Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразьвяз заклікае вызваліць палітвязьня Дзядка

  • БелаПАН

Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Эўрапейскі зьвяз заклікаў улады Беларусі перагледзець прысуд палітвязьню Мікалаю Дзядку.

«Важнасьць, якую Эўразьвяз надае пытаньню палітычных зьняволеных у кантэксьце адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю, застаецца нязьменнай», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня з нагоды падаўжэньня турэмнага тэрміну Мікалаю Дзядку. Вызваліць Дзядка павінны былі 3 сакавіка.

Як адзначае ЭЗ, рашэньне беларускага суду падоўжыць тэрмін зьняволеньня Мікалаю Дзядку па абвінавачаньні ў парушэньні правілаў турэмнага распарадку, а таксама адмова задаволіць ягоную скаргу на прысуд «вартыя жалю».

«Мы заклікаем улады Беларусі перагледзець прысуд спадара Дзядка, вызваліць яго неадкладна і вызваліць усіх астатніх палітычных зьняволеных», — гаворыцца ў заяве.

26 лютага 2015 году суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў палітвязьня Мікалая Дзядка, які знаходзіцца ў турме, вінаватым у злосным парушэньні рэжыму і прысудзіў яго да года і трох дзён пазбаўленьня волі. Тэрмін зьняволеньня Дзядка заканчваўся 3 сакавіка, аднак тое, што суд прызнаў ягоную віну ў новым злачынстве, адтэрмінавала выхад на свабоду.

30 красавіка ў ходзе разгляду скаргі зьняволенага на гэтае рашэньне касацыйная калегія на пачатку пасяджэньня адхіліла хадайніцтва Дзядка, каб яго выклікалі на суд. Судзьдзі пагадзіліся зь меркаваньнем боку абвінавачаньня, што ў прысутнасьці зьняволенага няма неабходнасьці, бо ягоная пазыцыя выкладзеная ў дакумэнтах скаргі.

Дзядок быў асуджаны 27 траўня 2011 году. Суд Заводзкага раёну Менску прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму паводле ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства). Як лічаць праваабаронцы, падставай для прысуду Дзядку стаў ягоны ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту каля Міністэрства абароны супраць сумесных расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў.

XS
SM
MD
LG