Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пад абстрэл патрапілі назіральнікі АБСЭ


Мапа баявых дзеяньняў 3 траўня

Мапа баявых дзеяньняў 3 траўня

Падчас бою з сэпаратыстамі ў пасёлку Шырокіна пад Марыюпалем былі параненыя двое байцоў батальёну Нацыянальнай гвардыі «Данбас», пазьней адзін зь іх памёр падчас апэрацыі, паведамляецца на старонцы батальёна ў Facebook. У паведамленьні гаворыцца, што баі ў Шырокіне ідуць ужо двое сутак.

Паводле прэс-цэнтра спэцаперацыі на ўсходзе Ўкраіны, субота і мінулая ноч у зоне баявых дзеяньняў прайшлі вельмі неспакойна. Баі працягваліся, у прыватнасьці, у Данецку, яго прыгарадах і раёне аэрапорта. Сэпаратысты з 18 гадзін суботы 28 разоў парушылі рэжым спыненьня агню. У выніку абстрэлаў Мар’інкі загінуў мірны жыхар.

Сэпаратысты, са свайго боку, абвінавачваюць украінскіх вайскоўцаў у парушэньні перамір’я. Паводле іх дадзеных, за мінулыя суткі тэрыторыя самаабвешчанай ДНР 36 разоў была абстрэляная ўкраінскімі вайскоўцамі. Прадстаўнік данецкага траўматалягічнага цэнтру заявіў, што ў выніку абстрэлаў параненыя шасьцёра так званых апалчэнцаў.

Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ ва Ўкраіне паведаміла, што ў суботу назіральнікі гэтай арганізацыі тройчы патрапілі пад абстрэл, ніхто не пацярпеў. У заяве місіі адзначаецца, што найбольш сур’ёзны інцыдэнт адбыўся пасьля поўдня, калі патруль у пасёлку Шырокіна быў атакаваны стралковай зброяй.

XS
SM
MD
LG