Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода абвяшчае конкурс на журналісцкую стыпэндыю імя Вацлава Гаўла


Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода абвяшчае аб пачатку прыёму заявак на журналісцкую стыпэндыю імя Вацлава Гаўла на 2015-2016 акадэмічны год.

Заяўкі будуць прымаць да 31 траўня 2015 на электронную пошту havelfellowship@rferl.org. Заяўка складаецца з дадзеных аб удзельніку, матывацыйнага ліста, узораў работ, двух рэкамэндацыйных лістоў, рэзюмэ і «Ліста да Вацлава Гаўла». У свой час Вацлаў Гавэл, знаходзячыся ў зьняволеньні, пісаў сваёй жонцы лісты. Пазьней яны былі выдадзеныя як кніга «Лісты да Вольгі».

Узяць удзел у праграме могуць журналісты зь Беларусі, Украіны, Расеі, Армэніі, Азербайджану, Грузіі, Малдовы. Стыпэндыяты, якія пройдуць адбор, атрымаюць магчымасьць стажыравацца ў рэдакцыях галоўнага офісу РСЭ/РС у Празе, супрацоўнічаючы з дасьведчанымі журналістамі. Стажыроўка будзе доўжыцца ад 1 лістапада 2015 да 30 чэрвеня 2016 году.

Мэта стыпэндыі імя Вацлава Гаўла — падтрымка пэрспэктыўных журналістаў з краін, дзе ёсьць праблемы з вольнымі і незалежнымі сродкамі інфармацыі. «Стымулам да стварэньня праграмы стала вера былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла ў ролю журналістыкі як трансфарматара рэпрэсіўных рэжымаў», — адзначаюць ініцыятары прэміі.

У 2011-2012 гадах стыпэндыятам прэміі імя Вацлава Гаўла ад Беларусі быў Франак Вячорка — журналіст і грамадзкі дзяяч, адзін з кіраўнікоў культурніцкай арганізацыі «Арт Сядзіба».

У 2014-2015 гадах стыпэндыятам стала журналістка тэлеканалу «Белсат» Ганна Любакова.​

Стыпэндыяты Вацлава Гаўла ў Вашынгтоне 18.04.2015: Вольга Мальчэўская (Украіна), Ана Ламтадзэ (Грузія), Ганна Любакова (Беларусь)

Стыпэндыяты Вацлава Гаўла ў Вашынгтоне 18.04.2015: Вольга Мальчэўская (Украіна), Ана Ламтадзэ (Грузія), Ганна Любакова (Беларусь)

Стыпэндыя імя Вацлава Гаўла — гэта супольная ініцыятыва Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і Міністэрства замежных справаў Чэхіі, пры падтрымцы дабрачыннага фонду Вацлава Гаўла і Дагмар Гаўлавай VIZE97, а таксама Prague Freedom Foundation.

XS
SM
MD
LG