Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы ходзяць у камуфляжы, бо гатовыя ваяваць за сваю дзяржаву


Байцы батальёну "Азоў"

Байцы батальёну "Азоў"

"Пуцін ня ведае, на каго нарваўся«,— перакананы магілёўскі ўкраінец, зь якім пагутарыў карэспандэнт Свабоды пасьля ягонага вяртаньня з Украіны.

Украіна мяняецца — становіцца больш украінскай. Ва ўкраінцаў вялікі запас пазытыўнай энэргетыкі. У няпросты для сваёй краіны час яны знаходзяць сілы сьмяяцца зь сябе і ваяваць за сябе. Гэткія высновы зрабіў, наведаўшы сваю гістарычную радзіму магілёўскі ўкраінец Аляксандар, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча.

Сваё меркаваньне пра падзеі ва Ўкраіне Аляксандар ужо выказваў Свабодзе. Яго развагі тычылася трываласьці замірэньня ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі ў верасьні 2014 году. Сёлета суразмоўца два разы наведваў сваю радзіму. Днямі вярнуўся з апошняй паездкі.

«Упершыню сёлета я быў там у студзені. У мяне былі ўражаньні ня дужа аптымістычныя. Я бачыў толькі часткова Ровенскую вобласьць. Цяпер жа я быў у Віньніцкай, Жытомірскай, Ровенскай, Львоўскай абласьцях. Што мяне ўразіла — гэта тое, што краіна становіцца адзінай. Адбываецца вялікая праца дзеля падтрымкі нацыянальнага духу».

Аляксандар заўважае, што ўсюды, дзе ён быў, яму ў вочы кідаліся расфарбаваныя ў колеры нацыянальнага сьцяга непрыкметныя раней рэчы. Напрыклад, калі раней камлі яблынь бялілі, то цяпер яны жоўта-блакітныя. Змрочна-шэрыя прыступкі — цяпер шмат дзе ў такіх жа колерах. Аляксандар робіць выснову, што Ўкраіна мяняецца — становіцца больш украінскай.

«Я вучыўся ў Віньніцы ў 1993 годзе. Пяцёра нас было зь сяла. Астатнія былі гарадзкія. Мы вымушаныя былі навучыцца расейскай мове, бо Віньніца была расейскамоўная. Цяпер я туды прыехаў, а там гавораць на ўкраінскай мове. Прыходжу, скажам, у краму, гавару з прадавачкай па-ўкраінску, і яна са мной таксама па-ўкраінску. У Львове гаварыў з жанчынай, якая прыехала з усходу і ня ведае ўкраінскай, дык яе ніхто там не прыніжае праз гэта».

Аляксандар пераехаў зь сям’ёй у Магілёў у 2011 годзе. Прымусілі абставіны. Пяць год ня быў на радзіме. Заўважае: і тут крызіс, і там крызіс, але ўспрыманьне крызісу беларусамі і ўкраінцамі рознае:

«Цяпер там ідзе вайна. Калі я пераяжджаў у Беларусь, за адну грыўню давалі 1100 беларускіх рублёў, а цяпер — 600 рублёў. Украінская эканоміка апусьцілася. Заробкі там ніжэйшыя за нашы ў два-тры разы. Хоць і цэны меншыя за нашы. Здавалася б, што тут крызіс, а там наагул вэрхал, але народ жыве. У яго хапае сілы і духу караскацца ўгару. Хапае сілаў нават сьмяяцца зь сябе».

«Багата людзей ходзяць у камуфляжы і ў берцах. Ходзяць не таму, што гэтак модна. Яны ўжо пасьпелі паваяваць. Яны дэмабілізаваныя, але ў такой уніформе ходзяць, не здымаюць яе. Як мне казалі — гэта сымбаль таго, што яны гатовыя зноў пайсьці на вайну...

Я бачыў людзей, якія маюць па пяць кароў, шмат сьвіней. Я не хачу нікога ў Беларусі абразіць, але тут я бачыў мала такіх гаспадароў, якія б гэтак пад сабой зямлю рвалі. Рэальна там працуюць, ня п’юць».

Аляксандар заўважае, што не ідэалізуе цяперашнюю сытуацыю ва Ўкраіне. Нямала людзей ня хочуць у войска. Шмат жанчын не гатовыя адпускаць мужоў на вайну. Тым ня менш яго ўразіла, як простыя людзі самаарганізуюцца, каб дапамагчы войску і сваякам салдат, якія на Данбасе ваююць альбо там загінулі.

«Бачыў як у Львове, — кажа ён, — зьбіраюць грошы для батальёна „Айдар“ на рэанімабіль. Самі людзі ахвяруюць сродкі. Стараюцца дапамагчы тым сем’ям, у якіх нехта ваюе».

На пытаньне, што кажуць украінцы пра сваіх суседзяў беларусаў, Аляксандар адказаў, што стаўленьне да беларусаў застаецца прыязным — як і заўжды:

«Украінцы ніколі ня ставіліся да беларусаў пагана. Кажу гэтак не таму, што тут жыву. Проста беларусы — яны такія, як ёсьць. Беларусы такія цярплівыя, што ўжо занадта для мяне як украінца. Будуць маўчаць, чакаць, казаць, што гэтак трэба. І вось гэта цярплівасьць іншым разам пераходзіць нават у маладушша».

Аляксандар перакананы, што Ўкраіна выстаіць, хоць давядзецца яшчэ нямала зазнаць гора:

«Першы раз, калі я пабываў ва Ўкраіне, то ня быў у гэтым пэўны. Калі знаходзісься тут, то складаецца ўражаньне, што ўжо ўсё — Украіна на каленях. Ва ўкраінцаў дужа вялікі запас пазытыўнай энэргетыкі. Я ўжо казаў: яны сьмяюцца зь сябе. У іх вайна, а яны сьмяюцца. Я ўбачыў, што краіна мяняецца фундамэнтальна. Людзей багата гіне і на дарозе, у ДТЗ, аднак краіна ад гэтага не мяняецца, а вось праз гэтую вайну яна зьменіцца. Пуцін проста ня ведае, на каго нарваўся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG