Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Губэрман пра заявы Лукашэнкі: Ён зь дзясяткамі габрэяў раіцца, перш чым нешта зрабіць


Ігар Губэрман, Ганна Соўсь, Сяргей Навумчык

Ігар Губэрман, Ганна Соўсь, Сяргей Навумчык

Госьць Свабоды — Ігар Губэрман, расейскі і ізраільскі пісьменьнік, аўтар знакамітых «гарыкаў» — афарыстычных і сатырычных чатырохрадкоўяў. Відэазапіс інтэрвію зь Ігарам Губэрманам, якое зрабілі Сяргей Навумчык і Ганна Соўсь, пазьней на нашым сайце. А зараз фрагмэнт размовы.

Ганна Соўсь: Ігар Міронавіч, некалькі дзён таму кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў пасланьні Нацыянальнаму сходу і народу выказаў незадаволенасьць, як працуе найбуйнейшы беларускі партал tut.by і яго ўладальнік Юры Зісер: «Але наогул гэтыя габрэі ... я зь імі працую, я даручыў іншаму габрэю ў нашым урадзе — вазьмі ўсіх сваіх габрэяў пад кантроль. Павел Ізотавіч не абураўся. Зісер ніяк ня можа ... Ніяк ня можам мы чалавека нармалізаваць. Паглядзі ўважліва». Гадоў 10 таму падчас аналягічнага пасланьня Аляксандр Лукашэнка нэгатыўна выказаўся пра Бабруйск, у тым сэнсе, што там брудна, як у Адэсе, як у габрэяў, тады ледзь не дайшло да разрыву дыпляматычных адносінаў з Ізраілем. Лічыцца, што ў Беларусі няма дзяржаўнага антысэмітызму, а ёсьць бытавы антысэмітызм. Але калі кіраўнік дзяржавы загадвае нармалізаваць габрэяў, як гэта называецца, па-вашаму?

Ігар Губэрман: У бытавой размове я б гэта назваў «хернёй сабачай», якая ніякага дачыненьня ня мае да вобразу Лукашэнкі, таму што Лукашэнка — дыктатар, ён хітры, вельмі таленавіты ва ўсіх сваіх палітычных калатнечах. Безумоўна, подлы, таму што пасадзіў мноства сваіх былых сяброў. Нармальны такі не буйны дыктатар. Я думаю, што гэта прарвалася ягонае раздражненьне супраць габрэяў. На габрэяў можна і трэба раздражняцца, таму што народ мы — вельмі незвычайны. Як толькі зьяжджае вялікая колькасьць габрэяў, краіна жахліва падае ў маральным, эканамічным і іншых адносінах. Я кажу не пра Расею, я кажу пра Гішпанію XV стагодзьдзя. Разьехаліся габрэі, і разбурылася імпэрыя, нягледзячы на золата, якое цякло з Амэрыкі і іншых калёній. Сыход габрэяў вядзе да канца імпэрыі. З-за гэтага іх вельмі часта параўноўвалі з пацукамі, якія бягуць з карабля, які тоне. Карабель, зь якога ўцякаюць габрэі, ён можа і не тануць, але нешта ў ім не ў парадку. Яшчэ я б параўнаў гэта з канарэйкамі, якіх шахцёры бралі ў шахты. Як толькі зьяўляўся газ, а газ і габрэі — гэта паняцьці, якія рыфмуюцца пасьля гітлераўскіх лягераў, дык канарэйка ціха памірала... Гэтак жа з габрэямі. Я думаю, што ў Лукашэнкі сасьпела пэўнае раздражненьне супраць габрэяў, хаця я абсалютна перакананы, што будучы тонкім палітыкам, ён зь дзясяткамі габрэяў раіцца, перш чым нешта зрабіць. І па пытаньнях разумных і па пытаньнях подлых, таму што габрэі разьбіраюцца ў эканоміцы...

Соўсь: Як вы лічыце, ён усьведамляў, што гэта быў антысэміцкая заява?

Губэрман: Канечне, не. Ці ўсьведамляе ён, калі гаворыць, што беларусы будуць жыць дрэнна, але нядоўга? Ці ён разумее, калі гаворыць, што ўсё жыцьцё клапаціўся, каб былі чалавечыя яйцы? Ёсьць цэлыя кнігі вось такіх выказваньняў Лукашэнкі. Ён не разумее проста. У гэтым ён крыху падобны на Чарнамырдзіна. Дасьледчыкі мозга ведаюць, што ў нас ёсьць пэўная сыстэма, якая кантралюе апошні выхад словаў, ці суадносіцца ён з папярэднім сказаным. Вось такі прыклад, калі чалавек падаецца дурнем. Адзін кажа: «Ты браў у мяне кацялок, вярні яго», а другі яму ў адказ: «Па-першае, я яго ў цябе ня браў, а па-другое, я табе яго вярнуў». Адсутнічае апошні кантроль. У Лукашэнкі ён адсутнічае абсалютна ясна. З гэтага трэба толькі сьмяяцца. Гэта не антысэмітызм.

Сяргей Навумчык: Значыць, ён — тое, што ў народзе называюць дурнем?

Губерман: Так, дурань. Гэта тое, што ў бытавым сэнсе падаецца дурнем. Так, дурань. Я не хачу яго абразіць, ён — праставаты.

Навумчык: Ігар, а вось заўважце, што Пуцін (на маёй памяці, ва ўсякім разе за 15 гадоў я не магу гэта прыгадаць) нідзе не дазволіў сабе антысэміцкіх выказваньняў альбо намёкаў, у адрозьненьне ад Лукашэнкі...

Губэрман: Гэта ягоная вялікая перавага. Па-другое, не забудзьцеся, што ён прайшоў вельмі добрую школу выведкі і ўмее размаўляць зь людзьмі. Вось мне расказваў Віця Шэндэровіч, на нейкім з раньніх фэстываляў, паэтычных ці палітычных, Пуцін яшчэ быў «шасьцёркай» у Сабчака і цягаў яго чамаданы ў камандзіроўках, і там, дзе сядзелі малаганаровыя госьці з Масквы (вось Шандаровіч быў, пачатковец пісьменьнік і журналіст, і нехта яшчэ, таксама габрэй) — і туды падсеў Пуцін. Ён, нічога ў іх не пытаючыся, акінуў іх позіркам і імгненна загаварыў пра тое, якая цудоўная краіна Ізраіль і які прыклад паказваюць габрэі ўсяму сьвету. Гэта — талент! Альбо — вельмі добрая вывучка.

XS
SM
MD
LG