Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Пуцін надрукаваў калёнку ў часопісе «Русский пионер», расказаў пра бацькоў, якія далі яму важны жыцьцёвы ўрок: не адчуваць нянавісьці нават да сапраўднага ворага, да фашыстаў, якіх самі яны не хацелі і ня ўмелі ненавідзець. Дзівам ацалелі на вайне і цанілі мірнае жыцьцё. Такія ў яго былі бацькі…

Дарагі Валодзя! Вельмі хораша ты напісаў пра нас з мамай. Ужо хто нацярпеўся ад фашыстаў у Ленінградзе, то гэта мы зь ёю, чыстая гэта праўда. І слушна ты пішаш: «І не было сям’і, дзе б хтосьці не загінуў. І, канечне, гора, бяда, трагедыя. Але ў іх не было нянавісьці да ворага, вось што дзіўна. Я дагэтуль не магу, шчыра кажучы, гэтага да канца зразумець. Мама ўвогуле была ў мяне чалавек вельмі мяккі, добры… І яна гаварыла: “Ну якая да гэтых салдат можа быць нянавісьць? Яны простыя людзі і таксама гінулі на вайне”. Гэта надзіва. Мы выхоўваліся на савецкіх кнігах, фільмах… І ненавідзелі. А вось у яе гэтага чамусьці зусім не было. І яе словы я вельмі добра запомніў: “Ну што зь іх узяць? Яны такія ж рабацягі як і мы. Проста іх гналі на фронт”».

Сумна мне Валодзя робіцца: мы цябе вучылі-вучылі, а ты так нічога й не зразумеў, выходзіць. Ну памятаеш, як мы гаварылі на кухні перад тваім ад’ездам у ГДР? Ты ж хацеў туды, хацеў? Не баяўся, што ўсе яны, хто старэйшы, у вэрмахце служылі, тапталі нашу зямлю падкаванымі ботамі? Ты ж у ГДР ехаў да сяброў, да братоў па зброі, як ты сам гаварыў тады. Не да былых фашыстаў, праўда? І нямецкую мову вывучыў, таму што ў ГДР была першая дзяржава нямецкіх рабочых і сялян, правільна?

А што цяпер у цябе робіцца, дах у тваіх падначаленых паехаў ці што? Украінцы фашысты, ва Ўкраіне хунта! А нейкая шаўка крычыць: палякі гадуюць нацызм у Кіеве! Дык у нас жа ў падрыўной групе што нас было, русакоў, што ўкраінцаў, што іншых, ніхто не падлічваў: і Мікола, і Васіль, і яшчэ нехта быў. Усе аднолькава кроў пралівалі. А цяпер твае стратэгі думскія вылічылі, што ў Польшчы за вызваленьне загінулі пяцьсот тысяч «нашых». Але ж, Валодзя, лічба была заўсёды — шэсьцьсот тысяч. Яны што: напраўду, прашарсьцілі сьпісы і павыкідалі ўкраінцаў ды іншых беларусаў, расавую чыстку ў магілах правялі?

Валодзечка, нацызм — гэта калі расава чыстай хочуць зрабіць краіну, ты разумееш? Рускі сьвет, напрыклад, ці арыйскі. Валодзя, прашу цябе, знайдзі мой слоўнік палітычных тэрмінаў, там усё ёсьць. Што такое нацызм, сынок? Гэта калі так званая нардычная раса вышэй за ўсіх, гэта да зубоў узброіцца, каб суседзі баяліся, гэта пляўкі ў бок эўрапейскай дэмакратыі. А Ўкраіна, Валодзя: якая там к чорту была мілітарызацыя? Яна ж раззброіліся, яна ваяваць ні з кім не зьбіралася, яна ж Расеі нічым не пагражала.

Валодзя, тэлевізар людзі спакойныя ўключыць сёньня ня могуць: усё гаў-гаў, фашызм-фашызм украінскі! А фашызм – гэта калі ўсе рупары крычаць пра ворагаў, пра ўнутраных спачатку, потым пра зьнешніх, па чарзе. Брэшуць як захочуць. Калі ў краіне культ нянавісьці, запомні! Калі правадыр кіруе і ніякіх цьвікоў. Калі рэваншызм, які мы так некалі асуджалі ў газэтах. А цяпер усё паляцела к чортавай мацеры.

Мы цябе вучылі-вучылі, а ты так нічому і не навучыўся. Прашу цябе, Валодзя, адмяні ўказ, па якім уся Расея абзывае ўкраінцаў фашыстамі, як з ланцуга сарваўшыся. Разам кроў пралівалі, а вы ўсё кату пад хвост. Ну што вы ўчапіліся ў тую Ўкраіну як ваўкі ў авечку? Што вам, зямлі ў нашай матухне-Расеі не хапае хіба? Сорамна, Валодзя. Самі сталі тымі «хахламі» з анэкдоту: а што ня зьем, то пакусаю.

Навошта Украіну кусаць, няхай бы жыла, сынок. Успомні: колькі яна нацярпелася ў акупацыю, поўнасьцю яе фашыстам здалі бедачыну. Толькі на фронце амаль два з паловай мільёны (паводле АН Украіны дакладная лічба — 2, 4 мільёна) галовы склалі, ды насельніцтва — ня менш (4,4 мільёны — згодна сучасных украінскіх дадзеных). А сёньня ў цябе толькі лянівы фашыстамі не абзывае. Сталіна на вас няма! Ён у фашыстах разьбіраўся, сабаку зьеў.

XS
SM
MD
LG