Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Чэрскі: беларус, якога «прысабечылі» расейцы і палякі


Макет помніка Яну Чэрскаму ў сядзібе моладзевага клюбу "Крывічы" (Іркуцк)

Макет помніка Яну Чэрскаму ў сядзібе моладзевага клюбу "Крывічы" (Іркуцк)

3 траўня спаўняецца 170 гадоў ад нараджэньня Яна Чэрскага — беларускага навукоўца, геоляга, географа, дасьледчыка прыбайкальскага рэгіёну і возера Байкал.

Пасьля 1863 году, калі на польскіх і беларускіх землях выбухнула вызвольнае паўстаньне супраць Расейскай імпэрыі, блізу 20 тысяч удзельнікаў супраціву апынуліся ў высылцы. Пры гэтым больш за 12 тысяч былі родам з тагачасных беларускіх і літоўскіх губэрняў і наступныя гады правялі ў Іркуцку і яго навакольлі. Сярод пакараных Сыбір’ю — беларусы, якія навечна пакінулі свой сьлед у гісторыі гэтага краю, адзін з самых вядомых — нараджэнец Віцебскай губэрні Ян Чэрскі.

Летась у верасьні на пасяджэньні Кансультатыўнай рады ў справах дыяспары пры Міністэрстве культуры, якое праходзіла ў рамках ІІ фэстывалю мастацтваў беларусаў сьвету, актывіст беларускага руху Алег Рудакоў з Іркуцку прапанаваў ушанаваць памяць выбітных дасьледчыкаў Сыбіры і Далёкага Ўсходу, якія паходзяць зь беларускіх земляў, на іх малых радзімах. У прыватнасьці, спадар Рудакоў выступіў з ініцыятывай пераабсталяваць дом у Віцебску, дзе жыла жонка Яна Чэрскага, у музэй:

Маўра і Ян Чэрскія, 1891

Маўра і Ян Чэрскія, 1891

«Безумоўна, я ведаў, што калі Ян Дамінікавіч памёр у экспэдыцыі, ягоная жонка Маўра вярнулася на радзіму мужа і ў 1920-30-х, да ад’езду ў Расею, жыла ў Віцебску. Але дзе менавіта — ня ведаў. І тут мне паказваюць гэты дом, які захаваўся і мае гістарычную каштоўнасьць. Адразу ж узьнікла думка: а чаму б дом не выкарыстоўваць як музэй? І калі ўжо ў Менску праходзіла пасяджэньне Кансультатыўнай рады па беларускай дыяспары, якое вёў міністар культуры Барыс Сьвятлоў, я агучыў ідэю паставіць помнік Чэрскаму ў Віцебску. Міністар сказаў, што яму ідэя спадабалася і са свайго боку ён будзе ініцыяваць зварот, як ён выказаўся, да губэрнатара Віцебскай вобласьці, каб там разгледзелі гэтае пытаньне».

Паводле задумы Алега Рудакова, у тым гістарычным доме можна было б зрабіць музэй ня толькі Чэрскага, але і тых беларусаў, якія трапілі ў Сыбір. Выхадзец зь Меншчыны Бэнэдыкт Дыбоўскі — біёляг, які адкрыў мноства відаў жывых арганізмаў, раней навуцы невядомых, першым вымераў глыбіню Байкала. Яшчэ адзін прадстаўнік Віцебшчыны, прафэсійны архэоляг Мікалай Віткоўскі, знайшоў на тэрыторыі Сыбіры пахаваньні эпохі нэаліту, абвергшы думкі пра яе незаселенасьць у каменным веку. Ня меншыя заслугі маюць батанікі Фэлікс Зянковіч і Канстанцін Жэброўскі — родам з Гарадзенскай і Віцебскай губэрняў.

Дом Маўры Чэрскай у Віцебску ў 2006 годзе

Дом Маўры Чэрскай у Віцебску ў 2006 годзе


Зрэшты, за прамінулы час відочных зрухаў у бок рэалізацыі задумы не заўважана. Ведамствы, падначаленыя Міністэрству культуры, пакуль ня маюць ніякіх інструкцыяў наконт пераабсталяваньня колішняга дому Маўры Чэрскай пад музэйную ўстанову, ня кажучы ўжо пра помнік самому навукоўцу. Тым ня меней, як удакладняе адзін з распрацоўнікаў інфармацыйна-асьветніцкага сайту Vitebsk4.me Віталь Броўка, у колішнім доме Маўры Чэрскай месьцяцца якраз установы сфэры культуры, таму пры жаданьні рэалізаваць задуму ня склала б асаблівых цяжкасьцяў:

«Разам з абласным краязнаўчым музэем мы рабілі адмысловае дасьледаваньне пра Маўру Чэрскую, а таксама пра дом, у якім яна жыла. Дзеля справядлівасьці, гэтую тэму даволі сур’ёзна ўздымаюць ня толькі энтузіясты, а ў розных дзяржаўных і калядзяржаўных інстытуцыях. Цяпер будынак якраз належыць аддзелу культуры Віцебскага гарвыканкаму, іншымі словамі, гэты дом цалкам у валоданьні Міністэрства культуры. Там разьмяшчаецца адзін з адрасоў цэнтру рамёстваў, цэнтру традыцыйнай культуры, і на гэтай тэрыторыі было б абсалютна слушна паставіць і помнік».

Дом Маўры Чэрскай пасьля рамонту ў 2013

Дом Маўры Чэрскай пасьля рамонту ў 2013


Доўгі час праўда пра беларускіх навукоўцаў, якія плённа працавалі на ніве навукі ад Прыбайкальля да Далёкага Ўсходу, не афішавалася. Расейцы сасланых «абрусілі» пад свае лякалы (Ян Дамінікавіч стаў Іванам Дзяменцьевічам), а польскія арганізацыі нашчадкаў пакараных паўстанцаў запісвалі ў палякі. Фактычна памяць пра беларускія карані носьбітаў перадавой думкі пачала станавіцца набыткам галоснасьці толькі ў сярэдзіне 1990-х, з пачаткам актыўнай дзейнасьці Іркуцкага таварыства беларускай культуры, заснаванага Алегам Рудаковым:

«Калі Чэрскага арыштавалі, яму было ўсяго 18 гадоў, ён, можа, нават не пасьпеў зрабіць ніводнага стрэлу. І як трапіў у палон да расейцаў, яго прывезьлі менавіта ў Віцебск, там трымалі пэўны час за кратамі. І ёсьць такія сьведчаньні, што на допыце ён з гонарам называў сябе „шляхцічам зь літвінаў“. Пра тое, што Чэрскі — знакаміты дасьледчык, геоляг, географ, ведаюць у Іркуцку ўсе. Але мала хто скажа, што ён беларус. І каб у самой Беларусі ўшанавалі памяць гэтага чалавека, сказалі, што ёсьць адметныя мясьціны, зь ім зьвязаныя, паставілі помнік, а ў доме, дзе жыла Маўра Чэрская, адкрылі б музэй, прысьвечаны дасьледчыкам Сыбіры, беларусам па паходжаньні, то была б карысная рэч і для саміх беларусаў, і для іркуцянаў, якія б маглі апэляваць да таго, што зроблена ў Беларусі».

Сыбірскія беларусы і цяпер не абыходзяць увагай сваіх суайчыньнікаў. Так, 8 траўня моладзевы клюб «Крывiчы» з Іркуцку сумесна з абласной юнацкай бібліятэкай ладзіць круглы стол: «170 гадоў Яну Чэрскаму: факты з біяграфіі». Актывісты раскажуць пра род і сям’ю Чэрскага, пра лёс ягонай жонкі і сына, пра сыбірскую высылку, пра яго дасьледаваньні.

Сёлета ў кастрычніку, у рамках навуковай канфэрэнцыі ў Віцебску, у музэі «Гарадзкая Ратуша» пройдзе другі круглы стол з удзелам краязнаўцаў, а яшчэ адзін круглы стол адбудзецца на гістарычнай Радзіме Яна Чэрскага ў пасёлку Валынцы Верхнядзьвінскага раёну на Віцебшчыне ў музэі Чэрскага.

Ян Дамінікавіч Чэрскі нарадзіўся ў маёнтку Свольна Дрысенскага павету Віцебскай губэрні 3 траўня 1845 году ў дваранскай сям’і. Бацька — Дамінік Іванавіч — быў дэпутатам Віцебскага дваранскага сходу, маці — Ксенія Якаўлеўна — паходзіла са старабеларускага дваранскага роду Конанаў.

У архівах удалося знайсьці зьвесткі аб родзе Чэрскіх, пачынаючы ад 18 стагодзьдзя. Вынікае, што яго продкі жылі на тэрыторыі Віцебшчыны не адно пакаленьне, прычым, займалі высокія пасады ў Полацкім і Віцебскім дваранскім сходах.

У 1855 годзе бацька Чэрскага памёр. Яна і старэйшую сястру Міхаліну выхоўвала маці. Затым хлопчыка аддалі ў Віленскую гімназію, адкуль у 1860 годзе перавялі ў Шляхецкі інстытут. Аднак скончыць установу не давялося: як і многія з тагачаснай моладзі, ён прыняў удзел у паўстаньні 1863 году і неўзабаве трапіў у рукі ўладаў.

За ўдзел у «бунце супраць гасудара-імпэратара» 18-гадовага Яна, які валодае бліскучымі здольнасьцямі і ведае 5 моваў, высылаюць у Омск штрафным рэкрутам. І ўжо там, займаючыся самаадукацыяй, ён зьвяртае на сябе ўвагу ў навуковых колах.

Пасьля звальненьня з батальёну і забароны жыць у эўрапейскай частцы Расеі (адпаведна, немагчымасьці паступіць у Казанскі ўнівэрсытэт), Чэрскі пераязджае ў Іркуцк, дзе ўжо пасяліліся ягоныя землякі: Дыбоўскі, Гадлеўскі, Гартынг, Чаканоўскі, Віткоўскі, Шчапаў, Крапоткін. Тут яны пачынаюць займацца дасьледаваньнямі Байкальскага краю пад эгідай Усходне-Сыбірскага аддзелу геаграфічнага таварыства.

Чэрскі і яго паплечнікі стаялі ля вытокаў Іркуцкага краязнаўчага музэю, шмат падарожнічалі па рэгіёне, складаючы падрабязныя справаздачы і займаючыся навуковай дзейнасьцю. Самыя вядомыя працы Чэрскага — геалягічная мапа Байкалу з апісаньнем прыбярэжных раёнаў, якая была прадстаўлена на Міжнародным кангрэсе географаў Вэнэцыі і атрымала там высокую ацэнку. Без працаў Чэрскага ў вывучэньні Байкалу і Ўсходняй Сыбіры ўжо не абыходзіўся ніводзін навуковец.

У 1883 годзе Чэрскі быў вызвалены ад вечнага паселішча. З улікам ягоных заслугаў Расейская акадэмія навук дамаглася ад ураду дазволу пасяліцца ў Пецярбургу, дзе ён стаў супрацоўнікам заалягічнага музэю. Амаль усе навуковыя таварыствы Пецярбургу і Масквы абралі Чэрскага сваім сябрам.

Але, працягваючы займацца навуковай працай, Ян Дамінікавіч рыхтаваўся зноў наведаць Сыбір. У 1891 годзе разам з жонкай, 12-гадовым сынам і асыстэнтам-памочнікам Дугласам ён выправіўся ў новае 3-гадовае падарожжа з мэтай даследаваць паўночны захад Сыбіры.

14 чэрвеня 1891-га экспэдыцыя выйшла з Іркуцку. Цягам году Чэрскі вывучаў Верхне-Калымскі край, яго жонка Маўра камплектавала батанічныя і заалягічныя экспанаты. Але цяжкая праца, умовы жыцьця і падарванае арыштам здароўе неўзабаве пра сябе нагадалі: калі праз год экспэдыцыя рушыла па рацэ Калыме, Чэрскі ў выніку цяжкай хваробы памёр проста на караблі ў вусьці аднаго з прытокаў Калымы. Здарылася гэта 25 чэрвеня 1892 году. Там жа ён і быў пахаваны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG