Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучма ў Менску: Увядзеньне міратворчага кантынгенту можа стаць адзіным выйсьцем


Леанід Кучма і Гайдзі Тальявіні

Леанід Кучма і Гайдзі Тальявіні

На сустрэчы 6 траўня ў Менску ўдзельнікі трохбаковай кантактнай групы далі старт працы чатырох працоўных падгруп, узгаднілі парадак дня кожнай зь іх і графік бліжэйшых сустрэч

Экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма ўскладае вялікі спадзеў на працу трохбаковай кантактнай групы, у якой ён прадстаўляе інтарэсы сваёй краіны.

Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне. Яно дало старт дзейнасьці чатырох працоўных груп па ўрэгуляваньні крызысу.

Пасьля двух плянарных паседжаньняў і паседжаньня чатырох працоўных груп удзельнікі трохбаковай кантактнай групы зрабілі сумесную заяву па выніках. Да журналістаў выйшлі прадстаўнік Украіны Леанід Кучма, прадстаўніца АБСЭ Гайдзі Тальявіні і прадстаўнік Расеі Азамат Кульмухаметаў. Усе трое былі ў добрым настроі. Леанід Кучма ня раз жартаваў і вольна камунікаваў з журналістамі.

Гайдзі Тальявіні заявіла, што заснаваньне працоўных груп было абумоўлена комплексам менскіх пагадненьняў ад 12 лютага (па выніках працы саміту ў «нармандзкім фармаце») і сёньня адбыўся іх запуск. Групы будуць працаваць па чатырох кірунках: палітыка, бясьпека, эканоміка і гуманітарныя пытаньні.

У межах гэтых груп будзе вызначацца парадак дня і рэалізацыя канкрэтных задач па мірным урэгуляваньні. Нароўні з прадстаўнікамі Ўкраіны, Расеі і АБСЭ, у іх працуюць і прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік.

Падгрупы, аднак, не прымаюць выніковых дакумэнтаў. Канчатковыя рашэньні па-ранейшаму мусіць прыняць трохбаковая кантактная група. Але сёньняшнім паседжаньнем усе бакі задаволеныя і назваюць яго канструктыўным:

«Вы памятаеце старыя савецкія часы, калі пра любую міжнародную сустрэчу, якая адбывалася ў Маскве, газэта „Правда“, незалежна ад яе выніку, пісала, што „сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасфэры“. У нас тое самае, але ў нас усё „праўда“, я думаю, — задаў тон кароткаму брыфінгу Леанід Кучма. — У кожнай працоўнай падгрупе рашэньні былі прынятыя кансэнсусам. Дамовіліся, што супрацьстаньяне ні да чаго добрага не прыводзіць. Трэба шукаць кампраміс. Будзем спадзявацца, што так яно ў будучым і будзе».

Леанід Кучма, Гайдзі Тальявіні і Азамат Кульмухаметаў

Леанід Кучма, Гайдзі Тальявіні і Азамат Кульмухаметаў

Як можна меркаваць з кароткіх брыфінгаў, для Украіны галоўнымі застаюцца пытаньні бясьпекі.

«Спыненьне агню, адвод цяжкіх узбраеньняў і вэрыфікацыя з боку АБСЭ, што мы туды адсунулі. І далей разглядаецца пытаньне адводу зброі менш за 100 мм, адводу танкаў і мінаметаў 85 мм», — заяўляе Леанід Кучма.

Ня менш складанай назваў Кучма і гуманітарную абстаноўку:

«1460 бязь весткі згінулых на фоне тысяч людзей, якія ўжо загінулі, — заявіў экс-прэзыдэнт Украіны. — 399 знаходзяцца ў палоне, незаконна ўтрымліваюцца».

Прадстаўнік Расеі Азамат Кульмухаметаў на пытаньне, ці паспрыяе гэтая сустрэча спыненьню агню, назваў яе «сур’ёзным крокам у пляне палітычнага ўрэгуляваньня».

Расею, паводле Кульмухаметава, ня менш хвалююць палітычныя і эканамічныя пытаньні.

«У працоўнай групе па палітычных пытаньнях будуць разглядацца пытаньні, зьвязаныя з мадальнасьцю і правядзеньнем мясцовых выбараў на Данбасе, — заявіў Кульмухаметаў. — Эканамічная рабочая група будзе разглядаць пытаньні выплаты пэнсій і ўсталяваньня працы банкаўскай сыстэмы».

Па словах прадстаўніка Расеі, сёньня ўдалося вызначыцца з пэўнымі датамі працы падгруп і пытаньнямі, якія трэба абмеркаваць. Але галоўнае, сказаў Кульмухаметаў, што гэта «адбылося на ўмовах наўпроставага дыялёгу паміж прадстаўнікамі Кіева і Данбасу».

Уладзіслаў Дайнега і Дзяніс Пушылін

Уладзіслаў Дайнега і Дзяніс Пушылін

Амаль даслоўна гэтую фразу пазьней паўтарыў прадстаўнік так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін, які выйшаў на сумесны брыфінг з прадстаўніком так званай «ЛНР» Уладзіславам Дайнегам. Аднак на пытаньне, ці азначае сустрэча, што АБСЭ прызнала самаабвешчаныя рэспублікі суб’ектамі права, абодва адказалі, што пакуль рана пра гэта казаць.

«Паўнавартаснае перамір’е, мір набліжаецца», — заявіў Пушылін у сваёй прамове.

На наўпроставае пытаньне, ці гатовыя сэпаратысцкія ўтварэньні вярнуцца ў склад Украіны, прадстаўнік так званай «ЛНР» Уладзіслаў Дайнэга заявіў:

«Мы гатовыя выконваць комплекс мер (верагодна, маюцца на ўвазе пагадненьні 12 лютага). Там усё расьпісана, дадаць няма чаго».

Дзяніс Пушылін

Дзяніс Пушылін

Украіна накіравала для працы ў падгрупах уплывовых і аўтарытэтных палітыкаў і чыноўнікаў. Леанід Кучма назваў іх «аксакаламі», «саліднымі людзьмі, якія словаў на вецер не кідаюць». Кучма прывёў прозьвішчы экс-прэм’ера, экс-кіраўніка СБУ і экс-міністра абароны Яўгена Марчука, які прадстаўляе Ўкраіну ў падгрупе па пытаньнях бясьпекі, дырэктара Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, пазаштатнага дарадцу прэзыдэнта Ўладзімера Гарбуліна (падгрупа па палітычных пытаньнях), намесьніка кіраўніка Галоўнага дэпартамэнту па пытаньнях укараненьня рэформаў адміністрацыі прэзыдэнта Ігара Верамія (падгрупа па эканоміцы), упаўнаважанага прэзыдэнта па пытаньнях мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данбасе Ірыну Герашчанка і экс-кіраўніка сваёй жа адміністрацыі ў часы прэзыдэнцтва Віктара Медзьведчука.

Прадстаўнік Расеі Азамат Кульмухаметаў прозьвішчы расейскіх прадстаўнікоў у падгрупах чытаў «па паперцы».

«Гэтыя прозьвішчы скажуць вам нешта?» — зьдзівіўся Кульмухаметаў. І зачытаў, што ў групе па бясьпецы Расею будзе прадстаўляць прадстаўнік генштабу Яраслаў Маскаль, па гуманітарных пытаньнях — намесьнік міністра МНС Уладзімер Сьцяпанаў, па палітычных пытаньнях — Максім Палякоў, па эканоміцы — намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця Сяргей Назараў.

Леанід Кучма адзначыў ролю Беларусі і прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў арганізацыі перамоўнага працэсу. Мяркуецца, што трохбаковая кантактная група будзе і надалей сустракацца ў Менску. Такое ж жаданьне, паводле слоў Кучмы, выказалі і працоўныя групы:

Усім так спадабалася ў Беларусі, што працоўныя падгрупы хочуць ледзь ня кожны тыдзень тут сустракацца

«Я не магу не сказаць добрае слова ў адрас Беларусі і прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, — сказаў Кучма. — Каб арганізаваць працу такой вялізнай колькасьці людзей, трэба мець жаданьне. А жаданьне, мы бачым, у беларускага боку ёсьць. Усім так спадабалася ў Беларусі, што працоўныя падгрупы хочуць ледзь ня кожны тыдзень тут сустракацца. Дай Бог».

Паводле Дзяніса Пушыліна, першая група зьбярэцца 14 траўня, дзьве наступныя (паводле прадстаўніцы АБСЭ — па палітычных і гуманітарных пытаньнях) — 19 траўня, апошняя група — 22 траўня.

Гайдзі Тальявіні называла дату 16 траўня для сустрэчы групы па эканамічных пытаньнях, аднак Пушылін яе абверг. Ёсьць дамоўленасьць, што група, якая вырашае пытаньні бясьпекі, зьбярэцца на тэрыторыі альбо Луганскай, альбо Данецкай вобласьці 22 траўня.

Гайдзі Тальявіні

Гайдзі Тальявіні

Тальявіні кажа, што АБСЭ абяцае шчыльную супрацу з падгрупамі, але застаецца пытаньнем, ці прадстаўнікі АБСЭ будуць прысутнічаць пры паседжаньні кожнай працоўнай групы.

Такім чынам, сёньня ўдзельнікі трохбаковай кантактнай групы далі старт працы чатырох працоўных падгруп, узгаднілі парадак дня кожнай зь іх і графік бліжэйшых сустрэч.

Пятро Парашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Ўкраіны ў працоўных групах напярэдадні ўздымаў пытаньне магчымага ўвядзеньня міратворчай місіі ААН і ЭЗ. Паводле Леаніда Кучмы, сёньня гэтае пытаньне не абмяркоўвалася. Але на парадку дня яно стаіць:

«Калі ў пляне працы працоўных падгруп пытаньне ня зрушыцца, адзіны выхад са становішча — уводзіць міратворчы кантынгент», — заявіў Леанд Кучма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG