Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэйв Льюіс, які «распасьцёр» беларусам крылы


Зборная Беларусі на чэмпіянаце сьвету 2015 у Чэхіі

Зборная Беларусі на чэмпіянаце сьвету 2015 у Чэхіі

Зборная Беларусі атрымала адну з самых гучных перамог на чэмпіянатах сьвету — упершыню ў гісторыі сувэрэннага хакею беларусам удалося адолець каманду ЗША. Прычым, з буйным лікам 5:2.

Пасьля чатырох гульняў выхаванцы канадзкага трэнэра Дэйва Льюіса зь 10 ачкамі займаюць першы радок у сваёй групе.

Бадзёры старт на ўсясьветным першынстве ў Чэхіі беларуская каманда ўзяла ад самага пачатку: спачатку былі мацнейшыя за славенцаў, толькі ў овэртайме саступілі славакам, нарэшце, упэўнена перагулялі супернікаў з Даніі.

У супрацьстаяньні з амэрыканцамі на асаблівы цуд не разьлічвалі ні адмыслоўцы, ні заўзятары, ні, праўдападобна, самі хакеісты — сем ранейшых сустрэчаў нязьменна заставаліся за «зорна-паласатымі». Да таго ж, напярэдадні заакіянскія хакеісты без праблемаў разабраліся з расейцамі, якія пасьлядоўна перамагалі супернікаў на клясе.

Аднак, узяўшы добры разьбег ужо на старце, цягам усёй сустрэчы беларусы ініцыятывы не аддавалі. Уласным прыкладам адзначыўся капітан Аляксей Калюжны, які закінуў дзьве шайбы і па выніках гульні быў прызнаны лепшым у беларускай камандзе.

Пасьля сэнсацыйнай перамогі досыць выразна акрэсьліліся віды на наступны этап спаборніцтваў — ¼ фіналу. Наперадзе яшчэ матчы са зборнымі Расеі, Фінляндыі і Нарвэгіі, але гэтыя калектывы ў розныя гады беларусы ўжо перайгравалі — прынамсі, каб стварыць «падушку бясьпекі», 3 ачкі ў скандынаваў адабраць цалкам рэальна.

Паводле новай формулы вызначэньня пераможцаў на стадыі плэй-оф, адаптаванай летась у Менску, па чатыры лепшыя каманды выйдуць у ¼ фіналу і сустрэнуцца мэтадам «скрыжаваньня» мацнейшых са слабейшымі: першая — з чацьвёртай, другая — з трэцяй і г.д. Каб не патрапіць на прапісных фаварытаў кшталту Канады ці Швэцыі, трэба намагацца ўзьняцца ў сваёй групе як мага вышэй.

У чым сакрэт такой пераканаўчай гульні на старце 79-га чэмпіянату сьвету? На мінулагоднім першынстве ў Менску беларусы, якія выступалі пад кіраўніцтвам іншага канадзкага спэцыяліста Глена Хэнлана, таксама не былі ў ролі пастаўшчыкоў балаў для іншых камандаў, але падобным напорам пахваліцца не маглі. Пры тым, што кадравы склад збольшага захаваўся.

Адмыслоўцы сыходзяцца ў меркаваньні, што сьвежы струмень у гульцоў, якія нарэшце адважыліся ўчыняць сьмелыя «набегі» на палову пляцоўкі суперніка, надаў галоўны трэнэр Дэйв Льюіс. Кантракт зь ім Фэдэрацыя хакею Беларусі падпісала ў апошнія дні мінулага году — пасьля таго, як адмовіўся працягваць супрацоўніцтва зь беларусамі Глен Хэнлан, а пасьля перадумаў заступаць на вакантную пасаду і расейскі трэнэр Уладзімер Крыкуноў.

Спартовыя аглядальнікі перакананыя, што такі зьбег абставінаў згуляў на руку ўсёй зборнай: адрозна ад шматлікіх папярэднікаў, Льюіс здолеў надзяліць гульцоў псыхалёгіяй пераможцаў.

Спартовыя аглядальнікі перакананыя, што такі зьбег абставінаў згуляў на руку ўсёй зборнай: адрозна ад шматлікіх папярэднікаў, Льюіс здолеў надзяліць гульцоў псыхалёгіяй пераможцаў. Калі дагэтуль уся стратэгія будавалася ад абароны, гульнёй другім нумарам, то прынамсі на чэмпіянаце сьвету зьмены відавочныя — пошук шчасьця ў зоне суперніка.

Зрэшты, ці не выпадковыя гэтыя рэвэрансы — пакажуць бліжэйшыя гульні 9 і 11 траўня з расейцамі і фінамі.

Як паведамілі ў хакейнай фэдэрацыі, кантракт з Дэйвам Льюісам разглядаецца да Алімпійскіх гульняў 2018 году. Першая частка падпісаная да канца сёлетняга сэзону, гэта значыць, да 31 траўня — трэнэр сам папрасіў даць яму час, каб аб’ектыўна ацаніць, ці можна зьляпіць з калектыву нешта ўцямнае. Пакуль гэта ўдаецца.

Дагэтуль лепшым дасягненьнем беларусаў на чэмпіянатах сьвету было 6 месца пад кіраўніцтвам Глена Хэнлана ў Латвіі і 4 радок на Алімпіядзе ў амэрыканскім Солт-Лэйк-Сыці, калі кіраваў зборнай Уладзімер Крыкуноў. У абодвух выпадках немалое значэньне гралі ўдача і шчасьлівы зьбег абставінаў. Але цяпер жа ў выхаванцаў Дэйва Льюіса відавочна праглядаецца асэнсаваны падыход да справы.

Беларусы на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Празе, 2015 год

Беларусы на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Празе, 2015 год

Дэйвід Родні Льюіс нарадзіўся 3 ліпеня 1953 году ў правінцыі Саскачэван ў цэнтральнай частцы Канады. Хакейную кар’еру пачаў у якасьці абаронцы ў камандзе «Саскатун Блэйдз», якая выступала ў моладзевай лізе. Па выніках аматарскага драфта НХЛ у 1973 годзе трапіў у «Нью-Ёрк Айлэндэрс», затым гуляў за «Лос-Анджэлес Кінгз», «Нью-Джэрсі Дэвілз» і «Дэтройт Рэд Уінгз». Усяго ў актыве Льюіса больш за 1000 гульняў у НХЛ.

У 1987-м увайшоў у штаб каманды «Дэтройт Рэд Уінгз», разам зь якой тройчы станавіўся ўладальнікам Кубка Стэнлі. Трэнэрская кар’ера канадца працягвалася ў камандах «Бостан Бруінз», «Лос-Анджэлес Кінгз», да 2014 году працаваў з «Караліна Харыкейнз».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG