Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Валожынскім раёне пад Івянцом каля вёскі Кульшычы стаіць высокі чорны крыж на магіле нямецкіх салдат ІІ-й сусьветнай вайны. Стаіць фактычна цудам. Па ўсёй Беларусі такіх можа яшчэ пара штук, ня болей.

Гісторыю магілы мне распавёў мясцовы жыхар Фэлікс Паплаўскі, які ў падлеткавым узросьце разам з дарослымі аднавяскоўцамі капаў магілу і насіў трупы трох дзясяткаў загінулых жаўнераў Вэрмахту.

Быў ліпень 1944 году. На захад цягнулася група немцаў, а на ўсход – на Менск, як пасьля высьветлілася, для ўдзелу ў парадзе, рушыў атрад партызанаў. А фронт ужо набліжаўся да тагачаснай мяжы СССР. У раёне Кульшычаў на той момант вайна скончылася.

«Партызаны радасныя былі, – тлумачыў мне дзед Фэлікс. – Выйшлі на ўскраек лесу, спыніліся акурат пры дарозе. Самагон пілі, песьні сьпявалі. А тут раптам – немцы, якія адразу здаліся. Спачатку іх не чапалі, але чым больш партызаны пілі, а сьпёка была, тым больш пачыналі чапаць палонных. Аднаго зьбілі прыкладамі, другога, трэцяга... Усё больш жорстка і жорстка. А пасьля ўзялі, пастралялі ўсіх, кінулі проста пры дарозе, і пайшлі сабе далей.

А ў вёсцы хто быў? Старыя ды дзеці – нямоглыя ўсе. На трэція суткі смурод такі пайшоў, што не вытрымалі. Сабраліся, хоць цяжка было, але ўсіх пахавалі. Яно ж па нармальнаму тых немцаў трэба было да бліжэйшай камэндатуры адканваіраваць, але во так зрабілі».

Пра магілу ведалі ўсе ў ваколіцах. Зразумела, ніхто яе аніяк не пазначаў. Ажно да 1990-х, калі зь Нямеччыны ў Івянец у адну з каталіцкіх парафій не прыехаў канвой гуманітарнага грузу «па чарнобыльскай лініі» – у Валожынскім раёне вялікая радыяцыйная пляма.

Мясцовыя, каб хоць неяк аддзячыць, распавялі аднаму немцу-валантэру, маўляў, «у нас тут побач вашы пахаваныя». Пасьля адносна нядоўгіх перамоваў зь мясцовай уладай пры ўдзеле ксяндза-пробашча атрымалі дазвол на ўсталяваньне крыжа.

Але ўсё было ня так проста. У Валожыне засумняваліся, ці пройдзе ініцыятыва фільтар Саюзу вэтэранаў. І тут у справу ўступіў фактар, якога раённае начальства не чакала.

Абедзьве каталіцкія парафіі Івянца заявілі прыблізна наступнае: «Мы тут усе хрысьціяне. Мы мяркуем, што калі ёсьць магіла, на ёй мусіць быць крыж. А тое, што там ляжаць акупанты, дык яны сваё атрымалі і на зямлі, і на Божым судзе».

А сярод прыхаджанаў, натуральна, былі і ўдзельнікі баявых дзеяньняў, і тыя, хто ад вайны нацярпеўся пад акупацыяй. Ніхто ня выказаўся супраць крыжа на магіле немцаў. Такая нечаканая аднадушнасьць сталася вырашальнай – «мы найперш хрысьціяне».

Багата вяскоўцаў не вярнулася ў Кульшычы. Хтосьці загінуў у лясах на баку Арміі Краёвай, хтосьці ў савецкіх партызанах, хтосьці на фронце.

«Разумееш, – казаў мне дзед Фэлікс, – ну што тыя салдацікі-немцы. Такія ж як і мы сяляне ў асноўным. Забралі ў войска, пагналі кудысьці, тут і паляглі немаведама за што. Ну што на іх ужо злаваць. Даўно было. Усе людзі, усе перад Богам станем».

Ён крыху падумаў, пасьля дадаў: «Эх, выпіў бы я за мір, ды ўжо па здароўі мне нельга».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG