Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Саўчанка: «У несвабоднае горла ежа ня лезе»


Надзея Саўчанка ў судзе, 6.05.2015

Надзея Саўчанка ў судзе, 6.05.2015

Украінская вайсковая лётчыца Надзея Саўчанка, якая знаходзіцца ў СІЗА «Матроская цішыня», адказала на пытаньні Радыё Свабода.

Сьпіс пытаньняў у камэру Надзеі напярэдадні занесла праваабаронца, сябра Грамадзкай назіральнай камісіі Масквы Ева Меркачова. Перадаваць пытаньні ў рукі Надзеі ёй не дазволілі, яна іх зачытала, а адказы запісала. Пры гэтым прысутнічалі супрацоўнікі СІЗА, якія падчас інтэрвію спрабавалі выконваць функцыі цэнзараў і камэнтавалі адказы Надзеі. Напярэдадні суд падоўжыў арышт Саўчанкі да 30 чэрвеня. Падчас пасяджэньня ёй стала кепска з сэрцам, прыйшлося выклікаць хуткую дапамогу.

Радыё Свабода: Як Вы ставіцеся да апошніх выстаўленых Вам абвінавачаньняў? (24 красавіка да выстаўленых раней абвінавачаньняў у спрыяньні ў забойстве дадаліся абвінавачаньні ў незаконным перасячэньні мяжы Расеі. — РС)

Надзея Саўчанка: Гэта так сьмешна, такая фантастыка, гэта падыдзе тым, хто любіць фантастычныя раманы.

РС: Што Вы думаеце пра судовы працэс над Вамі? Наколькі ён справядлівы і аб’ектыўны?

Саўчанка: Нічога ад яго не чакаю. Гэта ня суд, а судзілішча, а яго ўдзельнікі марыянэткі (у гэты момант у інтэрвію ўмяшаўся наглядчык, які назваў пытаньне палітычным. — РС).

РС: Як Вы сябе адчуваеце, як Ваша здароўе?

Саўчанка: Лекарам нявыгадна, каб я памерла. Таму мне тут памерці не дадуць. Што да ежы — так і запішыце: у несвабоднае горла ежа ня лезе. Апэтыту ў мяне няма. Але я трымаюся.

РС: Як да Вас ставяцца ў СІЗА, чым Вы там займаецеся?

Саўчанка: Ставяцца вельмі добра, у параўнаньні з СІЗА-6 — гэта неба і зямля. Усе вельмі акуратныя, зьвяртаюцца на «Вы». Імкнуцца выконваць мае правы. Ніякіх пытаньняў і прэтэнзій няма. Што да вольнага часу: тут галоўная думка — чым сябе заняць. Прачынаесься з думкай пра тое, чым ты будзеш сёньня займацца, і засынаеш з думкай аб тым, чым ты будзеш заўтра займацца. Я малюю, раблю арыгамі, нешта выразаю з часопісаў, наклейваю на паперу. Падрыхтавалася да выставы катоў у Эрмітажы, якая праходзіла на «Дзень ката».

РС: Пра што Вы марыце? Што зробіце ў першую чаргу, калі выйдзеце на волю?

Саўчанка: Уцяку ад людзей у лес, правяду там некалькі дзён, наемся, нап’юся і потым вярнуся (сьмяецца).

РС: Што Вы думаеце пра вайну ва Ўкраіне — хто ў сілах яе спыніць?

Саўчанка: Толькі той, хто разьвязаў — Пуцін. Астатнім гэта недаступна і немагчыма.

Раней 6 траўня суд прызнаў законным, што Саўчанку не адпусьцілі на сэсію Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў якасьці дэлегаткі.

Гэткім чынам, суд адмовіўся задаволіць скаргу абароны ўкраінскай лётчыцы, якую вінавацяць у датычнасьці да сьмерці двух расейскіх журналістаў пад Луганскам. Сваю віну Саўчанка адмаўляе.

Летась у сьнежні яна абвясьціла галадоўку пратэсту, якую трымала 80 дзён. У палове сакавіка лётчыца аднавіла галадоўку з патрабаваньнем зьмяніць ёй меру стрыманьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG