Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Мікола Статкевіч мусіць сядзець у турме, у «крытцы», у пагоршаных умовах 1 год, сем месяцаў і 15 дзён да канца 6-гадовага тэрміну зьняволеньня. Статкевіча прызнали вінаватым у парушэньні правілаў унутранага распарадку калёніі. Але ў «крытцы» ён будзе зусім не за гэта.

1. Гэта асабістая помста. Помста за сьмелы выклік, помста за тэлезварот, у якім Статкевіч зьвярнуўся да Лукашэнкі на «ты» і запатрабаваў вярнуць выбары. «Вярні тое, што ты скраў у нас, а то мы прыйдзем і забярэм». Палітвязень Андрэй Клімаў тройчы сядзеў за кратамі паводле розных абвінавачваньняў, але сапраўднай прычынай больш чым пяці гадоў зьняволеньня, быў ягоны выступ напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году: «Калі ў нас у дзяржаве няма годных вайскоўцаў, то я як былы супрацоўнік пажарнай аховы магу ўзяць на сябе місію арыштаваць Лукашэнку».

2. Гэта сыгнал усім патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Каб не паўтарыліся тэлезвароты з заклікам вярнуць выбары, каб не было Плошчы, каб моцна не высоўваліся, інкаш будзе так, як са Статкевічам.

3. Вызваленьне палітвязьняў ужо не зьяўляецца асноўным патрабаваньнем Захаду. У сваім апошнім слове ў судзе ў 2011 годзе Мікола Статкевіч зьвярнуўся да заходніх дыпляматаў: «Ня трэба прапаноўваць рэжыму грошы за нашу свабоду. Выкупляць у бандытаў закладнікаў нельга. Пасьля нас будуць іншыя ахвяры. Я гатовы ахвяраваць сваёй свабодай, каб наблізіць свабоду сваёй краіны». У дзень суду над Статкевічам у Менску знаходзілася дэлегацыя Бундэстагу. Невядома, ці згадвалі дэпутаты падчас перамоваў пра зьняволенага кандыдата на прэзыдэнта.

4. Статкевіча не падтрымалі апазыцыйныя структуры. На словах падтрымка ёсьць. Але калі быў бы рэалізаваны варыянт вылучэньня Статкевіча кандыдатам на прэзыдэнта, які ён прапаноўваў, каб зламаць сцэнар уладаў на выбарах, і калі б па ўсёй Беларусі вялася агітацыя за зьняволенага палітыка, перавесьці яго ў «крытую турму» было б значна цяжэй.

5. Увага сьвету сканцэнтраваная на падзеях ва Ўкраіне. Кіраўнік Беларусі спрабуе адыгрываць міратворчую ролю ў расейска-ўкраінскім канфлікце, і ўсе ўнутраныя праблемы Беларусі для заходняй супольнасьці сталі другаснымі на тле вайны.

Але нават ізалюючы палітвязьня ў «крытцы», улады нічога ня могуць зрабіць з «пасланьнем Статкевіча».


1. Статкевіч — моцны. Дробных — не заўважаюць. Калі помсьцяць, значыць баяцца, спрабуюць такім чынам абараніцца ад нязломнага байца.

2. У Статкевіча ёсьць падтрымка ў Беларусі. Бо яго чакаюць верная жонка, дочкі, бацька, паплечнікі, тысячы людзей, якія галасавалі за яго на выбарах.

1. Пра Статкевіча ведаюць і памятаюць у сьвеце, нягледзячы на прагматычнае «пацяпленьне адносінаў» Беларусі з Захадам. Ягонага вызваленьня патрабуюць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

4. Гэта цьвярозы сыгнал усім тым, хто цяпер высока ацэньвае беларускую стабільнасьць і захапляецца віртуознай палітыкай балянсаваньня паміж Захадам і Ўсходам. Прысуд Статкевічу — гэты сыгнал таго, што ў Беларусі нічога насамрэч не мяняецца.

5. Гэта рэабілітацыя апазыцыі. Рэйтынгі беларускай апазыцыі невысокія. «Настоящих буйных мало, вот и нету вожака», як сьпяваў Высоцкі. І на гэтым тле Мікола Статкевіч застаецца маральным лідэрам, чый аўтарытэт будзе толькі ўзрастаць з кожным з 585 дзён, якія яму прысудзілі правесьці за кратамі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG