Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароль называў Радзівіла Чынгісханам


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Чынгісханам называў Радзівіла Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль Рэчы Паспалітай. Такое ўражаньне ствараў аб сабе сам Пане Каханку, зьяўляючыся ў сэйме ў Варшаве.

Каралю ён здаваўся прадстаўніком чужой культуры, «варварскага сьвету». Адзінай магчымасьцю ўратаваць краіну ад такіх «варвараў-патрыётаў» было мадэрнізаваць яе, зрабіць дастаткова сучаснай побач з суседзямі, выцягнуць з дрыгвы забабонаў аб польскай выключнасьці. Але такія як Радзівіл вялі рэй, хапаліся ў сэйме за шаблі, пахваляліся сваімі шляхецкімі кунтушамі і шараварамі, сваімі вусамі і чупрынай побач з каралём, які заўсёды аддаваў перавагу эўрапейскай вопратцы і паводзінам.

Я адкрыў для сябе цэлы сьвет, прачытаўшы кнігу «Станіслаў Аўгуст» (чатырыста старонак) пяра Станіслава Цат-Мацкевіча, пісьменьніка і эмігранцкага палітыка, віленчука, які любіў абвяргаць стэрэатыпы палякаў адносна саміх сабе. Кніга напісаная з болем, на мове фактаў. Аўтар перачытаў гару мэмуараў і дакумэнтаў ХVІІІ стагодзьдзя, узважыў, прааналізаваў. Выснова: магнаты і шляхта самі ўсё зрабілі, каб наблізіць канец Рэчы Паспалітай. А караля прызначылі потым адказным «за віну ўсяго народу», зазначае пісьменьнік. Вельмі пастараліся ў свой час паэты-рамантыкі, каб узвысіць тых, хто змагаўся супраць кіраўніка дзяржавы, усяляк перашкаджалі яму праводзіць рэформы, хто падбаў (няхай несьвядома), каб Рэч Паспалітая заставалася адсталай краінай.

Так званая Барская канфэдэрацыя, дагэтуль гераізаваная, сваімі дзеяньнямі давяла да першага падзелу краіны, піша аўтар. Канфэдэраты былі адначасова супраць караля і супраць Расеі. Яскравы факт: падпісала падзел першай Аўстрыя, на падтрымку якой самі канфэдэраты абапіраліся. Расея – апошняй.

Цат-Мацкевіч робіць выснову: грамадзтва Рэчы Паспалітай працягвала падсьвядома жыць у мінулым, ХVІІ-м стагодзьдзі, у часе слаўных перамогаў над туркамі. Шляхецкая «залатая вольніца» здавалася найвышэйшай каштоўнасьцю, якой ня мелі суседзі. Наяўнасьць парлямэнту нічога не давала. Калі толькі ўдавалася зь цяжкасьцямі склікаць сэйм, як абавязкова ўставаў зь месца шляхціц (сам, ад імя сваёй партыі, ці мог быць падкуплены прусакамі ці іншымі суседзямі), які абвяшчаў «лібэрум вэта», што ён супраць пасяджэньня, зрываючы яго.

Напрыклад, пры папярэднім каралі Аўгусьце ІІІ, часы якога шляхта ўспамінала з замілаваньнем, з трынаццаці сэймаў былі сарваныя ўсе. Такі парлямэнт быў пародыяй на дэмакратыю, ён ня мог прымаць ніякіх рашэньняў. Кароль увесь час рабіў спробы скасаваць права лібэрум вэта. Аднак гэта выклікала варожую рэакцыю Бэрліна, Вены і асабліва Санкт-Пецярбурга, якія былі неацэннымі хаўрусьнікамі антыкаралеўскай кааліцыі ўнутры Рэчы Паспалітай. Аўстрыя, Прусія і Расея нават падпісалі паміж сабой пагадненьне, каб не дазволіць адмены лібэрум вэта.

Крэсла Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў каралеўскім замку ў Варшаве
Крэсла Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў каралеўскім замку ў Варшаве

У пазьнейшыя часы на караля навешалі ўсіх магчымых сабак, абвінаваціўшы ў здрадніцкіх паводзінах, што абапіраўся на расейскую падтрымку. Аднак калі Рэч Паспалітая яшчэ існавала, непрыхільнікі караля, закідаючы яму залежнасьць ад Кацярыны ІІ, самі навыперадкі ў самыя складаныя моманты сьпяшаліся ў хаўрусьнікі да яе, каб апярэдзіць у чымсьці Панятоўскага, перашкодзіць яму і з задавальненьнем бралі расейскія грошы. Такая праўда. Цат-Мацкевіч не выглядае прадузятым. Ягоная суб’ектыўнасьць – гэта спроба аб’ектыўна ацаніць дзеяньні ўсіх бакоў тагачаснай палітычнай сцэны: якія яны мелі вынікі?

Станіслаў Аўгуст імкнуўся быць сучасным манархам, дбаў пра будаўніцтва гарадоў, мануфактуры, пракладку дарог, ня кажучы аб асьвеце, разьвіцьці мастацтваў і навукі, аб тэатры, кнігадруку. Аднак яго ўлада была абмежаванай. На тэрыторыі краіны амаль пастаянна знаходзіліся чужыя войскі, паслы Санкт-Пецярбурга дыктавалі манарху сваю волю, шантажавалі яго. Яму забаранялі стварыць сваю баяздольную армію.

Але нават у безнадзейных сытуацыях ён працягваў гнуць сваю лінію, каб ператварыць краіну ў канстытуцыйную манархію, дзе будзе працаваць сэйм і мясцовая ўлада. У 1791 годзе была прынятая Канстытуцыя 3 траўня, прадмет гонару палякаў. Але беларусам ня варта сёньня цешыцца зь яе нагоды. Канстытуцыяй абвяшчаўся ў Рэчы Паспалітай адзіны народ, польскі (уласна кажучы тады народам лічылася шляхта). А што дала на сёньняшні дзень беларусам магчымасьць называцца некалі ліцьвінамі, літвінскім народам, разам са жмудзінамі – агульнавядома.

Кароль сам прыняў удзел у падрыхтоўцы канстытуцыі. Але яна ў выніку стала адным з чыньнікаў катастрофы, канчатковых падзелаў земляў Рэчы Паспалітай паміж трыма суседзямі, якія не жадалі дазволіць яе мадэрнізацыі.

У падворку каралеўскага замку ў Варшаве. Ён быў зьнішчаны ў апошнюю вайну. Аднаўляць пачалі ў часы Герэка, у 1970-я гады
У падворку каралеўскага замку ў Варшаве. Ён быў зьнішчаны ў апошнюю вайну. Аднаўляць пачалі ў часы Герэка, у 1970-я гады

Магнацкая апазыцыя любіла лямантаваць аб дэспатызьме, тыраніі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які амаль ня меў рэальнай улады, і кідалася па дапамогу да Кацярыны ІІ, якая кіравала імпэрыяй, дзе жыцьцё чалавека нічога не каштавала. Паслы царыцы ў Варшаве ня раз зазначалі, што кароль імкнецца іх ашукаць, каб праводзіць так ці інакш самастойную ўнутраную палітыку. У немалой ступені гэта яму сапраўды ўдавалася, Рэч Паспалітая ў часы яго кіраваньня была ўвесь час пад пагрозаю, але праіснавала больш за трыццаць гадоў.

Паўстаньне Касьцюшкі паставіла апошнюю рысу пад існаваньнем краіны. Перамагчы яно ніяк не магло, піша Цат-Мацкевіч, тым больш ваяваў Касьцюшка на два франты: супраць расейцаў і прусакоў. Такога ніколі не дазвалялі сабе нават Ягайла і Вітаўт… Напачатку 1795 году Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пад расейскай вартай выехаў у высылку ў Горадню. Значэньне яго асобы зьнянацку ацанілі: праводзіць манарха кінуліся тысячы, нават дзясяткі тысяч людзей, зазначае Цат-Мацкевіч. Варшавяне беглі за карэтай і плакалі. Упершыню кароль убачыў сьлёзы любові да сябе на вачах тысяч людзей. Але было запозна: яны разьвітваліся з апошнім каралём Рэчы Паспалітай і зь яе незалежнасьцю.

Новы замак у Горадні – месца апошняга прытулку Станіслава Аўгуста Панятоўскага да ад’езду ў Санкт-Пецярбург
Новы замак у Горадні – месца апошняга прытулку Станіслава Аўгуста Панятоўскага да ад’езду ў Санкт-Пецярбург

Для мяне, як чалавека з гораду, дзе была скасаваная Рэч Паспалітая, асоба караля заўсёды бачылася інакш, чым палякам у Варшаве. Яго плюсы пераважалі мінусы: апошнім каралём ён стаў не таму, што быў нявартай асобай, а таму, што яго краіна аказалася «слабым зьвяном». Файна, што ёсьць людзі, якія могуць разважаць цьвяроза. Цат-Мацкевіч. Альбо Анатоль Федарук, які днямі ў Новым замку чытаў лекцыю аб палацавай архітэктуры Гарадзеншчыны і адзначыў ролю караля. Пры ім наступаў «пераходны час барочнага клясыцызму, які складаўся пад уплывам караля, і ў гэтым стылі праявіўся адзін з аспэктаў ягонага густу — ніякіх лішкаў, умеркаванасьць у архітэктуры», сказаў Федарук. Гэта быў кароль-будаўнік.

Сучасныя паралелі? Так, яны могуць быць. Расея нікуды ня дзелася, яна на сваім ранейшым месцы. Яе сутнасьць, імпэрскія жадункі, як бачым, таксама не зьмяніліся. Украіна не змагла своечасова мадэрнізавацца, раззброілася і стала ахвярай. У Беларусі кіраўніцтва жалезнай рукі, падзел уладаў фармальны, палітычнае жыцьцё адсутнічае, краіна знаходзіцца ў хаўрусе з Расеяй, на яе ўтрыманьні. Кацярына ІІ далучала беларускія землі таму, што там жылі «рускія людзі». Пуцін яе палітычны праўнук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG