Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня выканана абяцаньне добраўпарадкаваць усе мэмарыяльныя пахаваньні да Дня Перамогі?


Месца пахаваньня ахвяраў канцлягеру «5-ты полк» пад Віцебскам у занядбаным стане. У гэтым канцлягеры загінулі 80 тысяч ваеннапалонных і мірных грамадзянаў. Гэта — другое па велічыні пахаваньне ахвяраў фашызму ў Беларусі.

Яшчэ ў 1964 годзе тут, дзе сканчваецца вуліца Цітова, быў усталяваны абэліск. Пасьля таго некалькі разоў уздымалася пытаньне аб належным ушанаваньні гэтага месца. Вялося ня толькі пра стварэньне мэмарыялу: грамадзкасьць гораду пратэставала супраць будаўніцтва «на касьцях» двух жылых шматпавярховых дамоў, выказваліся меркаваньні пра неабходнасьць зносу гаражоў, пабудаваных літаральна на месцы трагедыі... Усё скончылася тым, што ў нізіне, непасрэдна ў месцы пахаваньня людзей, усталявалі абэліскі-«пірамідкі» з чырвонымі зорачкамі з бляхі, і драўляныя ж крыжы — каталіцкія і праваслаўныя.


Цяпер каля 20-ці крыжоў павалена і паламана, ад «пірамідак» адваліліся зорачкі, а некаторыя абэліскі разваліліся — ці то самі, пагніўшы ад часу, ці то ад рук вандалаў. Хоць месца тут балоцістае, нязручнае для шпацыраў, але відаць, што некаторыя наведваюцца сюды часта: паўсюль валяецца сьмецьце, плястыкавыя бутэлькі і бляшанкі з-пад піва.


Аднак гэта можна ўбачыць, калі прайсьці далей ад дарогі, да памятнага знаку ў памяць пра загінулых. А з боку шашы, якая вядзе зь Віцебску ў Полацак, усё выглядае прыстойна: вялікі абеліск пафарбаваны, капліца, усталяваная тут у 2012 годзе, надзейна зачыненая на замок. І памятны знак пра тое, што ў 2010 годзе, падчас сьвяткаваньня 65-х угодкаў Перамогі тут абяцалі закласьці праваслаўны храм, таксама ў поўным парадку. Хоць абяцанага храма і няма. Як няма і прыкметаў таго, што гэтыя мясьціны знаходзяцца пад пільнай увагай службаў ЖКГ, а значыць — мясцовых уладаў.


Канцлягер «Stalag 313» (зашыфраваны назоў KL-313-SD) існаваў на тэрыторыі былога 5-га чыгуначнага палка зь верасьня 1941 году, і ад пачатку гэта быў лягер для ваеннапалонных. Пасьля таго, як ваеннаполонных зьнішчылі ў 1943 годзе, сюды пачалі прывозіць цывільнае насельніцтва зь Віцебску і бліжэйшых вёсак. У жніўні 1944 году «Stalag 313» расфарміравалі. Паводле падлікаў розных дасьледчыкаў, амаль за 4 гады ў гэтым канцлягеры загінулі 80 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG