Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: дэпутаты БНФ пагражалі адрэзаць сабе галовы, а затым выразаць ахоўнікаў


Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра тое, як Лукашэнка хлусіў дэпутатам.

У перапынку паседжаньня сэсіі 12 красавіка мы вырашылі, што больш ня будзем знаходзіцца ў Авальнай залі. Усё, што трэба было сказаць, было сказана, убачылі мы і рэакцыю сваіх калег-дэпутатаў: палітра эмоцый, ад страху да зларадзтва, што нас зьбілі.

А 16-ай, адразу пасьля перапынку, да мікрафона выйшаў старшыня Апазыцыі БНФ.

Пазьняк: «Шаноўны Мечаслаў Іванавіч! Спадары дэпутаты! Мы сёньня прапрацавалі першую палову нашага пасяджэньня і з усёй відавочнасьцю пацьвердзілі старую аксыёму: парлямэнт, у які былі уведзеныя войскі, ужо не парлямэнт. Таму мы ня можам працаваць больш у гэтай зале, пакідаем яе і прадаўжаем галадоўку ў іншым месцы — у Вярхоўным Савеце».

Грыб адказаў, што «ў нас галадоўка не забаронена».

Яшчэ некалькі гадзінаў перад гэтым Грыб сьцьвярджаў, што Беларусь наблізілася да грамадзянскай вайны — цудоўна разумеючы, што каталізатар гэтага працэсу ніхто іншы, як Лукашэнка.

Але цяпер з вуснаў сьпікера гучала іншая лексыка. Калі чытаеш словы Грыба праз шмат гадоў — дзівісься імгненнай зьмене настрою, гэтаму піетэту, гэтай гатовасьці падпарадкоўвацца Лукашэнку.

Грыб: «Каб нам не затрымліваць паважанага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, які пажадаў прыйсьці сёньня і даць нейкую дадатковую інфармацыю і адказаць на нашы пытаньні... Я ўношу прапанову, Аляксандар Рыгоравіч, каб вы гэта спачатку зрабілі, а потым, калі застанецца час, будзем іншыя пытаньні разглядаць, таму што ў вас таксама шмат спраў і мы ня можам вас трымаць тут доўга».

На пачатку пасяджэньня Лукашэнкі ў Авальнай залі не было — ён назіраў за выступамі па маніторы ў сваім кабінэце, які месьціўся тут жа, у Доме ўраду, на тым самым паверсе, што і ўваход у Авальную залю. Зь ягонага маналёгу мы зразумелі, што ўсе папярэднія гадзіны ён уважліва сачыў за выступамі ў Авальнай залі.

У папярэднія тыдні Лукашэнка некалькі разоў выступаў перад дэпутатамі і казаў, што вось ужо гэты выступ — апошні, больш ён сюды ня прыйдзе. Але — прыходзіў. Гэтым разам Лукашэнка ня проста ўвайшоў, а ледзь ня ўбег у Авальную залю ў атачэньні целаахоўнікаў. Ён сеў за прэзыдэнцкую трыбуну і, пэўна, даў нейкі знак Грыбу, што хоча выступіць.

За падзеямі ў Авальнай залі мы ўжо сачылі па маніторах з пакоя прэс-цэнтру на першым паверсе Дому ўраду.

Выступ Лукашэнкі быў адным з самых эмацыйных ягоных маналёгаў за ўвесь час дзейнасьці Вярхоўнага Савету. Але пры гэтым, прамаўляючы, ён уважліва сачыў за рэакцыяй у залі, рэагуючы ня толькі на рэплікі дэпутатаў, але і на міміку журналістаў (так, накінуўся на Аляксандра Старыкевіча, які пасьмяяўся зь нейкіх словаў Лукашэнкі — а слухаць тыя словы бязь сьмеху, нягледзячы на ўвесь драматызм сытуацыі, было цяжка).

Лукашэнка імкнуўся даказаць, што менавіта дэпутаты Апазыцыі вінаватыя ў «дэстабілізацыі сытуацыі» і што з дэпутатамі нічога дрэннага не рабілі — наадварот, выратоўвалі іх жыцьцё. З вуснаў прэзыдэнта гучалі абсурдныя заявы. Працытую некалькі ягоных выказваньняў у арыгінале — з камэнтарамі.

Лукашэнка: «Знал или не знал президент о том, что происходило здесь, в своей резиденции, в резиденции правительства? Уважаемые депутаты! Ну конечно же, знал... Ну конечно, знал президент. Президент не просто знал, президент каждые 30 минут был информирован (как глава государства) министром обороны о том, что происходит здесь, в Доме правительства. Поэтому я прямо, откровенно отвечаю на ваш вопрос: знал! Более того вставал вопрос — какова роль президента в защите голодающих здесь людей? Правда (вы не волнуйтесь) никто здесь не голодал. Всё тут было: и поспать, и закусить. Всё было. И рвались сюда, подносили понемножку (это так по-простецки, по-мужицки говоря). Всё здесь было, никто с голоду тут бы не умер. И ради Бога, пусть бы здесь голодали. Насмешили людей, опозорили парламент, пятно бросили на этот Верховный Совет, которому осталось два дня работать. Но это была позиция. Этим людям надо было... Поэтому непосредственная моя роль была в защите жизни этих людей».

Гэта была адна з асноўных тэзаў, якую ў наступныя дні, перад выбарамі, імкнулася распаўсюдзіць афіцыйная прапаганда: дэпутаты не галадавалі, яны елі і нават пілі. Ну а калі нехта паведаміў пра «бомбу» — давялося іх выратоўваць.

Лукашэнка: «Я не верил в то, что какой-то там может произойти взрыв, я думал о провокации, я просто подспудно подумал: „А вдруг?“. Но не верил, поэтому принял решение сюда поехать. Но когда Леонид Григорьевич вместе с людьми, которым я поручил находиться постоянно здесь, позвонил мне и сказал: „Мы категорически против того, чтобы вы здесь находились. Служба безопасности категорически отказалась обеспечить безопасность“. Это её право по положению.

...И я ни на каких „мерседесах“ сюда не ехал. Наумчик (я слышал) говорит, что там флажок был в чехле. Машина стоит во дворе. Идите посмотрите, как можно зачехлить флажок, и зачем? Флажок мой (на моём автомобиле) снимается. Он снимается, а не зачехляется. И как Наумчик, если он здесь сидел, он не мог в час ночи выйти... Насколько я знаю, выйти он не мог, потому что я распорядился: смотрите депутатов, чтобы чего-либо не случилось. Пусть находятся в пределах этого зала. Они просто физически не могли куда-то пройти, выйти и так далее... По моей информации (которую я получил), они вцепились здесь друг за друга и сидели, а потом уснули. Поэтому это враньё, что они видели тут, как на „мерседесе“ приехал Лукашенко, а второй „мерседес“ сопровождал. Меня второй „мерседес“ не сопровождает».

Лукашэнка забыўся, што людзям (нават дэпутатам Вярхоўнага Савету) час ад часу трэба хадзіць у прыбіральню, якой у Авальнай залі не было. Увогуле, з Авальнай залі (ва ўсякім разе, да моманту, пакуль мы ляглі спаць прыблізна а першай гадзіне ночы) мы маглі свабодна выйсьці празь некалькі ўваходаў і гэтак жа свабодна вярнуцца. Напрыклад, у часе перапынку паміж пасяджэньнямі і ўвечары я хадзіў ў машынапіснае бюро. А першай гадзіне ночы мы зь Ігарам Герменчуком выходзілі папаліць у калідор, вокны якога якраз выходзяць да «прэзыдэнцкага» пад’езду ва ўнутраным двары Дому ўраду. Перад гэтым журналісты, зь якімі я размаўляў празь дзьверы цэнтральнага ўваходу ў Дом ураду, паведамілі што ў двор праехаў прэзыдэнцкі картэж. Два «мэрсэдэсы» разам зь міліцэйскімі машынамі я і ўбачыў ля «прэзыдэнцкага» пад’езду — адзін зь іх быў менавіта лукашэнкаўскі, са шпілем для сьцяжка. Што яшчэ раз пацьвярджае: Лукашэнка быў у Доме ўраду.

Лукашэнка: «Я абсолютно не препятствовал никаким действиям МВД, спецподразделений, которые эвакуировали отсюда людей. Отнюдь. Единственное, я говорил: учтите, нас провоцируют. Ни в коем случае, даже не царапните этого человека, поскольку будет гвалту на весь мир... Когда их пришли эвакуировать, они все были уже одеты. Их препроводили по три человека в машину. Я говорю: больше машин подгоните, «уазик», легковые машины, отвезите домой. Захотели к Верховному Совету. Ну, к Верховному Совету их и завезли».

Пад «этим человеком» Лукашэнка мае на ўвазе Зянона Пазьняка. Менавіта на Пазьняка першага накінуліся афіцэры «Альфы» ў чорных масках, і менавіта яго зьбівалі найбольш жорстка. Пасьля таго, як Валянцін Голубеў нас пабудзіў, мы сапраўды пасьпелі апрануцца і селі ў правым сэктары прэзыдыюму. Адносна ж «их препроводили» — у міліцэйскія «варанкі» нас кідалі галавою ўперад, а Алеся Шута, перш чым выкінуць ля сквэру Янкі Купалы, зьбілі дубінкамі.

Лукашэнка: «Когда мне Тесовец со слезами на глазах позвонил около 12 часов ночи и сказал: Александр Григорьевич, не получается по-хорошему, повынимали ножи, достали лезвия. Первое, говорят, вскрываем вены, отрезаем себе головы и вас повырезаем, кровью зальём здесь всё. Ну, извините, такие угрозы в резиденции президента — это уже слишком».

Камэнтуючы гэты пасаж Лукашэнкі, я тады параіў яму не чытаць на ноч «Вершнік без галавы» Майн Рыда (хаця гэта была мая любімая кніга ў дзяцінстве). Трэба мець багатую фантазію, каб уявіць сабе людзей, якія спачатку адразаюць сабе (альбо адзін аднаму) галовы, а потым (безгаловыя) носяцца па Авальнай залі за ахоўнікамі прэзыдэнта, заліваючы ўсё крывёю. Такое — і тут нельга не пагадзіцца з Лукашэнкам — сапраўды «уже слишком» дзе б тое ні было, а ня толькі ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта.

Між іншым, цягам свайго выступу Лукашэнка некалькі разоў ужываў гэты выраз — «рэзыдэнцыя прэзыдэнта» у дачыненьні да Дому ўраду, тады як ягоная адміністрацыя і падпарадкаваны яму Кабінэт міністраў займалі толькі частку Дому ўраду. Авальная заля да маёмасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта не належала. Лукашэнка гэта ведаў, але яму важна было нават і праз гэта даць зразумець дэпутатам — тым, якія засталіся ў залі — што яны залежаць ад яго.

Гэты псыхалягічны ціск на дэпутатаў адчуваўся цягам усяго выступу Лукашэнкі. Супрацьстаяць яму ў тых умовах магла б толькі цьвёрдая пазыцыя старшыні Вярхоўнага Савету — але Мечаслаў Грыб сядзеў прыгнечаны і ніякіх рашучых крокаў не зрабіў (у тым ліку і тады , калі Лукашэнка абрынуўся на Генэральнага пракурора Шаладонава, і калі ён загадаў расейскім журналістам зьяжджаць зь Беларусі (маючы на ўвазе словы Грыба, што Беларусь наблізілася да мяжы грамадзянскай вайны).

Ва ўмовах відавочнага парушэньня Лукашэнкам і ягонымі падначаленымі закону — гэта азначала ўстаць на іх, парушальнікаў, пазыцыю.

У той самы дзень дэмаралізаваныя ціскам Лукашэнкі і бязвольнымі паводзінамі Грыба дэпутаты прагаласавалі за ратыфікацыю Дамовы аб двухбаковых беларуска-расейскіх адносінах.

Назаўтра, 13 красавіка, Мечыслаў Грыб вёў сэсію, нібыта нічога і ня здарылася, а дэпутаты ў шпаркім тэмпе прымалі законы (напрыклад «Аб патэнтах на гатункі расьлінаў»). Ратыфікавалі Дамову паміж Беларусьсю і Расеяй «Аб сумесных намаганьнях па ахове дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь», якая давала Маскве практычна неабмежаваныя магчымасьці кантролю над беларускімі памежнымі войскамі. Акрамя таго, Дамова прадугледжвала, што «беларускі бок дае паветраным судам памежных войскаў Расейскай Фэдэрацыі права на бязвыплатнае выкарыстаньне сваёй паветранай прасторы, аэрапортаў, аэрадромаў, пасадачных пляцовак, атрыманьне навігацыйнай, мэтэаралягічнай і іншай інфармацыі».

Нарэшце, дэпутаты, якія засталіся ў Авальнай залі, зацьвердзілі ўсе пытаньні рэфэрэндуму ды з энтузіязмам абвясьцілі 7 лістапада, дзень «кастрычніцкай рэвалюцыі» — дзяржаўным сьвятам.

Лукашэнка зноў і зноў браў слова, агітаваў за саюз з Расеяй, прагаворваўся, што выбары не адбудуцца, што ніводзін дэпутат Апазыцыі БНФ у новы Вярхоўны Савет не патрапіць.

А ў буфэце пад Авальнай заляй ужо былі накрытыя сталы.

Урыўкі са стэнаграмы:

Лукашэнка: «... я приглашу сейчас этот весь зал за счёт государства. Слышите? Я имею право. И выпьем и по сто, и по двести грамов...»

Грыб: «Дзякуй. Усіх вас чакаюць у буфэце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG