Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны: Для тых, хто абураецца парадам, 9 траўня — ня сьвята

  • БелаПАН

Прадстаўнік ідэалягічнай управы Мінабароны адказаў менчукам, якія скардзіліся на заторы на вуліцах і папсаваны асфальт ад танкаў, што бралі ўдзел у рэпэтыцыі параду да 9 траўня.

У сацыяльных сетках напярэдадні прагучала багата меркаваньняў наконт таго, што генэральная рэпэтыцыя параду і зьвязаныя зь ёю транспартныя праблемы нарабілі жыхарам Менску нязручнасьцяў.

Начальнік упраўленьня інфармацыі галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімір Макараў на прэс-канфэрэнцыі пракамэнтаваў гэтыя выказваньні.

«Рэпэтыцыі заўсёды праводзяцца ноччу — а 22 гадзіне. Для таго каб вывесьці тэхніку, зразумела, неабходны час. І некаторыя нязручнасьці, якія, зразумела, ёсьць і могуць быць, яны зь лішкам кампэнсуюцца значнасьцю гэтага параду», — заявіў прадстаўнік абарончага ведамства.

Паводле Макарава, для тых, хто абураецца ў сацыяльных сетках, «9 траўня, на жаль, ня сьвята»:

«Няхай іх нязначная меншасьць, але яны ёсьць. Знаходзяцца людзі, якія, калі нават ня будзе праводзіцца парад, знойдуць нагоду для таго, каб выказаць сваю альтэрнатыўную думку», — адзначыў прадстаўнік Мінабароны.

«Парады былі, ёсьць і будуць у гэтае сьвятое сьвята. Штогод — 3 ліпеня, а ў юбілейныя гады — 9 мая. Нягледзячы на некаторыя нязручнасьці, пра якія грамадзян папярэджваюць загадзя, — калі будуць перакрытыя вуліцы, для пераважнай большасьці менчукоў, беларусаў і ўсіх людзей добрай волі гэта не зьяўляецца нейкай непераадольнай праблемай», — упэўнены прадстаўнік Мінабароны.

XS
SM
MD
LG