Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парлямэнт, у які ўвайшлі войскі — ужо не парлямэнт»


Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра тое, як быў страчаны шанец распачаць імпічмэнт Лукашэнку.

Раніцай 12 красавіка 1995 году нам, дэпутатам Апазыцыі БНФ, удалося патрапіць ў Авальную залю, толькі прарваўшы кардон міліцыі. Мы селі не на свае звычайныя крэслы, у якіх правялі пяць дэпутацкіх гадоў, а ў правы сэктар амфітэатру, туды, дзе звычайна сядзелі міністры.

Але журналістаў, якія прарваліся з намі ў будынак, у Авальную залю не пусьцілі.

За тое, каб ў Авальную залю ўпусьцілі акрэдытаваных журналістаў, выказаўся Генадзь Карпенка. Супраць выступіў былы першы сакратар Лёзьненскага райкаму кампартыі Іван Авін, заявіўшы, што «заклікі да таго, каб зайшлі сюды ў залю журналісты — гэта заклікі да таго, каб сарваць пасяджэньне сэсіі».

Грыб заявіў, што сам ён «нікому ніякіх загадаў не даваў, каго пускаць..» і што «прэзыдэнт сказаў, што журналістам ніякіх перашкод ня будзе» і папрасіўся «да прэзыдэнта схадзіць».

Адчувалася, што Грыбу ня столькі трэба вырашыць сытуацыю з журналістамі, колькі ўвогуле высьветліць, што рабіць. Ён выглядаў разгублена. Хаця рашэньне ляжала на паверхні. Ужо адно тое, што не Вярхоўны Савет, а кіраўнік выканаўчай улады (прэзыдэнт) вырашае, каму быць на паседжаньні парлямэнта, а каго — не пускаць, — было досыць важкім пацьверджаньнем страты заканадаўчай уладай сваёй самастойнасьці.

Тым больш, што і дэпутаты (не прадстаўнікі Апазыцыі БНФ) адразу заявілі, што пасьля начных падзеяў працаваць у Авальнай залі нельга.

На жаль, з тым, каб праводзіць сэсію ў падкантрольным Лукашэнку Доме ўраду, а не ў будынку Вярхоўнага Савета, выступіў Генадзь Карпенка (трэба прызнаць, што часамі ён выступаў даволі блытана. За дзень да гэтага, жадаючы аспрэчыць эканамічную эфэктыўнасьць прапанаваных Лукашэнкам дамоваў з Масквой, Карпенка заклікаў галасаваць за трэці пункт рэфэрэндуму (аб інтэграцыі з Расеяй), і ён — адзіны — набраў належную колькасьць галасоў дэпутатаў.

Аднак большасьць выступоўцаў была за тое, каб пакінуць падкантрольны Лукашэнку Дом ураду — нават тыя, хто асаблівымі сымпатыямі да БНФ не вылучаўся. Як, напрыклад, старшыня парлямэнцкай камісіі па экалёгіі Барыс Савіцкі.

большасьць членаў Прэзыдыюму на ранішнім паседжаньні палічыла сёньня немагчымым праводзіць паседжаньні ў гэтай залі

Савіцкі: «Я хачу давесьці да сьведчаньня дэпутатаў, што большасьць членаў Прэзыдыюму на ранішнім паседжаньні палічыла сёньня немагчымым праводзіць паседжаньні ў гэтай залі у сувязі з абстаноўкай, якая склалася, лічыла неабходным праводзіць паседжаньні ў нашым будынку. Нягледзячы на гэта, вы (Грыб — С.Н. ) пачалі тут паседжаньне як бы нічога і ня здарылася».

Уладзімер Цялежнікаў: «Начнымі падзеямі абражаны статус кожнага чалавека, які мае дэпутацкую недатыкальнасьць. Я вам хачу сказаць, што асабіста я, пры такім прэсінгу і кантролі, у гэтай залі псыхалягічна не хачу працаваць».

Мне маё выхаваньне і мая нацыянальная прыналежнасьць (я рускі чалавек, магчыма, у мяне мэнталітэт не такі, як у беларусаў), не дазваляюць далей трываць вось гэтыя ўсе абразы

Уладзімер Сапронаў: «... Мне маё выхаваньне і мая нацыянальная прыналежнасьць (я рускі чалавек, магчыма, у мяне мэнталітэт не такі, як у беларусаў), не дазваляюць далей трываць вось гэтыя ўсе абразы, Мечыслаў Іванавіч, проста не дазваляюць. І я не магу зьмірыцца з абразай нават не самога сябе, а імя дэпутата Вярхоўнага Савету, за якім стаяць выбаршчыкі — сотні, мільёны грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і за дэпутатамі Апазыцыі. Таму я, паколькі працую на прафэсійнай аснове, стаўлю Вас, Мечыслаў Іванавіч, у вядомасьць: тут, у гэтай залі, больш ні разу нагі маёй ня будзе. Я зьяжджаю ў Вярхоўны Савет, на сваё працоўнае месца».

Дэпутат Апазыцыі БНФ, палкоўнік міліцыі Ігар Пырх папрасіў у нас прабачэньня, што «ня мог прыняць удзел у акцыі пратэсту» (Ігар меў праблемы са здароўем, і перад пачаткам галадоўкі Пазьняк параіў яму ўстрымацца ад галадоўкі. У 1999 годзе Пырх заўчасна памёр):

Ігар Пырх: «... Прыношу свае прабачэньні калегам па апазыцыі. Калі мне дадуць маральнае права ўзяць удзел — я вазьму. Але больш за тое, я хацеў бы сказаць і ўнесьці прапанову: так, пагутарыць трэба з прэзыдэнтам. І мала гэтага. Мне падаецца, надышоў час скончваць выціраць (прабачце за выраз) соплі, трэба разгледзіць паводзіны прэзыдэнта. Па-мойму, ужо адназначна ўстала пытаньне пра імпічмэнт».

Вось такім быў адзіна правільны альгарытм дзеяньняў Вярхоўнага Савету і яго старшыні.

Ужо было відавочна, што ў сьценах Авальнай залі адбылося дзяржаўнае злачынства. Хаця юрыдычную ацэнку яму павінен быў і мог даваць толькі суд, але палітычная ацэнка павінна была быць толькі адна: за начнымі падзеямі стаяў Лукашэнка, і гэтым самым ён паставіў пад сумнеў сваё права займаць пасаду прэзыдэнта.

У старшыні Вярхоўнага Савета былі ўсе падставы дзейнічаць рашуча.

Аднак Мечыслаў Грыб выбраў іншае. Ён папрасіў «дазвол схадзіць да прэзыдэнта, таму што ён можа мяне прыняць да 13 гадзін, потым у яго будзе прэс-канфэрэнцыя і так далей, і я такой магчымасьці ня буду мець. Схадзіць і пагаварыць наконт гэтай залі. Потым прыйсьці, вам дакласьці вынікі нашых перагавораў і паставіць на галасаваньне, вырашыць, дзе мы будзем працаваць і як будзем працаваць. Ці згодны вы з гэтым? Згодны».

Пасьля паўгадзіннага перапынку Грыб вярнуўся ў Авальную залю, па маіх адчуваньнях, яшчэ больш дэмаралізаваны і прапанаваў «працягваць разгляд чарговых пытаньняў» гэта значыць, ісьці па парадку дня, у які абмеркаваньне начных падзеяў уключана не было.

У гэты момант у залі зьявіўся дэпутат, начальнік упраўленьня аховы палкоўнік Цесавец — і Валянцін Голубеў, не ўтрымаўшыся, кінуўся на яго. Пабіць ён Цесаўца не пасьпеў — той адскочыў, Грыб паклікаў у залю ахову, сказаўшы што «ён таксама дэпутат, і ніхто яго яшчэ не абвінаваціў, таму што гэта можа зрабіць суд».

Грыб распавёў пра сваю сустрэчу з Лукашэнкам і перадаў ягоныя словы наконт дэпутатаў Апазыцыі, што «калі яны ня будуць парушаць парадак у рэзыдэнцыі прэзыдэнта, тады няхай прыходзяць і выконваюць свае абавязкі, якія яны лічаць неабходным выконваць. Я перадаю вам ягоныя словы. Няхай прыходзяць і выконваюць свае абавязкі так, як ім належыць. Калі яны будуць парушаць парадак, ён будзе вымушаны прымаць меры, каб гэты парадак усталяваць».

На гэтым у гісторыі беларускага парлямэнтарызму можна было ставіць кропку: сьпікер парлямэнту пагадзіўся з тым, што менавіта прэзыдэнт будзе вызначаць, што і як рабіць дэпутатам, паводле ягонага, Лукашэнкі, разуменьня, што такое «парадак».

Ніякай ацэнкі словам Лукашэнкі Грыб ня даў.

Не правёў ён і абяцанага перад паходам да Лукашэнкі галасаваньня адносна пераносу паседжаньняў з Дому ўраду ў будынак Вярхоўнага Савету.

Замест гэтага Грыб перадаў дэпутатам прапанову Лукашэнкі паслухаць «інфармацыю міністра абароны Анатоля Іванавіча Кастэнкі, а таксама інфармацыю начальніка аховы будынкаў Міхаіла Міхайлавіча Цесаўца».

Міністар абароны, генэрал-палкоўнік Анатоль Кастэнка быў апрануты ў цывільны касьцюм і дакладаў аб правядзеньні сапёрных дзеяньняў па пошуку «бомбы» .

Ён заявіў, што Лукашэнка яму «паставіў задачу, сказаў, што трэба прыняць усе захады, таму што ён нясе адказнасьць за бясьпеку дэпутатаў».

На пытаньні міністар абароны пагадзіўся адказваць «толькі ў той сувязі, у якой я кампэтэнтны, і ў той частцы задачы, якую мы вырашалі» — тым самым даючы зразумець, што справа яго і ягонага ведамства — адзінае што пошук «бомбы», які завяршыўся толькі а 12-й гадзіне дня. І што ніякага дачыненьня да сілавога выдаленьня дэпутатаў з залі яго ведамства ня мае.

Галіна Сямдзянава запыталася, чаму «паклапаціліся» толькі пра дэпутатаў, а не эвакуавалі з небясьпечнага памяшканьня супрацоўнікаў сакратарыяту Вярхоўнага Савета, а таксама Лукашэнку, Сініцына і Ціцянкова.

«Тут, у цэлым, нікога не было, акрамя міліцыі» — адказаў генэрал (што няпраўда: мы зь Ігарам Гермянчуком бачылі супрацоўніц сакратарыяту ў памяшканьнях за Авальнай заляй).

На што я і зьвярнуў увагу Кастэнкі:

Навумчык: «Спадар генэрал-палкоўнік, учора у 10 гадзін вечара (праз паўтары гадзіны, як тут зьявіўся гэты чалавек, які сказаў пра міну) я і дэпутат Гермянчук стаялі вунь там, у тым калідоры і курылі, і бачылі, як па лесьвіцы сыходзілі стэнаграфісткі. Іх ніхто не эвакуіраваў. Учора, дакладней ужо сёньня, калі браць па часе, у адну гадзіну 20 хвілін вось там, ля прэзыдэнцкага пад’езда, з гэтага двара (я спэцыяльна падышоў і паглядзеў) стаялі „мэрсэдэс“ са сьцяжком (праўда, сьцяжок быў у чахле), другі „мэрсэдэс“ прыкрыцьця і дзьве машыны ДАІ. Такім чынам, Лукашэнка знаходзіўся — правільна, у рэзыдэнцыі, але ў гэтай рэзыдэнцыі, тут. І менавіта , відавочна, ён кіраваў апэрацыяй. Не хачу прасіць Вас адказваць, бо інакш баюся, што яшчэ больш заблытаецеся».

Кастэнка: «Не, я хачу вам сказаць, што вы памыляецеся. Спытайце ў паставых міліцыянтаў — ніякіх „мэрсэдэсаў“ тут не было (Шум у залі)».

Гэтая рэпліка сьведчыць, што міністар абароны альбо ўвогуле не арыентаваўся ў сытуацыі («прэзыдэнцкія «мэрсэдэсы» бачыў не адзін толькі я) альбо сьвядома пакрываў Лукашэнку.

Алесь Шут непасрэдна тут, у Авальнай залі, задраў кашулю і паказаў міністру абароны і дэпутатам кровападцёк на сьпіне ад дубінкі. Гэта выклікала ў дэпутатаў эфэкт, які нас вельмі зьдзівіў. Хаця за пяць гадоў знаходжаньня побач з гэтымі людзьмі нішто ў іх рэакцыі нас зьдзіўляць было не павінна.

«Мала далі!» — крыкнуў зь месца Мікалай Дземянцей, былы (да абвяшчэньня Незалежнасьці) старшыня Вярхоўнага Савету!

«Мала! Трэба было больш» — крычалі іншыя.

Потым на трыбуну ўзьняўся Міхаіл Цесавец, які імкнуўся абвінаваціць нас у непадпарадкаваньні «законным» патрабаваньням і даводзіў, што сілавых мэтадаў на нас не ўжывалі: «у 2 гадзіны 40 хвілінаў дэпутаты былі праведзеныя ў машыны і дастаўленыя ва ўказаныя імі месцы (у цэнтры гораду»).

Сярод іншага, Цесавец заявіў, што «...Радкевіч Алена Яўгенаўна, прадстаўнік радыё „Свабода“ ў Рэспубліцы Беларусь, з 18 гадзінаў хавалася ў гэтай залі... і ў прэзыдыюме, вось тут... і пад мяшкамі... І апошняя была выдаленая ў вельмі культурнай форме, без усялякага фізычнага гвалту і прымусу».

Алена сапраўды была ў залі — рыхтавала рэпартаж для радыё. І не пад мяхамі хавалася, а сядзела спачатку за сталом прэзыдыюму (тут было пісаць зручней, чым за дэпутацкімі пюпітрамі), а пазьней — за прэзыдэнцкай трыбунай. Цесавец пабаяўся сказаць пра апошняе — трыбуна Лукашэнкі павінна была заставацца ў вачах насельніцтва некранутай ды сакральнай.

Крыху пазьней у сваім выступе дэпутат Ігар Гермянчук, галоўны рэдактар газэты «Свабода», патлумачыць, што «безумоўна, як толькі пачалася сытуацыя з „замініраваньнем“, мы адсюль пазванілі карэспандэнтам. Гэта іх прафэсійны абавязак, тут яны павінны быць, каля гэтага будынка павінны быць, каб паведамляць навіны. Я як журналіст, калі б мае людзі тут не былі, выгнаў бы іх за гэта з работы».

Словы Цесаўца пра тое, што дэпутатаў нібыта ніхто не зьбіваў, абверг Валянцін Голубеў.

Голубеў: «... пад той час, калі тут стаялі аўтаматчыкі скрозь, калі адусюль ляцела „Альфа“ у чахлах на галаве, толькі былі дзьве проразі на вачах, як тут нагамі білі дэпутаў Вярхоўнага Савета на гэтай трыбуне, дубінкамі, вось тут стаялі дзьве відэакамэры, і ўсё гэта здымалася. Як мне завярнулі рукі за сьпіну, і тварам... у падлогу, і нагой ударылі па пазваночніку — я ўпаў, гэта таксама здымалася. Як білі дэпутата Гермянчука па твары, гэта таксама здымалася... Ведаеце, ёсьць у хрысьціянстве, у праваслаўі (і я праваслаўны) .. і даруе, магчыма, Бог некаторым і гэтым бязбожнікам. Калі ў царкве прайшло асквярненьне, калі нехта павесіўся, царква не працуе. У парлямэнт, калі ўвайшлі войскі, калі парлямэнт захапілі — гэта ўжо не парлямэнт. Разьбярыцеся вы з гэтым фашызмам, паглядзіце на гэтыя стужкі... Дэпутаты, людзі нас выбралі, каб вы да праўды дабіраліся. Калі будуць біць дэпутатаў, народ беларускі зьнішчаць. У вас ёсьць магчымасьць запатрабаваць, паглядзець і зрабіць выснову. Калі вы гэтага ня зробіце, прыйдзе фашызм, ён ужо ідзе...»

Грыб спыніў Голубева: «Няма чаго тлумачыць па гэтаму пытаньню, таму што ў мяне ёсьць дамоўленасьць аб тым, што гэтыя здымкі, якія здымаліся на кінакамэру (насамрэч — на відэакамэры — С.Н.), будуць усім дэпутатам паказаны. Мяне запэўніў прэзыдэнт у гэтым».

Вера Мечыслава Грыба ў «дамоўленасьць» з Лукашэнкам і ягоныя «запэўніваньні» выглядала, як найменш, наіўна.

У момант, калі Грыб прамаўляў, на цэнтральную трыбуну выйшаў Ігар Гермянчук — сьпікер быў вымушаны папрасіць уключыць яму мікрафон. Ігар падрабязна, у дэталях, распавёў пра начныя падзеі. Аднак сьпікер некалькі разоў спрабаваў яго спыніць («Ігар Іванавіч, на сёньня хопіць»).

Гемянчук: «... уварваліся праз усе дзьверы, уварваліся трыма шарэнгамі. Першая — гэта людзі ў нейкай чорнай спартовай альбо такой шэрсьцяной форме з панчохамі на галаве і толькі вочы прарэзаныя. За імі ішлі спэцназаўцы ў касках, альбо ў рэсьпіратарах, альбо са шчытамі, з дубінкамі і з аўтаматамі. І трэцяя шэрэнга... аўтаматыкі стаялі з аўтаматамі па ўсяму пэрымэтру залі. Яны кінуліся адразу вось у гэты сэктар, на Пазьняка кінуліся трое (а тут сядзелі тры чалавекі).

Грыб: Ігар Іванавіч, колькі Вам патрэбна часу?

Гермянчук: Тры хвіліны яшчэ.

Грыб: Дайце дзьве хвіліны. Ён ужо адну прагаварыў.

Гермянчук: Тры хвіліны.

Грыб: Ну, дайце тры.

Гермянчук: Кінуліся і пачалі цягнуць. Я сядзеў у сярэдзіне, я спрабаваў адцягнуць руку, як цягнулі дэпутата Маркевіча. Калі тры бандыты круцілі галаву Пазьняку, я спрабаваў адцягнуць іх рукі і пачаў здымаць гэтыя іх капюшоны (маскі — С.Н.). І сарваў, па меншай меры, пакуль яны да мяне дацягнуліся, чатыры капюшоны. У адзін з момантаў мяне перагрэлі гумавай палкай. Да мяне дабраліся, мяне схапілі, я вырваўся. Яны перакінулі мяне ў нейкія іншыя рукі, і потым, калі я зноў вырваўся, мяне падхапілі шэсьць чалавек і нейкі сёмы бандыт (скот!) ішоў зьверху, несьлі мяне сем чалавек, а ён зьверху кулаком мне разьбіваў нос, раскрывавіў нос. І занесьлі ў машыну пятым чалавекам, ва ЎАЗік кінулі ўперад нагамі. Такім чынам, гэтыя людзі паводзілі сябе па-бандыцку. Маскі ім патрэбны былі ня толькі, каб схаваць твары, а каб проста не адчуваць ніякіх тармазоў.»

Пасьля выступу Ігара Гермянчука Мечыслаў Грыб сказаў, што «выслухалі мы і той бок, і той», і прачытаў запіску да яго Лукашэнкі, у якой ён пісаў, што можа прыйсьці ў Вярхоўны Савет а 16-й гадзіне, «даць дадатковую інфармацыю, а таксама адказаць на пытаньні дэпутатаў». «Давайце мы зробім перапынак да 16 гадзін і сабяромся, паслухаем прэзыдэнта і будзем працаваць далей».

Грыб паводзіў сабе так, нібыта нічога не адбылося, і парлямэнт можа «працаваць далей».

Але Валянцін Голубеў меў рацыю: парлямэнт перастаў быць парлямэнтам. Памыліўся Валянцін хіба толькі ў тым, што страціў Вярхоўны Савет гэтую функцыю не ўначы, калі ў ягоных сьценах зьбілі дэпутатаў, а ў час дзённага паседжаньня, калі дэпутацкая большасьць на чале са сьпікерам адмовіліся абараніць зьбітых і заклікаць да адказнасьці вінаватых.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG