Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкеры ў Нямеччыне — не «Начныя ваўкі»


Як паведамляе нямецкае прэсавае агенцтва DPA са спасылкай на фэдэральную паліцыю, ніхто зь дзесяці матацыклістаў, якія прыехалі ў нядзелю з Аўстрыі, не належыць да пракрамлёўскага маскоўскага клюбу «Начныя ваўкі».

Усе яны — сваякі або тыя, хто сымпатызуе ўдзельнікам мотапрабегу па Эўропе ў гонар 70-годзьдзя перамогі над нацысцкай Нямеччынай.

Напярэдадні прадстаўнік «Начных ваўкоў» заявіў агенцтву ТАСС, што група байкераў плянуе ў панядзелак наведаць мэмарыял на тэрыторыі былога нацысцкага канцлягеру Дахаў, пад Мюнхэнам.

Раней паведамлялася, што 10 расейскіх байкераў з клюбу «Начныя ваўкі» працягнулі мотапрабег па Нямеччыне пасьля таго, як у нядзелю былі на некаторы час затрыманыя ў горадзе Бад-Райхэнгаль для праверкі дакумэнтаў.

Аўстрыйскае інфармацыйнае агенцтва APA перадало, што каманда «Начных ваўкоў», якая прыехала ў Аўстрыі са Славаччыны, складаецца толькі з двух расейцаў і каля 20 чалавек, якія ім сымпатызуюць.

У некалькіх эўрапейскіх краінах мотапрабег расейскіх байкераў выклікаў нэгатыўную рэакцыю празь сяброўства ідэйнага лідэра «Начных ваўкоў» Аляксандра Залдастанава з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

XS
SM
MD
LG