Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Па мільярду за вока і 26 гадоў калёніі на дваіх наркаманаў


Суд Чыгуначнага раёну Гомеля прызнаў вінаватымі дваіх маладых гамельчукоў, якія пад узьдзеяньнем наркотыкаў пазбавілі свайго сябра зроку і скалечылі твар.

29-дзесяцігадовы Аляксандар атрымаў 11 гадоў пазбаўленьня волі, а ягоны прыяцель, 21-гадовы Максім, асуджаны на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Апошні, апрача наўмыснага нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, меў дачыненьне да незаконнага абароту наркотыкаў.

Суд вырашыў таксама спагнаць зь вінаватых па мільярду рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды на карысьць пацярпелага гамельчука Дзьмітрыя, які застаўся без абодвух вачэй.

Вырак суду яшчэ не набыў юрыдычную сілу. Стала вядома, што маладыя людзі, датычныя да спайс-трагедыі, наважыліся аспрэчыць прысуд.

Жудасная гісторыя адбылася мінулым летам у прыватным доме на вуліцы Дакутовіч у Гомелі. Трое прыяцеляў зладзілі вечарыну, бо адзін зь іх меўся ехаць на заробкі ў Расею. Пілі, елі, курылі марыхуану. Дайшло да спажываньня псыхатропаў.

Калі дарослыя хлопцы сталі бегаць па двары напаўголымі, суседзі выклікалі міліцыю.

Службоўцы, што прыехалі на вылік, былі шакаваныя. У доме ўпокат ляжалі акрываўлены 23-гадовы гамяльчук з выціснутымі вочнымі яблыкамі і абодва яго «хірургі».

У судзе прадстаўнік абвінавачваньня з гарадзкой пракуратуры тлумачыў, што дасьледаваць спайс-трагедыю было складана, паколькі яе фігуранты памяталі той вечар толькі ўрыўкамі. Ясным заставаўся толькі фінал трагедыі — малады чалавек назаўсёды страціў зрок.

XS
SM
MD
LG