Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: Крытыка ўладаў — гэта ня здрада, а прыкмета патрыятызму


Напярэдадні Міжнароднага дня свабоды прэсы прэзыдэнт ЗША Барак Абама сустрэўся з журналістамі ў Белым доме. У сустрэчы брала ўдзел карэспандэнт «Голосу Амэрыкі» Фаціма Тлісава. Прапануем пераклад часткі гутаркі.

Абама: Я думаю, гісторыя выкананьня свабоды друку ў Злучаных Штатах не зьяўляецца бездакорнай, але ў нашай Канстытуцыі, у нашай ДНК, як краіны, закладзеная вера ў тое, што свабодная прэса мае жыцьцёва важнае значэньне для функцыянаваньня нашай дэмакратыі. І я лічу, што мы нязьменна разглядаем Першую папраўку як, магчыма, самую яскравую зорку ў нашым сузор’і правоў, таму што калі ў грамадзянаў ня будзе інфармацыі, і калі ўладу нельга будзе прыцягваць да адказнасьці, то дэмакратыя проста згасьне.

З пункту гледжаньня зьнешняй палітыкі адна з нашых мэтаў — гэта паслаць сыгнал сьвету: мы ня лічым, што гаворка ідзе пра выключна амэрыканскае або заходняе права. Мы лічым, што гэта ўсеагульнае права, і важна, каб мы выступалі ў абарону гэтых правоў.

Справядліва таксама і тое, што ў Злучаных Штатаў у іх міжнародных справах ёсьць мноства інтарэсаў і прыярытэтаў, якія даводзіцца ўлічваць — гаворка ідзе пра праблемы бясьпекі і эканомікі. Таму, нават калі мы выступаем у абарону правоў, ёсьць пэўныя абставіны, пры якіх мы вядзем справы, важныя справы, з кожнай з вашых краінаў, і я таксама сустракаюся з лідэрамі гэтых краінаў. І часткай нашых сталых намаганьняў, як я лічу, зьяўляюцца спробы зразумець, як мы можам найлепшым чынам узьнімаць гэтыя пытаньні, прычым рабіць гэта з улікам неабходнасьці ўзаемадзеяньня для атрыманьня рэальных вынікаў.

Што могуць зрабіць ЗША, каб наладзіць кантакты з правінцыйнымі рэгіёнамі Расеі і нацыянальнымі меншасьцямі з пункту гледжаньня выкарыстаньня «мяккай сілы»?

Калі ў грамадзянаў ня будзе інфармацыі, і калі ўладу нельга будзе прыцягваць да адказнасьці, то дэмакратыя проста згасьне

Што да Расеі, гэта добры прыклад тых праблемаў, зь якімі мы сутыкаемся пры правядзеньні зьнешняй палітыкі. Калі я ўпершыню ўступіў на пасаду, мы ініцыявалі «перазагрузку» адносінаў пасьля расейскага ўварваньня ў Грузію. У мяне ўсталяваліся пазытыўныя адносіны з прэзыдэнтам Мядзьведзевым. Мы прасунуліся наперад па шэрагу пытаньняў — ад кантролю за ядзернымі ўзбраеньнямі да спробаў мадэрнізацыі расейскай эканомікі. У кожны з сваіх візытаў я сустракаўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі, і было адчуваньне, што адносіны разьвіваюцца ў правільным кірунку. Я мог выказваць трывогу з нагоды абмежаваньняў прэсы і грамадзянскай супольнасьці, але паколькі ў мяне былі трывалыя ўзаемаадносіны з прэзыдэнтам Мядзьведзевым, мае словы мелі пэўны ўплыў.

Калі прэзыдэнт Пуцін зноў прыйшоў да ўлады — збольшага з-за таго, што вынікі тых выбараў не былі канкурэнтнымі, і ня сталі тым мандатам, на які, магчыма, разьлічваў прэзыдэнт Пуцін, — мы пачалі назіраць рэпрэсіі супраць журналістаў і грамадзянскай супольнасьці, абвінавачваньні, што фінансаваньне Злучанымі Штатамі гэтых арганізацый грамадзянскай супольнасьці зьяўляецца шпіянажам, што Злучаныя Штаты спрабуюць дэстабілізаваць расейскія ўлады.

Расея здолела ўзяць пад кантроль тое, што могуць чытаць і слухаць расейскія чытачы і слухачы, значна ў большай ступені, чым я мог бы чакаць

У канчатковым выніку гэта стала адной з тых трывогаў, якія нам увесь час даводзіцца асэнсоўваць. Калі мы занадта напорыстыя і катэгарычныя ў нашых ацэнках, то часьцяком улады выкарыстоўваюць гэта для дыскрэдытацыі мясцовых журналістаў або грамадзянскай супольнасьці, кажучы: «Дык вы ж проста марыянэткі, інструмэнт зьнешняй палітыкі ЗША». У той жа час відавочна, што калі мы маўчым, то лёс арганізацый грамадзянскай супольнасьці аказваецца па-за сфэрай увагі.

Таму тое, што мы спрабуем рабіць — дык гэта пасьлядоўна працягваць казаць пра гэта, разумеючы, што часам наша крытыка можа наштурхнуцца на глухую сьцяну. Мы ўвесь час спрабуем знайсьці дакладны балянс у тым, як мы можам найбольш эфэктыўным чынам спрыяць стварэньню прасторы для свабоды прэсы. Аднак я павінен сказаць, што Расея, напрыклад, — часткова з-за кантролю дзяржавы над СМІ і яе дамінаваньня ў гэтай сфэры, але таксама дзякуючы запалохваньню — здолела ўзяць пад кантроль тое, што могуць чытаць і слухаць расейскія чытачы і слухачы, значна ў большай ступені, чым я мог бы чакаць.

Я хачу падкрэсьліць, што кожны раз, калі я сустракаюся зь лідэрамі краінаў, у дачыненьні да якіх ёсьць сур’ёзныя пытаньні наконт свабоды прэсы, гэтую тэму я ўзьнімаю. Звычайна гэта нязручная частка сустрэчы, але, на наш погляд, вельмі важна, каб яны пачулі наўпрост ад нас, у што мы верым і якія каштоўнасьці нам дарагія. І калі ёсьць сытуацыі, зьвязаныя з канкрэтнымі журналістамі, пра якія мы ведаем, мы гаворым пра іх пайменна.

Вас прадстаўляюць ворагам расейскага народу. Што б вы маглі сказаць людзям у Расеі?

Мне, безумоўна, сумна бачыць пагаршэньне адносінаў паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй на ўзроўні адносінаў паміж людзьмі, паколькі я лічу, што пасьля заканчэньня халоднай вайны быў дасягнуты значны прагрэс. А машына дзяржаўнай прапаганды ўнутры Расеі значна ўскладніла сытуацыю.

Праблемы, якія ў нас ёсьць з Расеяй, спароджаныя вельмі канкрэтнымі палітычнымі рашэньнямі расейскіх уладаў

Думаю, галоўнае маё пасланьне, якое я пасьлядоўна выказваю публічна, палягае ў тым, што мы хочам посьпеху Расеі. Мы хочам посьпеху расейскага народу. Усе дзеяньні, якія я рабіў у пачатку майго прэзыдэнцкага тэрміну, былі накіраваны на тое, каб яны маглі прынесьці карысьць расейскаму народу, уключаючы дапамогу Расеі ў працэсе ўступленьня ў СГА.

Праблемы, якія ў нас ёсьць з Расеяй, спароджаныя вельмі канкрэтнымі палітычнымі рашэньнямі расейскіх уладаў. Па-першае, гэта рашэньне анэксаваць Крым і парушыць базавыя прынцыпы тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту суседняй краіны — Ўкраіны, — што працягваецца па сёньняшні дзень. І, па-другое, гэта нежаданьне даць грамадзянскай супольнасьці, журналістам і іншым актывістам, палітычным апанэнтам тыя базавыя правы, якія на нейкі час пачалі ўсталёўвацца ў постсавецкай Расеі.

Я веру, што Расея — гэта вялікая краіна, і расейскі народ валодае выдатнымі талентамі. Калі б Расея не замахвалася на тэрыторыю Ўкраіны, калі б ізноў засяродзілася на гандлі, прадпрымальніцтве і адкрытасьці, яна б дамаглася посьпеху. Яна валодае вялікімі рэсурсамі, там жывуць вялікія навукоўцы і прадпрымальнікі. Менавіта ў гэтым, у рэшце рэшт, і ляжыць шлях да посьпеху.

Але расейцам, відавочна, вельмі складана чуць мяне наўпрост, і я, вядома ж, добра ведаю, як Злучаныя Штаты і мяне малююць у расейскіх СМІ. Думаю, у рэшце рэшт гэта асуджана на правал, паколькі адна з каштоўнасьцяў свабоды прэсы палягае ў тым, што яна дазваляе краіне паляпшацца і разважаць пра свае структурныя праблемы і недахопы.

У большасьці выпадкаў мне здаецца, што крытыка на мой адрас несправядлівая, і я зь ёй нязгодны, але часта прэса прыцягвае маю ўвагу да тых рэчаў, якімі займаецца наш урад, дзе ёсьць праблемы

Я наведаў Сэльмы, штат Алабама, на 50-ю гадавіну маршу на мосьце Петуса, які стаў каталізатарам руху за грамадзянскія правы. Гэта быў вельмі важны момант у амэрыканскай гісторыі, таму што ў ім выявілася мужнасьць звычайных людзей, якія ўступілі ў супрацьстаяньне з уладамі і запатрабавалі для сябе асноўных правоў і спыненьня расавай сэгрэгацыі. Але калі б там не было тэлекамер і журналістаў, якія паказалі гвалт над гэтымі мірнымі ўдзельнікамі маршу, што ўзрушыла ўсю Амэрыку, то вынік быў бы іншым. Узьдзеяньне было б іншым.

Амэрыка ад гэтага толькі выйграла. Таму я думаю, што тое, што справядліва ў дачыненьні да нас, справядліва і для Расеі. Крытыка ўладаў — гэта ня здрада. Гэта прыкмета патрыятызму, прыкмета таго, што вы любіце сваю краіну і хочаце, каб яна стала лепш. Сёньня, як і ў любы дзень, вы можаце ўзяць газэту або паглядзець навіны, дзе крытыкуюць маю адміністрацыю, мяне. У большасьці выпадкаў мне здаецца, што гэтая крытыка несправядлівая, і я зь ёй нязгодны, але часта прэса прыцягвае маю ўвагу да тых рэчаў, якімі займаецца наш урад, дзе ёсьць праблемы, дзе мы не надаем дастаткова ўвагі, дзе мы не служым нашым грамадзянам, як павінны былі б. І ў мяне ёсьць магчымасьць гэта выправіць. Гэта дапамагае мне лепш выконваць абавязкі прэзыдэнта.

На мой погляд, адной зь перавагаў нашай краіны зьяўляецца сталасьць дэмакратыі, якой ужо больш за 200 гадоў. З цягам часу былі засвоеныя ўрокі, у краіне запанавала стабільнасьць, быў дасягнуты кансэнсус наконт таго, што разумеецца пад патрыятызмам, атрымалі прызнаньне вяршэнства закону, Біль аб правах і свабоды. Думаю, у многіх краінах сьвету яны ўсё яшчэ аспрэчваюцца, і людзі думаюць: добра, гэта амэрыканскі шлях, а ў нас іншая культура, іншыя традыцыі або ў нас жорсткая апазыцыя, ці што наша краіна разваліцца, што нам пагражаюць з-за мяжы. Я думаю, гэта ўсё адгаворкі, каб не прытрымлівацца базавых прынцыпаў дэмакратыі. Я думаю, гэтыя адгаворкі памылковыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG