Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дык уся Эўропа ў георгіеўскіх стужках — па тэлевізары бачыў», — апытаньне ў Магілёве


Апытаньне Свабоды: «Як вы ставіцеся да тых, хто аздабляе свае аўто ці вопратку паласатымі жоўта-чорнымі стужкамі? З чым для вас асацыюецца гэтая стужка — з Другой сусьветнай вайной ці з вайной ва Ўкраіне?». Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадар: «Гэта чыстая паказуха. У мяне таксама ёсьць машына, але я на яе не ляплю гэтыя стужкі. Асацыяцыі з Другой сусьветнай вайной. Я не магу зразумець, што яны там робяць і што дзеляць на тым Данбасе».

Спадарыня: «Я іх падтрымліваю, але яны ж, відаць, неяк мусяць выявіць сваю грамадзянскую пазыцыю да гэтай стужкі. Асацыяцыі толькі зь Вялікай Айчыннай вайной. Гэта адтуль георгіеўская стужка. Мне падаецца, што з Данбасам гэта ніяк не зьвязана».

Спадар: «Больш асацыяцыяў зь Вялікай Айчыннай вайной. Мой дзед ваяваў. У мяне таксама вісіць на машыне».

Карэспандэнт: «А што вы гэтым хочаце прадэманстраваць?»

Спадар: «Ну, відаць, нейкую павагу да вэтэранаў. Але дакладна адказаць не магу».

Малады спадар: «Хутчэй за ўсё, толькі асацыяцыі зь Вялікай Айчыннай вайной, бо гэта ўсё-ткі георгіеўская стужка. А Данбас ёсьць Данбас. Гэта асобная тэма для гутаркі».

Спадар: «Гэта нават не Савецкі Саюз, а Расея. Ніякіх нэгатыўных адчуваньняў стужкі не выклікаюць. Бацькі, дзяды, прадзеды змагаліся з гэтымі сымбалямі. У гэтым ніякай заганы я ня бачу».

Спадар: «Ды нармальная ў мяне рэакцыя. Мы ж не ва Ўкраіне. У нас усё можна. Няхай хоць і амэрыканскі сьцяг вешаюць. У мяне асацыяцыі і зь першым, і з другім. Але хутчэй з вайной, чым з Данбасам. Ну што той Данбас? Хаця і Данбас таксама».

Спадар: «Я чэсна хачу сказаць, што ніякіх асацыяцыяў у мяне няма. Такое жыцьцё цяпер сьмешнае».

Малады спадар: «Георгіеўская патрыятычная стужка пазыцыянуе наш дух, нашу сілу. Расейскі і беларускі народ адстаялі свой гонар у Другой сусьветнай вайне супраць нацызму. Да падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне, гэта ня мае ніякага дачыненьня».

Спадар сталага веку: «Для мяне гэта Вялікая Айчынная вайна. Чаго? Перамога! Мой бацька змагаўся. Паліцаяў расстрэльваў. У яго мэдаль ёсьць з гэтай стужкай. А я супраць бандэраўцаў гэтых».

Спадар сталага веку: «Георгіеўская — гэта гістарычная стужка. Цяпер уся Эўропа ходзіць у георгіеўскіх стужках — я па тэлевізары бачыў. Сядзяць там у Чэхіі вэтэраны, у Нямеччыне — вэтэраны, усе з георгіеўскімі стужкамі».

Спадар: «Я былы вайсковец, і тое, што цяпер разводзяць вакол гэтага ўсяго і кожны ачкі імкнецца набраць — гэта глупства. І не інтэлігентна. Мы ўсё кідаемся з аднае крайнасьці ў другую. Сярэдзіны ў нас няма...»

XS
SM
MD
LG