Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сустрэча прадстаўнікоў БАЗА ў дзярждэпаратамэнце ЗША


Прадстаўнікі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА), арганізацыі беларускай дыяспары ў ЗША, сустрэліся 29 красавіка з намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Эрыкам Рубінам.

Падчас гутаркі былі абмеркаваныя лютаўская паездка Рубіна ў Менск, пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковых дачыненьняў і пазыцыя ЗША па прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Як паведаміў адзін з удзельнікаў сустрэчы, чалец Вашынгтонскага аддзелу БАЗА Валер Кавалеўскі, спадар Рубін станоўча ацаніў паездку ў Беларусь, у тым ліку, і сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Разам з тым, ён падкрэсьліў, што паляпшэньне міждзяржаўных адносінаў магчымае тады, калі абодва бакі будуць рабіць практычныя крокі насустрач адзін аднаму. Разьвіцьцё гандлёва-эканамічнага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва стане магчымым пасьля вызваленьня палітычных зьняволеных і стварэньня ўмоваў для дэмакратычнага працэсу ў Беларусі, у тым ліку правядзеньня выбараў на належным узроўні.

Амэрыканскі дыплямат запэўніў, што праблематыка правоў чалавека застаецца цэнтральнай пры вызначэньні палітыкі Злучаных Штатаў датычна Беларусі. ЗША працягнуць надаваць увагу справам зьніклых беларускіх палітыкаў і палітычных зьняволеных.

Паводле Кавалеўскага Эрык Рубін адзначыў, што нягледзячы на актывізацыю двухбаковых кантактаў апошнім часам, ЗША падтрымліваюць мандат спэцыяльнага дакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, які, верагодна, будзе працягнуты на яшчэ адзін год падчас сэсіі Рады па правах чалавека ААН у чэрвені. Злучаныя Штаты таксама ў чэрвені маюць намер працягнуць санкцыі міністэрства фінансаў супраць фізычных і юрыдычных асобаў, уведзеныя рашэньнем прэзыдэнта ЗША пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2006 года. Абодва захады будуць заставацца на парадку дня ЗША, калі толькі ва ўнутранай палітыцы Беларусі не адбудуцца значныя зьмены.

Ацэнка будучых прэзыдэнцкіх выбараў, паводле Кавалеўскага, зьяўляецца складаным пытаньнем для дзярждэпартамэнту. Зараз у Беларусі адсутнічаюць умовы для палітычнай канкурэнцыі. Справа не толькі ў няроўных умовах вядзеньня выбарчых кампаній. Мэтанакіраваныя дзеяньні ўлады значна аслабілі палітычную апазыцыю. Мікола Статкевіч, кандыдат на мінулых выбарах, да гэтага часу зьняволены, некаторыя палітыкі і актывісты вымушана пакінулі Беларусь і не могуць браць удзелу ў выбарах.

Недастаткова правесьці бездакорна толькі дзень галасаваньня. Ацэньвацца будуць усе этапы выбарчай кампаніі. Для Злучаных Штатаў важна ня толькі каб усе палітвязьні былі вызваленыя, але каб улада адмовілася ад новых арыштаў і прысудаў. Важна таксама аднавіць роўны доступ палітычных сілаў да сродкаў масавай інфармацыі, не перашкаджаць свабодзе сходаў. Неабходна, каб беларуская ўлада своечасова дазволіла належнае міжнароднае назіраньне за выбарамі місіяй Офісу па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ.

Валер Кавалеўскі распавёў пра дадатковыя дэталі сустрэчы ў інтэрвію Свабодзе.

Валер Кавалеўскі

Валер Кавалеўскі

РС: Хто ад дыяспары быў на сустрэчы са спадаром Рубіным?

Кавалеўскі: На сустрэчы былі Алеся Кіпель — прэзыдэнт Вашынгтонскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня, яе намесьнік Вячаслаў Бортнік, Ірына Красоўская — кіраўніца арганізацыі «Мы памятаем», і я.

РС: А што прадстаўнікі дыяспары гаварылі амэрыканскаму дыплямату, што прапаноўвалі, на чым, магчыма, настойвалі?

Кавалеўскі: Мы ўзьнімалі тэмы, якія заўсёды для нас вельмі важныя. Найперш, гэта пытаньне палітычных вязьняў. Таксама гэта пытаньне зьніклых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Мы спыталіся ў спадара Рубіна, ці абмяркоўваў ён гэтае пытаньне падчас сустрэчы з Лукашэнкам. Нас таксама цікавіла, ці абмяркоўваюцца гэтыя тэмы амэрыканскім бокам зь беларускімі ўрадоўцамі падчас працоўных кантактаў.

РС: А ці закраналася тэма ўзгадненьня пазыцыяў ЗША і Эўразьвязу?

Кавалеўскі: Спадар Рубін сказаў, што ЗША будуць назіраць за тым, як будуць праходзіць выбары ў Беларусі, і будуць каардынаваць сваю пазыцыю з эўрапейцамі. Амэрыканцы заўсёды падкрэсьліваюць, што каардынуюць сваю пазыцыю з эўрапейцамі.

РС: Некаторыя мяркуюць, што пэўны час адносіны амэрыканскіх урадоўцаў і беларускай дыяспары знаходзіліся на даволі нізкім ўзроўні. Цяперашняя сустрэча са спадаром Рубіным — гэта новая старонка ў адносінах ці прадстаўнікі ўраду, дзярждэпартамэнту даволі часта сустракаюцца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары?

Кавалеўскі: Мы даволі часта сустракаемся з амэрыканскімі ўрадоўцамі: гэта і сустрэчы ў дзярждэпартамэнце, гэта і незаплянаваныя сустрэчы з супрацоўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, часта сустрэчы адбываюцца ў Кангрэсе. Сустрэчы ў дзярждэпартамэнце адбываюцца даволі часта. Узровень Эрыка Рубіна даволі высокі, але сустрэча зь ім — гэта ня нейкая ўнікальная падзея.

РС: А ў якой ступені пажаданьні і рэкамэндацыі беларускай дыяспары ўвасабляюцца ў палітыцы ЗША адносна Беларусі?

Кавалеўскі: У нас няма ніякіх непаразуменьняў падчас такіх сустрэчаў, нашы пазыцыі шмат у чым падобныя. Разам з тым мы разумеем, што ў Злучаных Штатаў ёсьць свае інтарэсы, свой пункт погляду на падзеі ў Беларусі. Мы цешымся тым, што ўрад ЗША шмат у чым падзяляе нашу пазыцыю. Але мы разумеем, што тактычныя меркаваньні могуць патрабаваць іншых рашэньняў.

XS
SM
MD
LG