Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкі дысыдэнт Уладзімір Букоўскі знаходзіцца ў коме ў Нямеччыне


72-гадовы праваабаронца і былы савецкі дысыдэнт Уладзімір Букоўскі пасьля апэрацыі на сэрца знаходзіцца ў штучнай коме ў нямецкай клініцы. Лекары працягваюць змагацца за яго жыцьцё.

Як паведамляе карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Натальля Галіцына, тэрміновая і вельмі цяжкая апэрацыя ў мюнхэнскай клініцы доўжылася 9 гадзінаў. Букоўскаму, які жыве ў Вялікабрытаніі, былі замененыя два сардэчныя клапаны. Яго зьмясьцілі ў штучную кому, ён будзе заставацца ў несьвядомым стане цягам 72 гадзінаў.

Букоўскі ў канцы мінулага году заразіўся рэдкім вірусам, які сур’ёзна пашкодзіў сардэчныя клапаны. На мінулым тыдні хвароба абвастрылася і прывяла да адмовы шэрагу ўнутраных органаў. Ён быў тэрмінова перапраўлены ў крытычным стане ў кардыялягічную клініку ў Мюнхэне. Лекары адзначаюць, што апэрацыя прайшла пасьпяхова, але жыцьцё Ўладзіміра Букоўскага ўсё яшчэ ў небясьпецы. У Мюнхэне знаходзіцца старэйшая сястра Букоўскага і некалькі яго блізкіх сяброў.

Уладзімір Букоўскі меўсяў 5 траўня зьявіцца ў муніцыпальным судзе ў Кэймбрыджы (Вялікабрытанія), дзе яму павінны былі выставіць абвінавачаньні ў вырабе і захоўваньні непрыстойных дзіцячых фотаздымкаў. У апублікаванай заяве Букоўскі катэгарычна адмаўляў факты вырабу непрыстойных або забароненых законам фатаграфій з удзелам дзяцей, падкрэсьліўшы, што ня меў ніякіх кантактаў з дзецьмі цягам многіх гадоў.

«Шакуючыя абвінавачваньні, — пісаў Букоўскі, — былі выстаўленыя мне ў момант, калі я сур’ёзна і цяжка хворы, і шанцы на маё выздараўленьне ўсё яшчэ вельмі нявызначаныя. Тым ня менш, нягледзячы на стан здароўя, я маю намер рашуча абараняцца па ўсіх пунктах абвінавачаньня».

Блізкі сябра і паплечнік Уладзіміра Букоўскага, палітэмігрант Павал Страілаў, які знаходзіцца ў Мюнхэне, паведамляе, што сям’я і сябры Ўладзіміра Букоўскага абураныя цынічнымі інсынуацыямі ў некаторых расейскіх СМІ, якія сьцьвярджаюць, што Букоўскі нібыта скарыстаўся хваробай, каб пазьбегнуць абвінавачаньняў у судзе.

«Разьвязаная супраць Уладзіміра Букоўскага кампанія ганьбаваньня з дапамогай абсурдных і атрутных абвінавачваньняў, — падкрэсьлівае Павал Страілаў, — пачалася ў момант, калі ён фізычна ня можа сябе абараніць. На шчасьце, да апэрацыі ў яго хапіла сіл абвергнуць выстаўленыя супраць яго абвінавачаньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG