Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навальны выявіў у «касмэтычцы» «Начных ваўкоў» 56 мільёнаў бюджэтных грошай


«Ваўкі» кормяцца зь дзяржаўнага бюджэту — сьцьвярджае расейскі апазыцыйны палітык.

«Ваўкі» кормяцца зь дзяржаўнага бюджэту — сьцьвярджае расейскі апазыцыйны палітык.

За апошнія паўтара года скандальна вядомыя пуцінскія байкеры атрымалі 56 мільёнаў расейскіх рублёў на навагоднія ёлкі, мотапрабегі і фэстывалі каскадэраў. Самы вялікі грант — 15 мільёнаў рублёў — ад Міністэрства культуры.

Навальны сьцьвярджае, што лідэр клюбу байкераў Аляксандар «Хірург» Залдастанаў мае некалькі юрыдычных асобаў, пад якія рэгулярна атрымлівае дзяржаўныя гранты.

Аляксандар Залдастанаў і Яўген Строгаў, два заснавальнікі «Начных ваўкоў», таксама выступаюць заснавальнікамі яшчэ аднаго руху — «Рускія матацыклісты» або «Асацыяцыя байкераў», — піша Навальны. У 2013 годзе на стварэньне патрыятычных відэапрадуктаў арганізацыі атрымалі 3,5 мільёна рублёў. У 2014-м — 7 мільёнаў на праект «сынтэзу традыцыяў і інавацыяў» і «выяўленьне месца матацыклістаў у духоўным жыцьці грамадзтва Расеі». Дзьве навагоднія ялінкі і фэстываль абышліся расейскім падаткаплатнікам у 21 з паловай мільён рублёў.

Яўген Строгаў таксама валодае доляй у грамадзкім байк-аб’яднаньні «Фэдэрацыя мотатурызму», якое таксама атрымала 9 мільёнаў рублёў на правядзеньне аўта-мотапрабегу «Дарогі сяброўства» дзеля «народнай дыпляматыі».

«Калі скласьці ўсе дадзеныя, знойдзеныя на партале грантаў, атрымліваецца, што „Начныя ваўкі“ і наўпрост афіліяваныя з Залдастанавым байкерскія аб’яднаньні атрымалі за паўтара года 41 мільён рублёў», — сьцьвярджае Навальны.

Паводле яго, у 2014 годзе сярэдні прэзыдэнцкі грант складаў 2 мільёны рублёў. «У выпадку байкераў у адны рукі было выдадзена ў 20 разоў больш», — заяўляе палітык.

Самы вялікі грант байкеры атрымалі ў ліпені 2014 году ад Міністэрства культуры — 15 мільёнаў.

«Такім чынам, за 18 месяцаў было атрымана 56 мільёнаў бюджэтных рублёў у выглядзе грантаў», — падсумоўвае Навальны.

Навальны прыводзіць сцэнар дзіцячай навагодняй ялінкі аўтарства Аляксандра Залдастанава. Палітык кажа, што толькі на квітках на мерапрыемства, падтрыманае мільённымі грантамі, «Ваўкі» зарабляюць 14 мільёнаў рублёў.

«У 2013 годзе дзіцячая ялінка была прысьвечаная таму, што сусьветны ўрад хоча пад Новы год зрабіць дзяржаўны пераварот у Расеі (нічога ня выйшла). У 2014-м Амэрыка таксама спрабуе заваяваць Расею, у спэктаклі Баба-яга хавае Кашчэевы грошы ў афшорах (сур’ёзна) і спрабуе дапамагчы Амэрыцы скрасьці ў Расеі чароўны меч», — пераказвае сцэнар Навальны.

«Аплочана з нашай з вамі кішэні», — заключае Аляксей Навальны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG