Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Брыль нарадзіўся ў Менску ў 1982. Закончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ па спэцыяльнасьці «матэматык-праграміст». Жыў ў Дубліне, працаваў на факультэце інфарматыкі Дублінскага гарадзкога ўнівэрсытэту. Цяпер пражывае ў Цюрыху. Перакладае з ангельскай, лацінскай і польскай моваў. Сярод найбуйнейшых перакладзеных твораў — стараангельская паэма «Бэўвульф». Аўтар зборніка паэзіі «Ня ўпаў жолуд» (2011) і прозы «Ян Ялмужна» (2014). Ляўрэат прэміі часопісу «ПрайдзіСьвет» за 2011 год за пераклады з польскай і лаціны.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Чалавек, які любіць і ведае казкі і легенды.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Дома позна ўвечар ці ўначы.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Пытаньне ў тым, да каго ў мяне наймацнейшая белая зайздрасьць? Да Сюзаны Кларк, вядома, ва ўсіх праявах.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Доўга думаў, але ніхто ў галаву так і не прыйшоў.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Уільям Батлер Ейтс, Джон Р. Р. Толкін, Сюзана Кларк.

6. Што вы цяпер чытаеце?

«A Companion to Arthurian Literature», зборнік артыкулаў пад рэдакцыяй Хэлен Фултан.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На ангельскай (акурат на ёй пераважна і чытаю). Меней упэўнена — на польскай. Калі нешта кароткае, вельмі павольна і са слоўнікам — то яшчэ на італьянскай і лаціне.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніжка з напісаных вамі?

У мяне пакуль выйшла ўсяго адна кніга вершаў і адна кніга прозы, я іх абедзьве люблю, а як параўноўваць — ня ведаю.

9. Якую кніжку вам яшчэ хочацца напісаць?

Хочацца засяродзіцца і напісаць нешта доўгае пра часы вайны Жыгімонта са Швітрыгайлам.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Ідучы пешшу на значную адлегласьць па цікавай дарозе.

XS
SM
MD
LG