Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Эўропа зайздросьціць беларускім аграрыям

  • БелаПАН

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду вырашыць праблемы ўласнасьці для фэрмэраў. Разам з тым, упэўнены ён, для ўстанаўленьня прыватнай уласнасьці на зямлю час яшчэ не надышоў.

Кіраўнік дзяржавы сустрэўся зь фэрмэрамі ў аграгарадку «Александрыя» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Дыялёг з фэрмэрамі Лукашэнка назваў вельмі важным, паколькі неўзабаве, паводле яго, трэба будзе правесьці сур’ёзную нараду на тэму пэрспэктываў разьвіцьця і рэфармаваньня сельскай гаспадаркі.

Лукашэнка нагадаў, з чаго пачыналася разьвіцьцё аграрнага сэктару: недахоп сродкаў, недахоп сельгаспрадукцыі. А сёньня, заўважыў ён, існуе харчовая бясьпека краіны, Беларусь імкнецца выйсьці на экспарт сельгаспрадукцыі ў 7 млрд даляраў.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўзгадаў, як у свой час яму прапаноўвалі раздаць зямлю ў прыватную ўласнасьць. «Вы ведаеце маё рашэньне — я быў катэгарычна супраць. І, пабываўшы сёньня ў пасьпяховых фэрмэраў Шклоўскага раёну, у людзей, зь якімі я працаваў, якіх я добра ведаю, пераканаўся, што тады мы абсалютна слушна зрабілі», — сказаў ён.

Калі б тады раздалі зямлю, наступствы былі б бядотнымі, мяркуе Лукашэнка. Паводле яго, шмат нэгатыўных момантаў такой прыватызацыі сёньня можна ўбачыць у суседняй Расеі і нават Эўропе.

Важным крокам у разьвіцьці вёскі, на думку кіраўніка дзяржавы, стала стварэньне сельскагаспадарчай тэхнікі. У разьвіцьцё вёскі было ўкладзена за апошнія дзесяць гадоў больш як 45 мільярдаў даляраў, — заявіў Лукашэнка.

Сёньня, сьцьвярджае ён, нават эўрапейцы зайздросьцяць беларускім аграрыям, паколькі ў Эўропе далёка ня ўсе фэрмэры могуць дазволіць сабе працаваць на такіх вялікіх плошчах зямлі, бо зямля прыватная і канкурэнцыя вельмі жорсткая — кожны прыватнік змагаецца за сваю зямлю, стараючыся ўзяць са свайго кавалка максімум выгады.

«Напэўна, тады мы прынялі правільнае рашэньне, і я не думаю, што ад яго трэба адмаўляцца. Тады ж мною было прынята рашэньне не перашкаджаць разьвіцьцю фэрмэрскага руху. І калі яшчэ некалькі гадоў таму былі абмежаваньні на карыстаньне зямлёй, то сёньня яны зьнятыя », — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Падчас сустрэчы фэрмэры ў ліку асноўных праблемных пытаньняў, якія стрымліваюць разьвіцьцё фэрмэрства, назвалі цяжкасьці з выкупам маёмасьці, якую яны арандуюць. Паводле фэрмэраў, калі б будынкі перайшлі да іх ва ўласнасьць, то і стаўленьне да іх было б іншым — яны былі б гатовыя інвэставаць у іх рамонт і мадэрнізацыю значныя сродкі. Лукашэнка даручыў ураду вырашыць праблему ўласнасьці для фэрмэраў.

Што да пытаньня прыватнай уласнасьці на зямлю, то, на думку Лукашэнкі, устанаўліваць яе ў Беларусі яшчэ дачасна. Паводле яго, тут пытаньне перш за ўсё ў псыхалёгіі. «Давайце ня будзем тут сьпяшацца. Надыдзе час, і гэтае пытаньне будзе вырашана. Галоўнае, каб зараз людзі не баяліся прыйсьці на арандаваную зямлю, былі ўпэўненыя, што ў іх яе ніхто не забярэ. Калі ў нас заканадаўства ў гэтым пляне не хапае, мы яго дапоўнім. Галоўнае — непахіснасьць права прыватнай уласнасьці», — падкрэсьліў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў спрасьціць сыстэму бухгальтарскага ўліку для фэрмэраў. «Бухгальтарскі ўлік перш за ўсё павінен быць нацэлены на кантроль за выплатай падаткаў... Па бухгальтарскім уліку да канца гэтага года трэба выпрацаваць аптымальную сістэму», — заявіў Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG