Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча судзяць закрытым судом


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

У шклоўскай калёніі ідзе суд над былым кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаем Статкевічам, якому пагражае перавод з калёніі ў турму за парушэньні рэжыму ўтрыманьня.

Да калёніі прыехалі некалькі праваабаронцаў, у тым ліку Алесь Бяляцкі, прадстаўніца Эўразьвязу і незалежныя журналісты. Калі яны паспрабавалі трапіць у залю суду, то супрацоўнік калёніі ў званьні маёра сказаў, што працэс закрыты, і папрасіў адысьці ад будынку калёніі да шлягбаўма.

Да калёніі прыехалі Марына Адамовіч і адвакат Мікалая Статкевіча Аляксандар Галіеў, якіх дапусьцілі на паседжаньне суду. Ля папраўчай установы дзяжурыць вельмі шмат супрацоўнікаў калёніі.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю вулічных беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Пасьля суду Мікалая Статкевіча паўгода трымалі ў шклоўскай калёніі, потым тры гады ў магілёўскай турме як злоснага парушальніка рэжыму. У студзені 2015 году палітвязьня вярнулі ў шклоўскую калёнію, а цяпер яму зноў пагражае турэмны рэжым.

Праваабаронца, былы палітвязень Алесь Бяляцкі заявіў Свабодзе пад брамаю Шклоўскай калёніі:

«Працэдура такіх судоў на тэрыторыі калёніі, якія праходзяць у закрытым рэжыме, выклікае вельмі вялікі сумнеў у законнасьці і аб’ектыўнасьці. Цяпер мы бачым, як гэтую працэдуру выкарыстоўваюць у дачыненьні да палітычных зьняволеных, у прыватнасьці, да Міколы Статкевіча. На суд не пусьцілі журналістаў, праваабаронцаў, прадстаўніка офісу Эўразьвязу. Жонку Міколы Марыну Адамовіч пусьцілі ў залю судовага паседжаньня толькі з другой спробы. Яна і адвакат Аляксандар Галіеў — вось і ўся грамадзкасьць, якая будзе на судзе. Такія судовыя паседжаньні праходзяць вельмі фармальна. Такое адчуваньне, што яны ня маюць ніякага дачыненьня да рэальнага судовага працэсу, бо, як правіла, суды базуюцца на складзеных супрацоўнікамі калёніі пратаколах, а аб’ектыўнасьць гэтых пратаколаў выклікае вялікі сумнеў».

Марына Адамовіч і Алесь Бяляцкі каля шклоўскай калёніі

Марына Адамовіч і Алесь Бяляцкі каля шклоўскай калёніі

Праваабаронца Аляксей Казьлюк зазначыў Свабодзе:

«Нам было патлумачана, што незалежна ад таго, што працэс быў абвешчаны адкрытым, каб прысутнічаць на ім, трэба напісаць заяву на імя судзьдзі. Мы гэта зрабілі, але пусьцілі толькі Марыну Адамовіч. Мяне, гэтаксама як і прадстаўніцу офісу Эўразьвязу, у залю не пусьцілі. Вядома, таксама ніхто тут ня ўлічвае, што спадарыня Марына пасьля аварыі і ня ў тым стане, каб бегаць з аднаго пакоя ў іншы і чакаць, пакуль яе дапусьцяць на працэс да мужа».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG