Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталін не пашкадаваў зямлі беларусам


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Калі еду ў Варшаву, міжволі зьдзіўляюся, калі праяжджаем Замбрув (некалі горад БССР), ну якая тут магла быць Беларусь? Сьмешна. Два часова беларускія (рэальна з канца 1939-га да 22 чэрвеня 1941-га) гарады — Замбрув і Ломжа знаходзяцца на самым захадзе Падляскага ваяводзтва, на мяжы са сталічным, Мазавецкім, цэнтрам якога ёсьць Варшава. Парадокс.

Я стараюся ў такіх пытаньнях быць без эмоцый, падыходзіць узважана. Як кажуць, станьце на месца Сталіна ў 1939-м. Задача была якая? Пабольш адхапіць, каб ня ўсё толькі фюрэру. Гэта ясна. Што ён не разумеў, што Замбрув з Ломжай зусім не беларускія? Напэўна разумеў. Але куды іх далучыць было? Калінінградзкай вобласьці тады не існавала, а беларускія этнічныя мясьціны — непадалёк. Зразумела, што ў галаве яго павінна была прысутнічаць лінія Керзана, на якой сваім часам не пажадаў спыніцца Пілсудзкі, нарабіўшы Польшчы праблемаў на будучыню.

Як вядома, міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Керзан толькі агучыў ноту, яна была прынятая Вярхоўнай радай Антанты (8 сьнежня 1919 году). Антанта вызначыла, дзе павінна праходзіць усходняя мяжа Польшчы на падставе этнаграфічнага прынцыпу, прычым усіх каталікоў на Беласточчыне адносілі да польскага насельніцтва. Пілсудзкі праігнараваў настойлівае пажаданьне Антанты. Ніякага сакрэту тут няма.

Мяне, аднак, заўсёды турбавала пытаньне: чаму Сталін у 1939-м годзе, што датычыць Беласточчыны, сам так рашуча парушыў лінію Керзана? Адкуль у БССР, напрыклад, апынуўся Аўгустаў, мясьціны на поўнач і захад ад Беластоку, тыя ж Замбрув і Ломжа? Яўна не зь беларускім насельніцтвам. У пэўным сэнсе ў гэтым мог быць адказ на дзеяньні Пілсудзкага ў 1920-м: ну, якая магла быць Польшча пад Менскам і далей — пад Полацкам?

Аднак відавочна, што за аснову былі ўзятыя межы Вялікага княства Літоўскага, калі яны былі максымальна прасунутыя на захад (што зусім не азначала, што насельніцтва там магло быць у цяперашнім разуменьні беларускім). Даволі адыёзны момант: Молатаў паказвае Рыбэнтропу колішнюю мяжу ВКЛ, на якой германскія войскі павінны спыніцца (немцы аднак занялі Беласток, праўда, вярнуліся назад). Ну, а ў 1944-м Сталін вярнуўся да лініі Керзана. Мусіў. У той жа Ялце не маглі аб ёй не нагадаць. Урэшце ў той Антаньце ня дурні былі сваім часам, хіба не?

Так што Замбрув, Ломжу і Аўгустаў у Беларусі, мне здаецца, трэба лічыць проста гістарычным казусам. Варта пакінуць эмоцыі, паглядзець праўдзе ў вочы: да вайны БССР мела 126,3 тысячы квадратных кілямэтраў, каб пасьля канчаткова ўсталявацца ў межах 207,6 тысячы. А гэта хіба мала, хіба дрэнна? У мяне дрыжыкі, калі падумаеш, што зрабіў Гітлер з нашай тэрыторыяй: сам забраў кавалак для Ўсходняй Прусіі і параздаваў нашым суседзям — літоўцам і ўкраінцам, якія вельмі прагнулі гэтага. Ну, а ўсход Беларусі ўваходзіў у апэратыўную тэрыторыю групы арміяў «Цэнтар», так што таксама быў ад Беларусі тады адцяты. Як кажуць у такіх выпадках цяпер: адчуйце розьніцу.

Адным словам, яшчэ адна падстава беларусам адзначаць Дзень перамогі. Так выйграць тэрытарыяльна! Іншая ўжо рэч – савецкі патрыятычны чад, якім вылучаецца сьвята. Але ніхто не прымушае цябе на яго хадзіць, кажу я сабе.

Ясна, канечне, у Сталіна былі свае мэты і задачы. Але ж межы Беларусі з таго часу засталіся непарушныя, ніхто не замахваецца на далучаныя ў 1939-м землі. І калі сёньня й адчулася небясьпека для тэрытарыяльнай цэласнасьці, то сыходзіць яна зусім не з-за Бугу, скразьнячок гісторыі хутчэй адчуваецца з-пад усходніх дзьвярэй. І гэта зусім не мая асабістая думка, я тут ні пры чым.

Я разумею, што існуе іншы пункт гледжаньня на памеры Беларусі: кажуць — мы страцілі і мы адны такія. Але нешта тут не стыкуецца. Мы ж гаворым, што ў 1945-м закончылася Другая сусьветная вайна і што пачалася яна 1 верасьня 1939-га. Ну дык тэрытарыяльныя набыткі, яны — відавочныя. Такая мова лічбаў. Вось Польшча, яна сапраўды зьменшылася, нават атрымаўшы за адны тэрыторыі іншыя, прычым безумоўна цікавейшыя. Мела блізка да 390 тысяч квадратных кілямэтраў, стала — 312 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG