Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіёнскія жарсьці працягваюцца ў Літве. Паводле Генпракуратуры Літвы, на мінулым тыдні ў Вільні затрымалі штатнага агента расейскіх спэцслужбаў.

Як сьцьвярджаюць у Генпракуратуры, мэтай агента было стварэньне перадумоваў для маніпуляваньня і ціску на працэс прыняцьця рашэньняў на вышэйшым узроўні Літвы.

Расейская амбасада ў Літве на запыты прэсы пракамэнтаваць гэтую інфармацыю не адказвае.

Сябра парлямэнцкага літоўскага Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Арвідас Анушаўскас кажа, што затрыманьне расейскага агента службы бясьпекі— гэта якасна новы момант. Да гэтага часу публічна паведамлялася толькі аб высылцы зь Вільні супрацоўнікаў расейскай амбасады, якія мелі статус дыпляматаў альбо аб затрыманьнях грамадзянаў Літвы, якія працавалі на замежную выведку, паведамляе Delfi.

Між тым, літоўскі міністар замежных справаў Лінас Лінкявічус толькі стрымана адзначае, што падобныя факты «не спрыяюць клімату даверу».

Інцыдэнт адбыўся на тле таго, што на мінулым тыдні ўрад Літвы выклікаў на размову амбасадара Расеі пасьля скаргаў на расейскія караблі, якія перашкаджаюць пракладцы пад вадой электрычнага кабэля паміж Швэцыяй і Літвой для паставак энэргіі на падводныя лодкі.

«Траціна расейскіх дыпляматаў, якія працуюць у Літве, зьяўляюцца супрацоўнікамі спэцслужбаў», — гаворыцца ў сакавіцкім дакладзе контрвыведкі Літвы. Згодна з гэтым дакладам, Масква мае намер надаваць усё больш увагі літоўскай вайсковай інфраструктуры.

Летась тры расейскія шпіёны былі выдвараныя з краіны, тады прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце назвала Расею «дзяржавай-тэрарыстам».

Сярод агентаў расейскіх спэцслужбаў, імёны якіх называліся публічна, у прыватнасьці, і былы консул у партовым горадзе Клайпэда Ўладзімір Малыгін. Прызнаны Літвой супрацоўнікам Службы зьнешняй выведкі Расеі, ён займаўся зборам інфармацыі аб тэрмінале звадкаванага прыроднага газу, які запусьцілі ў студзені і які істотна паменшыў залежнасьць краінаў Балтыі ад расейскага Газпрому.

«Мы — памежная краіна НАТО, і мы знаходзімся пад магутным ударам недружалюбнай прапаганды, якая выкарыстоўвае этнічныя меншасьці для барацьбы супраць сваёй дзяржавы і яе інтарэсаў», — заявіла тады прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.​

XS
SM
MD
LG