады. Ён выказаў надзею, што сучасныя эўрапейцы будуць больш адказнымі, чым іх папярэднікі ў 1939 годзе, якія не ўспрынялі з усёй сур’ёзнасьцю першыя прыкметы сусьветнай вайны. «Трэба быць гатовымі да падзеяў, якія мы ня можам прадказаць», — сказаў Дональд Туск.

«Шмат хто з нас вырашыў ня ўдзельнічаць у сьвяце Перамогі ў Маскве, таму што мы паспрабавалі зазірнуць у будучыню, таму што пачалі задумвацца пра тое, які будучы парад перамогі можа мець на ўвазе арганізатар гэтага параду», — адзначыў ён.

Па словах Туска, аб’яднаная Эўропа павінна быць адказнай і моцнай, выклікаць да сябе павагу. На думку прэзыдэнта Эўрапейскай Рады, гэта магчыма.

XS
SM
MD
LG