Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў: Наш батальён адвялі, а цяпер клічуць вяртацца


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Баец добраахвотніцкага батальёну АУН Васіль Парфянкоў, які пасьля баёў пад Данецкам знаходзіцца ў Кіеве «на ратацыі», пракамэнтаваў заяву Мінабароны Ўкраіны пра тое, што ўсе добраахвотніцкія батальёны адведзеныя ад лініі сутыку з прарасейскімі баевікамі.

Карэспандэнт: Зьявілася заява начальніка галоўнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, што ніводзін добраахвотнік ужо ня ўдзельнічае ў антытэрарыстычнай апэрацыі, бо ўсе добраахвотніцкія батальёны адведзеныя ад лініі сутыку. Гэта так? Дзе цяпер ваш батальён АУН?

Парфянкоў: Гэта праўда, але ня ўся. Ад Пяскоў наш батальён сапраўды вывелі. На нашы пазыцыі зайшлі байцы 93-й брыгады Мінабароны. Але нас ужо клічуць назад, бо ў зьменшчыкаў нічога не выходзіць. 10-га траўня ў Пяскі вяртаецца батальён «Правы сэктар», наш батальён АУН зьбіраецца вяртацца пасьля сьвятаў. Я асабіста пакуль у Кіеве, але празь некалькі дзён вяртаюся на фронт.

Карэспандэнт: А чаму вас клічуць назад? Што ў вайскоўцаў не атрымліваецца?

Парфянкоў: Прыкладам, у тых жа Пясках прыехалі замест нас байцы з 93-й брыгады, не абстраляныя. Іх прызвалі па мабілізацыі, вырвалі зь сем’яў, далі ў рукі аўтаматы і загадалі ваяваць. Але яны толкам ня ведаюць, як ваяваць, ня ведаюць, як абараняць пазыцыі, не разумеюць, адкуль па іх страляюць «сепары», з чаго страляюць. Недзе побач упала міна, а яны баяцца вылезьці з падвалу. У выведку яны ня ходзяць. То бок ня ўмеюць яны ваяваць і ня хочуць. А мы, добраахвотнікі, ведаем, за што ваюем, і маем досьвед, прайшлі праз той жа аэрапорт ды іншыя пункты.

Карэспандэнт: Вы кажаце, што клічуць назад. А на якім узроўні гучаць такія прапановы?

Парфянкоў: Пэўны камбрыг 93-й брыгады, пэўны камандуючы сэктарам «Б» фронту. Яны зразумелі, што бяз нас там, на перадавой, іхнія хлопцы ня ўправяцца.

Карэспандэнт: А якая сытуацыя зь іншымі добраахвотніцкімі батальёнамі? Іх таксама выводзяць? Што з «Азовам»?

Парфянкоў: «Азоў» працягвае ваяваць, але ён ужо даўно падначалены МУС, у Нацгвардыі. «Айдар» узяло Мінабароны, «Данбас» — таксама пад Нацгвардыяй. Але мы нікуды ня пойдзем і будзем ваяваць, як ваявалі раней.

Карэспандэнт: А чаму ўвогуле ўзьнікла гэтая ініцыятыва, каб адклікаць добраахвотнікаў, калі ў вайсковым сэнсе яны са сваёй задачай упраўляліся?

Парфянкоў: Па першае, мы ж можам і адмовіцца выконваць нейкі дурны загад нейкага дурня-генэрала. Другое, Парашэнка рэальна баіцца добраахвотнікаў. Рэйтынг ягоны ўпаў, бо ён займаецца нейкімі незразумелымі дамовамі, людзі незадаволеныя, стаміліся. Тут у Кіеве ўжо ходзяць чуткі пра трэці Майдан, а ў добраахвотнікаў жа на руках зброя, і калі што, кактэйлямі Молатава не абыдзецца. Будзе ўсё больш жорстка з гэтымі чыноўнікамі. Таму яны хочуць нас загнаць альбо пад МУС, альбо пад Мінабароны, каб узяць усіх «на аловак».

Карэспандэнт: А вы ня лічыце, што для ўмацаваньня дзяржавы гэта сапраўды трэба зрабіць, каб тую ж зброю кантраляваць?

Парфянкоў: Ды той зброі за год вайны тут столькі павывозілі зь месцаў баёў, што кантраляваць ужо позна. У Кіеве набыць ствол — не праблема. Прыкладам, за пісталет Сьцечкіна даюць 8 тысяч грыўняў, колькі каштуе аўтамат Калашнікава — ня ведаю, але ведаю, што набыць можна.

Карэспандэнт: Што будзе пасьля травеньскіх сьвятаў? Ці спраўдзяцца прагнозы, што зноў пачнуцца актыўныя баі?

Парфянкоў: Пад Марыюпалем сапраўды чакаецца наступ сэпаратыстаў. Бо ім жа трэба прабіваць калідор на Крым. Там умацоўваюць фронт. Пад Харкавам, пад Днепрапятроўскам таксама ўмацоўваць абарону. Насамрэч нічога ня скончылася.

Карэспандэнт: А пад Пяскамі, дзе вы ваявалі, цяпер страляюць ці там зацішша?

Парфянкоў. Страляюць, усё як і было. Тры дні таму хлопец з нашага батальёну загінуў, ён сам зь Цярнопаля, але я асабіста яго ня ведаў.

Карэспандэнт: Вы ж казалі, што батальён ад Пяскоў адвялі.

Парфянкоў: Так, адвялі, але група невялікая заставалася, каб байцоў 93-й брыгады ўвесьці ў справы. Дык таму цяпер і клічуць назад, бо нічога не выходзіць бяз нас. Празь некалькі дзён і я паеду, але не туды, у іншае месца. Куды, сказаць не магу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG