Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША аднаўляюць рух пасажырскіх караблёў на Кубу


Сьцягі Кубы і ЗША

Сьцягі Кубы і ЗША

Злучаныя Штаты ўпершыню больш чым за пяцьдзесят гадоў санкцыянавалі аднаўленьне пасажырскіх марскіх перавозак паміж ЗША і Кубай.

Пра гэта ў аўторак паведамілі амэрыканскія СМІ.

Паводле інфармацыйнага агенцтва Associated Press, прынамсі чатыры прыватныя пасажырскія суднаходныя кампаніі, якія базуюцца ў Флёрыдзе, атрымалі ад міністэрства фінансаў ЗША ліцэнзіі на права пачаць рэгулярныя рэйсы на Кубу з партоў гэтага штату.

Прадстаўнік міністэрства пацьвердзіў факт выдачы ліцэнзіяў, аднак не ўдакладніў, колькі менавіта такіх дазволаў было выдадзена.

Сувязі паміж ЗША і Кубай прыкметна пашырыліся з тых часоў, як у сьнежні мінулага году прэзыдэнты абедзьвюх краінаў заявілі аб плянах нармалізацыі адносінаў, разарваных паўстагодзьдзя таму, пасьля таго, як на Кубе ў выніку ўзброенага перавароту да ўлады прыйшоў камуністычны рэжым, узначалены Фідэлем Кастра.

Сёлета Кубу наведала амэрыканская дэлегацыя на чале з намесьнікам дзяржаўнага сакратара па справах Заходняга паўшар’я Рабэртай Джэйкабсан. Падчас гэтага візыту абмяркоўваліся пэрспэктывы аднаўленьня дыпляматычных адносінаў.

Нягледзячы на аднаўленьне пасажырскіх марскіх перавозак, абмежаваньні на паездкі амэрыканскіх грамадзянаў на Кубу застаюцца ў сіле ў рамках дзейнага гандлёвага эмбарга супраць гэтай краіны. Адмяніць эмбарга можа толькі Кангрэс Злучаных Штатаў.

XS
SM
MD
LG