Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават Лукашэнка не прыедзе»


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Ужо пэўны час таму кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка абнародаваў свой графік адзначэньня гадавіны Перамогі: 7-8 траўня ён будзе ў Маскве, а 9 траўня, уласна ў дзень, калі ў Беларусі і Расеі сьвята і адзначаецца, ён будзе ў Менску прымаць парад. Тлумачэньні, у прыватнасьці, былі паўтораныя і падчас сёлетняга штогадовага пасланьня парлямэнту і народу.

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Крэмль з разуменьнем паставіўся да плянаў беларускага кіраўніка і, так бы мовіць, не крыўдуе на яго. Але гэта — фармальная, афіцыйная рэакцыя. Аднак, выглядае, рэакцыя расейскага грамадзтва — зусім іншая.

Вось што сказаў з гэтай нагоды вядомы расейскі журналіст Уладзімер Познэр: «Вы ведаеце, што на 70-годзьдзе, на ўрачыстасьці з нагоды перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне да нас сярод дзяржаўных дзеячаў не прыедзе спадар Лукашэнка? Ён прыяжджаў, я выдатна памятаю, як ён прыяжджаў пры Ельцыне. А цяпер што? Пуцін сказаў, што ён да гэтага ставіцца з разуменьнем. Таму што Лукашэнка сказаў, што ў яго там будуць свае ўрачыстасьці. Гэта ж цікава, бо ён не ідыёт. Як бы там ні сьмяяліся зь яго, ён зусім не ідыёт. Ён ведае, што робіць і для чаго ён гэта робіць, чаму ён не прыяжджае ў Маскву на 70-годзьдзе Перамогі».

Познэр — зусім не ашалелы расейскі шавініст, кшталту аўтараў якога-небудзь «Спутника и погрома», здольных бачыць нацыяналізм і фашызм у самых нявінных праявах самастойнасьці постсавецкіх краінаў. Познэр — і не запісны апазыцыянэр, які кіруецца прынцыпам «чым горш для Крамля — тым лепш». Ён як бы і ня хваліць Лукашэнку, проста фіксуе, што яго адсутнасьць на парадзе 9 траўня — гэта значная падзея.

Паводле нашага калегі, расейскага журналіста Віктара Дзятліковіча рэакцыя аднаго з грандаў расейскай журналістыкі ў гэтым супадае з рэакцыяй простых расейцаў, так бы мовіць, чалавека з маскоўскага мэтро: «Бачыце, нават Лукашэнка не прыедзе».

Насамрэч, звычайна расейцаў беларускія справы ня надта цікавяць. Але ў дадзеным выпадку паводзіны беларускага кіраўніка цікавяць і вельмі

Насамрэч, звычайна расейцаў беларускія справы ня надта цікавяць. Але ў дадзеным выпадку паводзіны беларускага кіраўніка цікавяць і вельмі, гэта — своеасаблівы паказьнік, лякмусавая паперка стаўленьня да Расеі сьвету і, у прыватнасьці, бліжэйшага саюзьніка.

Да пэўнай ступені такую сытуацыю стварыла расейская прапаганда, узьнімаючы на надзвычайную вышыню пытаньне, хто прыедзе, а хто не. Маглі б праз МЗС паслаць канфідэнцыйна запрашэньні, заявы пра прыезд-непрыезд проста ігнараваць, хто прыедзе, тым і дзякуй, у прынцыпе гэта расейскае сьвята і яно застаецца расейскім сьвятам, нават калі б ніхто не прыехаў. Паразы б не было, калі б расейскі афіцыёз не абвясьціў гэтую гульню, не пачаў трактаваць прысутнасьць і адсутнасьць на парадзе кіраўнікоў замежных краінаў, як Падзею зь вялікай літары.

Чаму пачаў — больш менш зразумела. Адсутнасьць лідэраў краінаў Захаду добра ўкладаецца ў вобраз Расеі, як асаджанай крэпасьці, аточанай ворагамі, маўляў, бачыце, як Захад ненавідзіць Расею, як плюе на кроў, пакуты і подзьвіг нашых дзедаў — вызваліцеляў ад фашызму, відаць, самі яны — нашчадкі фашыстаў. З прапагандысцкага пункту гледжаньня трук не пазбаўлены рацыі, хаця ёсьць і іншы бок, іншы аспэкт рэакцыі грамадзкай думкі — самотнасьць Расеі ў сьвеце можа ствараць адчуваньне ня толькі гонару, але і няўтульнасьці. 10 гадоў таму, на 60-ю гадавіну ў Маскву да таго ж прэзыдэнта Пуціна зьехаліся амаль усе сьцягі. А зараз — ня ўсе. Дык можа ня сьвет нейкі не такі, а Расея зараз нейкая не такая?

Але ў кантэксьце нашых развагаў галоўнае, што расейскія мэдыі зрабілі прысутнасьць/адсутнасьць замежных гасьцей на парадзе ў Маскве Падзеяй, і грамадзкая думка так гэта і ўспрыняла.

А тут Лукашэнка. У сэнсе — ня будзе яго. Саюзьнікі Расеі па Эўразійскім саюзе — лідэры Армэніі, Кіргізстану і Казахстану будуць, саюзны па АДКБ прэзыдэнт Таджыкістану будзе, нават кіраўнікі зусім не саюзных Азэрбайджану і Туркмэністану будуць. Хаця так ці інакш сьвята Перамогі з большай ці меншай ступеньню ўрачыстасьці ва ўсіх гэтых краінах адзначаецца. Маглі б і яны адгаварыцца парадам і не прыехаць. Кіраўнікоў праэўрапейскай Малдовы, Грузіі, зь якой Расея ня мае нават дыпляматычных адносінаў, Украіны, у якой Расея адабрала Крым і распальвае вайну ў Данбасе, у Маскве напэўна і не чакалі.

Нават калі Крэмль сапраўды прыняў яго тлумачэньні адсутнасьці з разуменьнем, то яму можа не дазволіць захаваць алімпійскі спакой расейская грамадзкая думка, напампаваная крамлёўскай жа прапагандай

А вось Лукашэнку... Нават калі Крэмль сапраўды прыняў яго тлумачэньні адсутнасьці з разуменьнем, то яму можа не дазволіць захаваць алімпійскі спакой расейская грамадзкая думка, напампаваная крамлёўскай жа прапагандай.

«Ён ведае, для чаго ён гэта робіць» — мяркуе Ўладзімер Познэр. Ну так, напэўна ведае. Было непрызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, было ня вельмі пэўнае прызнаньне далучэньня Крыму да Расеі, быў скандал вакол саміту АДКБ ў 2009 годзе падчас і ў адказ на «малочную вайну». Для Лукашэнкі лепшая абарона — гэта наступ. Што падстава, ад чаго абарона? Ну, напрыклад, ад таго, што трэба для расплаты па даўгах 2 мільярды даляраў, а Пуцін прапануе нейкую дробязь у 100 мільёнаў. Што — бедны такі стаў, на братоў-беларусаў, зь якімі разам гніў у акопах, шкада 2 мільярды? Ну дык калі бедны, то хай пастаіць на парадзе разам з Назарбаевым і Бэрдымухамэдавым. Таксама ж браты. Ну і крамлёўскія намёкі на тое, што можа Лукашэнку варта і адпачыць ад прэзыдэнцтва, кіраўнік Беларусі таксама, відаць, не забыў. Ну вось хай і звычайныя расейцы, і Познэр разважаюць:"Нават Лукашэнка не прыехаў«.

Дэманстрацыя, зразумела, рызыкоўная. Глеб Паўлоўскі пэўны час таму пісаў, што з Лукашэнкі расейская прапаганда будзе ляпіць «фашыста». Ну вось выдатная нагода — на галоўнае сьвята перамогі на фашызмам ехаць адмовіўся. Але «лепка фашыста» з Лукашэнкі ня можа быць для Крамля самамэтай, гэта можа быць адно сродкам, падрыхтоўкай да... А Расея, якая загразла ва Ўкраіне, да гэтага гатовая? Лукашэнка, відаць, лічыць, што не. А таму вылаюцца ў Крамлі матам на «заклятага» саюзьніка, але ў рэшце рэшт, магчыма, вырашаць, што лепш яго залагодзіць.

А Лукашэнка, пагоршыўшы ўмовы ўтрыманьня Статкевічу, накінуўшы тэрмін Дзядку, адмовіўшы ў памілаваньні Пракапенку, заходнім партнэрам пры нагодзе скажа:

«Бачыце, 9 траўня мяне ў Маскве на парадзе не было. Як і вашых лідэраў. Праўда, па іншых прычынах. А можа і па тых самых. Галоўнае, што не было. Няўжо гэта нічога не каштуе?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG