Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны працаздольны беларус мусіць бясплатна адпрацаваць год, каб вярнуць даўгі дзяржавы


У першым квартале 2015 году ў Беларусі ўпершыню зафіксавана дэфляцыя ўнікальнага індэксу «ЧаркаШкваркі», а дзяржаўны доўг дасягнуў такіх памераў, што сярэднестатыстычнаму працаздольнаму беларусу давядзецца бясплатна працаваць ня меней за год дзеля яго пагашэньня.

Экспэрты Беларускага інстытуту рэформы і трансфармацыі публічнага адміністраваньня (BIPART) вывелі ўнікальны індэкс «ЧаркаШкваркі» (ЧШ): гэта кошт 100 грамаў гарэлкі і 100 грамаў сьвініны ў розьнічным гандлі. Зь яго дапамогай можна даведацца, ці справядлівая цяперашняя вартасьць беларускага рубля, параўнаць заробкі ў Беларусі і ў геаграфічных суседзяў і вызначыць рэальную падатковую нагрузку.

Такім чынам, індэкс «ЧаркаШкваркі» — самая цьвёрдая і зразумелая валюта на тле рубля, які пастаянна абясцэньваецца, а няхітры «джэнтльмэнскі набор» закліканы стаць нацыянальным заменьнікам знакамітага індэксу «БігМак» у прывязцы да мясцовых рэаліяў, мяркуюць аўтары ідэі.

Як кажа кіраўнік адмысловага праекту «Кошт ураду» Уладзімер Кавалкін, вынікі разьлікаў за першы квартал 2015-га аказаліся цалкам нечаканымі:

«Эканамічны крызіс у нашых бліжэйшых суседзяў прыводзіць да непрадказальных наступстваў для айчыннай „ЧаркіШкваркі“. Упершыню за апошнія 7 гадоў мы фіксуем дэфляцыю. Цікава, што гэта адбываецца на тле скарачэньня тэмпаў інфляцыі прадуктаў харчаваньня да 17,6% у сакавіку 2015-га. Так, у 1 квартале беларуская „ЧаркаШкварка“ каштавала 22 226 рублёў супраць 22 826 рублёў у чацвёртым квартале 2014-га.

Падобную карціну мы назіраем і на прыкладзе гадавых дадзеных. Пачынаючы ад 2009 году, кошт беларускай „ЧаркаШкваркі“ штогод рос і толькі ў 1 квартале 2015-га ён зьнізіўся».




На першы погляд, удакладняе Ўладзімер Кавалкін, ва ўмовах дэвальвацыі беларускага рубля і паскарэньня інфляцыі харчовых тавараў «ЧаркаШкварка» таксама павінна даражэць. Але чаму гэтага не адбылося? На думку экспэрта, прычыны досыць простыя:

«Па-першае, у вытворчасьці нашых родных чаркі і скваркі доля імпарту мінімальная, а гэта значыць, што яна менш залежная ад ваганьняў курсу рубля на валютным рынку і фактару „імпартаванай“ інфляцыі. Больш за тое, пры падзеньні курсу нацыянальнай валюты айчынная „ЧаркаСкварка“ таксама таньнее. Напрыклад, дзякуючы сьнежаньскай дэвальвацыі, беларуская „ЧаркаШкварка“ патаньнела амаль на 30% у валютным вымярэньні.



Па-другое, кошт беларускай „ЧаркаШкваркі“ у 2014 годзе быў самым высокім сярод нашых суседзяў і складаў 1,67 эўра, але, дзякуючы дэвальвацыі, кошт „ЧаркаШкваркі“ ў Беларусі і, да прыкладу, у Расеі, паступова зраўняўся.



Разам з тым, далейшага патаньненьня „ЧаркаШкваркі“ ў Беларусі чакаць ня варта: умацаваньне курсу расейскага рубля разам з ростам інфляцыі ў Расеі прывядзе да падаражэння расейскай „ЧаркаШкваркі“, што на працягу некалькіх месяцаў непазьбежна павінна адбіцца і на кошце беларускай „ЧШ“. На тле краін-суседзяў цікава глядзіцца ўкраінская „ЧаркаШкварка“. Відавочна, што грыўня недаацэненая амаль у два разы, і гэты дысбалянс можа выліцца ў рост экспарту ўкраінскіх прадуктаў харчаваньня і паскарэньне інфляцыі ўнутры Ўкраіны».

Аналітык адзначае, што, нягледзячы на падзенне беларускіх заробкаў у даляравым эквіваленце, заробак у «ЧШ» у меншай ступені падвержаны курсавым ваганьням. Напрыклад, самы нізкі паказьнік заробку пасьля крызісу ў студзені гэтага году амаль не адрозьніваецца ад перадкрызіснага лістападаўскага, а самы высокі сакавіцкі нязначна ніжэйшы за леташні красавіцкі. Тым ня менш, «ЧаркаШкварачны» заробак па-ранейшаму застаецца адным з самых невысокіх у параўнаньні з суседзямі. Дык ці варта беларусам чакаць павелічэньня прыбыткаў. Прагноз ад Уладзімера Кавалкіна:

«З эканамічнага пункту гледжаньня рост заробку павінен адпавядаць росту прадукцыйнасьці працы, а штучны і палітычна матываваны рост уносіць дысбалянс у эканоміку і прыводзіць да неабходнасьці праводзіць чарговую дэвальвацыю. Да прыкладу, дзякуючы дэвальвацыі сьнежня 2014 году, быў знойдзены балянс паміж экспартам і імпартам, узроўнем заробкаў і курсам нацыянальнай валюты. У тым выпадку, калі кіраўніцтва краіны працягне жорсткую фіскальную, бюджэтную і крэдытную палітыкі, чакаць росту заробкаў ня варта».



Паводле дадзеных на студзень 2015 году, агульны дзяржаўны доўг, у адпаведнасьці са спэцыяльным стандартам распаўсюджваньня дадзеных МВФ, складае 14 мільярдаў 800 мільёнаў «ЧаркаШкварак». То бок, на кожнага працаздольнага беларуса прыходзіца 3 289 «ЧаркаШкварак» доўгу.

Як лічыць Уладзімер Кавалкін, зьмяншэньне дзяржаўнага доўгу ў «ЧаркаШкварках» у 2011 годзе зьвязана не зь яго фактычным скарачэньнем, а са скажэньнямі ў афіцыйнай статыстыцы, выкліканымі нежаданьнем кіраўніцтва краіны прызнаваць факт прамінулай дэвальвацыі:

«На першы погляд, можа здацца, што гэта доўг ураду, і менавіта ён будзе абавязаны яго вяртаць. Але праўда заключаецца ў тым, што асноўная крыніца прыбыткаў ураду — гэта падаткі грамадзянаў, а значыць, ім і прыйдзецца плаціць па даўгах дзяржавы».

Згодна з разьлікамі Ўладзімера Кавалкіна, у сярэднім кожнаму працаздольнаму грамадзяніну Беларусі трэба бясплатна адпрацаваць амаль што год, каб вярнуць даўгі дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG